У сярэдзіне сакавіка Гуцкая сельская бібліятэка запрасіла жыхароў вёскі на вечар паэзіі “Паэтычныя радкі душы”.
Падчас мерапрыемства адбылося знаёмства з творчасцю мясцовай паэткі Людмілы Малевіч — актыўнай удзельніцай клуба паэзіі “Брыганціна”, які працуе пры Варапаеўскай гарпасялковай бібліятэцы і ўдзельніцай аматарскага літаратурнага аб’яднання “Світанак” Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна.
Дакументальны матэрыял “Карнікі літасці не мелі” Людмілы Малевіч у 2004 годзе заняў 3‑е месца ў раённым конкурсе “Не забыць ніколі”. У мінулым годзе Людміла Малевіч стала фіналісткай 8‑га літаратурнага форуму “Цэнтр Еўропы”, у якім удзельнічала 107 аўтараў з Беларусі, Расіі, Балгарыі, Казахстана і іншых краін.
На працягу вечара Людміла Малевіч чытала свае вершы, прысвечаныя малой радзіме, сваім родным і блізкім людзям. Адметнае месца ў творчасці паэткі займаюць жартоўныя вершы. Удзельнікі мерапрыемства пачулі верш “Паэтычны вечар жонкі”, а верш “Заморскі госць”, у якім вялася гаворка пра фэн –шуй, выклікаў жаданне здзейсніць рэвізію рэчаў у сябе дома. Былі прачытаны таксама і байкі (з цыкла “Бацькавы байкі”). Цікава, з гумарам, аўтар паведала аб прыгодах з шэрай машынай і аб прыгодах з пошукамі ката.
Вечар паэзіі стаў адметным таму, што Людміла Малевіч прапанавала паслухаць і вершы некаторых таленавітых аднавяскоўцаў. Так прысутныя пазнаёміліся з паэтычнымі радкамі Ганны Пятроўны Павалковіч, Галіны Іванаўны Язёнак, Мікалая Уладзіміравіча Арэха.
У вершах Ганны Пятроўны Павалковіч адчувалася філасофская глыбіня, усе радкі яе паэзіі пранікнуты вялікім жыццёвым вопытам. Вершы гучалі сумныя і вясёлыя, на рускай і беларускай мовах. Удзельнікаў вечарыны кранулі словы пра тое, што “родителей не выбирают”, а таксама верш “Что наша жизнь”.
Галіна Іванаўна Язёнак чытала вершы аб родных, прыродзе, жывёлах. Сярод іх можна вылучыць такія, як “Папе”, “Моя жизнь”, “Весна”, “Подкидыш”.
Мікалай Уладзіміравіч Арэх прачытаў свае вершы, прысвечаныя ваколіцам роднай вёскі Гута, некаторыя з іх мелі жартоўны характар.
Час праляцеў вельмі хутка. Сустрэча — заўсёды свята. А калі свята падабаецца ўсім – гэта ўжо дасягненне. З мерапрыемства ўсе вярталіся душэўна ўзрушаныя і з думкай пра тое, што трэба ганарыцца сваімі таленавітымі аднавяскоўцамі. Напрыканцы старшыня вёскі Кузьміч Кацярына Генадзьеўна падзялілася сваімі прыемнымі ўражаннямі, і ад імя прысутных выказала падзяку выступаючым і пажадала ім творчых поспехаў.
3,837 просмотров всего, 3 просмотров сегодня


















































Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.