У 2024 годзе 60 год спаўняецца раману Івана Шамякіна “Сэрца на далоні”.
У рамане пастаўлены самыя надзённыя праблемы народнага жыцця, якія хвалявалі ў пачатку 60‑х гадоў усё савецкае грамадства: сувязь праўды мінулага і праўды сучаснасці, адносіны паміж пакаленнямі, выхаванне моладзі, неабходнасць станаўлення чалавека як асобы.
Нарадзіла твор знаёмства з гісторыяй мінскага падполля. Адным з кіраўнікоў падполля быў Іван Кавалёў, у магчымасць здрады якого паверылі кіраўнікі падпольнага абкама партыі. Іх абвінавачванні грунтаваліся на тым, што самі яны не здолелі наладзіць сувязь з Мінскам, а пасля вайны ніяк не хацелі прызнаваць сваю памылку. Як зазначыў пісьменнік, гэта гісторыя чалавечага падзення “ашаламіла мяне і… нарадзіла Гукана – вобраз, якога, бадай, няма не толькі ў беларускай, але і ва ўсёй савецкай літаратуры пра вайну”.
Крытык і літаратуразнаўца В. Каваленка пісаў пра раман: “І. Шамякін у гэтым творы паказаў знутры праўдзівае аблічча ўсяго грамадства ў пэўны перыяд яго развіцця – аблічча не ідэалізаванае, менавіта такое, якое ён разгледзіў і асэнсаваў. Героі рамана імкнуцца да праўды, схіляюцца да новых прынцыпаў узаемаадносін паміж людзьмі, хоць у сваіх перадавых імкненнях яны часта яшчэ непаслядоўныя. Але ў гэтым была праўда жыцця, якую ўмее распазнаць, цаніць і эстэтычна ўзважваць І. Шамякін”.
Назва рамана алегарычная. Гэта сэрцы ўсіх людзей на далоні часу-хірурга. Мэта аперацыі – зберагчы лепшыя якасці чалавечай душы: прыгажосць, актыўнасць духу, мужнасць.
Твор быў вельмі прыхільна сустрэты чытачом і карыстаўся яго асаблівай любоўю. У 1967 годзе пісьменніку за раман “Сэрца на далоні” і пенталогію “Трывожнае шчасце” была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа.

1,412 просмотров всего, 1 просмотров сегодня

















































Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.