Свята сонца і зямлі

       Купалле – гэта старажытнае свята, прымеркаванае да летняга сонцастаяння. Гэта свята раслін, вады і сонца. Менавіта на Купалле расквітае папараць-кветка. Той, хто знойдзе яе, будзе разумець мову звяроў, птушак і раслін, і ўсе скарбы зямлі адкрыюцца яму.

Пастаўская дзіцячая бібліятэка імя У. Дубоўкі ў рамках цыкла “Святкуем па-беларуску” правяла майстар-клас “Свята сонца і зямлі”, прысвечаны Купаллю.

На мерапрыемства сабраліся лепшыя чытачы бібліятэкі. Спачатку бібліятэкар расказала дзецям пра гісторыю, традыцыі і абрады гэтага дня, а таксама правяла тэматычную віктарыну. Удзельнікі з азартам адказвалі на пытанні, дэманструючы свае веды пра купальскія таямніцы. Адна з галоўных адметнасцей свята — пляценне вянкоў і пусканне іх па вадзе: у які бок паплыве вянок, адтуль і жаніх прыйдзе. Таму менавіта вянок стаў галоўным атрыбутам сустрэчы.

 

Загадчыца і галоўны майстар Дома рамёстваў “Стары млын” Таццяна Петух навучала дзяцей гэтаму на першы погляд простаму, але са сваімі тонкасцямі майстэрству. Спачатку дзецям было цяжкавата спраўляцца з галінкамі рамонак і васількоў, але праз нейкі час усе прыстасаваліся і асвоілі тэхніку пляцення.

У выніку ўдзельнікі свята пайшлі дадому з прыгожымі вянкамі, якія па звычаі трэба захоўваць як абярэг да наступнага года. Мерапрыемства атрымалася пазнавальным і вясёлым, а галоўнае — дзеці далучыліся да народных традыцый і адчулі сябе сапраўднымі спадчыннікамі беларускай культуры.

 

Если вы нашли ошиб­ку, пожа­луй­ста, выде­ли­те фраг­мент тек­ста и нажми­те Ctrl+Enter.

198 про­смот­ров все­го, 3 про­смот­ров сего­дня

Метки: . Закладка Постоянная ссылка.

Комментарии запрещены.