Дакрануліся да гераічнага мінулага


     Сярод дажджлівых лі­пень­скіх дзён нам неяк удалося вызначыць сонечны, у які мы, работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі, і адправіліся ў вандроўку. Гэты дзень надоўга застанецца ў нашай памяці.

…Шэрай стужкай бяжыць дарога, рухава зварочвае за Мядзелам улева, імчыць праз пералескі і зялёныя палеткі, дзеліць напалам вёску Ілья, прымушае пасажыраў скінуць лёгкую раннюю дрымоту і палюбавацца багатымі воднымі запасамі Вілейскага вадасховішча. І ўжо не хочацца сцішвацца, паглыбіўшыся ў свае думкі. Летні дзень бярэцца ў сілу, а лагоднае ліпеньскае сонейка прыгравае ўсё мацней… 

     Першае месца прыпынку — Курган Славы. Ён паўстаў велічным і ўрачыстым. Курган Славы ўзвышаецца над зямлёй на 70,6 метра. Сам узгорак вышынёй 35 метраў. Ад падножжа ўвысь вядуць дзве бетонныя лесвіцы. Паволі падымаемся ўгару па прыступачках. Іх 241. Прайсці гэты шлях — значыць ушанаваць памяць усяго савецкага народа.

На ўзгорку размяшчаецца скульптурная кампазіцыя — 4 штыкі, абліцаваныя тытанам. Кожны штык — гэта, адпаведна, 1‑ы, 2‑і, 3‑і Беларускія і 1‑ы Прыбалтыйскі франты. Штыкі акружае кола, на якім барэльефная выява савецкіх салдат, партызан. На ўнутраным баку кола надпіс: «Арміі Савецкай, Арміі-вызваліцельніцы — слава!». Акрамя таго, падножжа абеліска ўпрыгожваюць выявы ордэнаў Айчыннай вайны і Славы.

        Далейшы наш шлях ляжаў у музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, што ў Мінску. Гэта адзін з самых значных і вялікіх музеяў планеты — нароўні з найбагацейшымі зборамі ў Маскве, Кіеве, Новым Арлеане, якія расказваюць пра падзеі Другой сусветнай вайны.

Яго калекцыя была заснавана яшчэ ў чэрвені 1942 года, калі ніхто не мог сказаць, колькі часу прадоўжыцца гэта крывавая трагедыя… Будучыя экспанаты непасрэдна з фронту адпраўлялі ў спецыяльна створаную рэспубліканскую Камісію па зборы дакументаў і матэрыялаў Айчыннай вайны, якая знаходзілася ў эвакуацыі ў Маскве. У ліку першых каштоўнасцей былі хронікі партызанскага руху, друкаваныя і рукапісныя выданні, самаробная зброя…

Зараз у музеі на плошчы больш за 3 тысячы квадратных метраў можна ўбачыць больш за 8 тысяч экспанатаў, што расказваюць пра Вялікую Айчынную вайну. Усяго ў фондах захоўваецца амаль 145 тысяч рарытэтаў, сабраных у час баявых дзеянняў на тэрыторыі Усходняй Еўропы і Германіі, а таксама перададзеных пасольствамі розных краін ужо ў мірны час. Ваенныя рарытэты складаюць 28 калекцый і экспануюцца ў 10 тэматычных залах.

У афармленні экспазіцый выкарыстаны мультымедыйныя тэхналогіі: шаравы экран, галаграфічныя 3D-інсталяцыі, туманны экран, які стварае эфект полымя. У залах працуюць інфакіёскі, дзе можна «пагартаць» ваенныя дакументы, у тым ліку перапіску маршалаў, нямецкія загады, рукапісныя выданні і пісьмы франтавікоў, убачыць спісы спаленых вёсак, вязняў лагераў… На шырокіх плазменных экранах дэманструюцца ўнікальныя кадры з кінахронікі, а таксама больш за 40 тысяч фатаграфій таго часу. Наведвальнікі могуць стаць удзельнікамі ваенна-гістарычных рэканструкцый: «Танкавы таран», «Пераправа на плоце артылерыйскага разліку цераз раку Днепр», «Паветраны бой».

Над музеем развяваецца беларускі флаг, а знутры яго празрысты купал упрыгожвае вітраж з малюнкам бусла — сімвала Беларусі. Адсюль адкрываецца цудоўная панарама горада і маляўнічы від на раку Свіслач і парк Перамогі.

Падарожжа закончылася на сыходзе дня. Залацістае сонейка кранала апошнімі промнямі верхавіны дрэў у парку мікрараёна вуліцы Юбілейнай, калі мы пакінулі салон мікрааўтобуса і падзякавалі вадзіцелю Андрэю за яго працу, а дырэктару Людміле Гаўрылаўне Касцень — за ідэю і арганізацыю цудоўнай вандроўкі ў гераічнае мінулае нашай Беларусі.

 бібліятэкар

цэнтральнай раённай бібліятэкі.

ист. http://www.postawy.by/2017/08/dakranulisya-da-geraichnaga-minulaga/

Метки: . Закладка Постоянная ссылка.

Добавить комментарий