У 2024 годзе адзначаецца 90 год з часу публікацыі аповесці Якуба Коласа “Дрыгва”.
Аповесць “Дрыгва” – адзін з самых значных твораў беларускай літаратуры 30‑х гадоў мінулага стагоддзя.
У ёй адлюстравана гераічная барацьба беларускага народа супраць замежнай ваеннай інтэрвенцыі 1919–1920 гадоў. Тэма аповесці – партызанскі рух у Беларусі, больш дакладна на Палессі, у перыяд грамадзянскай вайны. Якуб Колас паказвае Палессе ў абстаноўцы вострай класавай барацьбы, раскрываючы сэнс гэтага гістарычнага моманту для перамогі новага, савецкага грамадства.
Аповесць “Дрыгва” пабудавана на фактычным матэрыяле. У 1932 годзе з мэтай вывучэння паўднёвых раёнаў Палесся была праведзена экспедыцыя. Начальнік экспедыцыі пазнаёміўся з камандзірам партызанскага атрада дзедам Талашом і запісаў яго ўспаміны. Гэтыя ўспаміны і паслужылі, паводле ўспамінаў Я. Коласа, сюжэтнай канвой аповесці. Але, ствараючы твор, пісьменнік ні ў якім разе не імкнуўся да таго, каб даць просты пераказ аб тых падзеях. Застаючыся верным жыццёвым фактам і рэальным асобам, Колас выкарыстаў у мэтах шырокіх сацыяльных абагульненняў сваё права на творчую фантазію, на сілу мастацкага сінтэзу. Паказваючы сваіх герояў, пісьменнік не абмяжоўваецца толькі падабенствам з рэальнымі правобразамі. Ён выстаўляе на першы план асноўнае, важнае, характэрнае і адкідвае неістотнае, выпадковае, усё тое, што перашкаджае тыпізацыі персанажа і жыццёвым акалічнасцям.
Характэрная рыса аповесці – яе эпічны характар, які вызначаны значнасцю ідэі, шырынёй ахопу жыцця, а галоўнае – наяўнасцю эпічнага героя. Навізна твора Коласа ў тым, што асабісты лёс чалавека натуральна ўключаны ў паток гістарычных падзей. Сваеасаблівасць “Дрыгвы” заключаецца ў гераізацыі вобраза народа і народнай асобы, паэтызацыі патрыятычнага подзвігу.
Аповесць “Дрыгва” атрымала шырокае прызнанне, перекладзена на многія мовы народаў былога Савецкага Саюза. У гады Вялікай Айчыннай вайны на ёй вучыліся, як трэба любіць і абараняць сваю Радзіму.
387 просмотров всего, 2 просмотров сегодня
Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.