У аповесці “Ціхая плынь”, ранейшыя варыянты якой друкаваліся пад назвамі “За што?” і “Ціхія песні”, з храналагічнай паслядоўнасцю прасочваецца шлях сялянскага хлопца Хомкі ад нараджэння да гібелі на імперыялістычнай вайне. Праз жыццё галоўнага героя выяўлена праблема выжывання цэлага народа.
Аповесць прасякнута антываенным пафасам і глыбокім спачуваннем да людзей працы. Аўтар з пранізлівым, шчымлівым болем піша пра дарэвалюцыйную беларускую вёску, дзе панавала галеча, вечная знясільваючая праца, а радасці, калі яны і выпадалі на долю мужыка, пераважна ў дзяцінстве, былі скупымі і неслі ў сабе скрыты сум. У творы М. Гарэцкага ўзнята адна з самых актуальных агульначалавечых праблем – праблема існавання чалавека на зямлі. Нацыянальнае ўспрыманне агульначалавечай праблемы адлюстравана праз веру ў прадвызначальнасць лёсу, немагчымасць што-небудзь змяніць у ім.
У аповесці выразна і цэласна выявіліся асаблівасці пісьменніцкага таленту Гарэцкага. Непаспешлівая, някідкая, знешне зусім сціплая, пазбаўленая ўсякай эфектацыі, але затое даволі грунтоўная ў сваёй дзелавітасці, сагрэтая стрыманым лірызмам, апавядальная манера пісьменніка падкупляе даверлівай інтанацыяй сардэчнай гутаркі, плаўнай павольнасцю, своеасаблівай мернасцю моўнага складу і дакладнай узважанасцю кожнага слова.
У 1926 годзе ў “Маладняку” у № 5 была змешчана рэцэнзія А. Ляснога на аповесць “Ціхая плынь”. З рэцэнзіі: “Паасобныя малюнкі ў апавяданні прасякнуты моцным і шчырым пачуццём аўтара, якое надае твору мастацкую суцэльнасць, а іхняя каларытнасць можа захапіць чытача і зрабіць на яго вялікае ўражанне. Стыль кніжкі арыгінальны, добры і лёгкі, а мова багатая і такая блізкая да народнай беларускай мовы, як бадай ні ў аднаго з нашых пісьменнікаў”.
179 просмотров всего, 5 просмотров сегодня
















































Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.