Завіруе жыццё анлайн. Пандэмія каранавіруса прымусіла прадпрыемствы, установы, кампаніі ў многіх краінах свету змяніць сістэму сваёй работы. І Беларусь не выключэнне. Змены закранулі практычна ўсе сферы нашага жыцця.
У Пастаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы з 6 красавіка закрыта чытальная зала. Бібліятэкар там ёсць, ён выконвае сваю звычайную работу. Але пры гэтым зала не абслугоўвае наведвальнікаў. Пачытаць перыёдыку цяпер можна на абанеменце. Яшчэ раней ва ўстанове адмовіліся ад усіх масавых мерапрыемстваў.
— Мы пераходзім у анлайн-асяроддзе, робім акцэнт на аддаленай рабоце з чытачамі, — расказвала дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Ганна Літвіновіч. — Рыхтуем віртуальныя агляды літаратуры па розных тэмах, віртуальныя выставы, калегі з дзіцячай бібліятэкі — віртуальныя віктарыны для дзяцей, у якіх можна паўдзельнічаць на нашых сайтах. Нядаўна там з’явілася віктарына «У пошуках чараўніцтва» па казках Г.-Х. Андэрсэна.
Ганна Шынкевіч бярэ кнігі ў цэнтральнай райбібліятэцы
У планах бібліятэкараў — праекты да 75-годдзя Вялікай Перамогі. У мінулым годзе быў рэалізаваны праект «Чытаем вершы разам». Сёлета мяркуюць звярнуцца да прозы і зноў запрасіць да ўдзелу чытачоў: прапанаваць ім зняць невялікія відэаролікі з расказам пра свае любімыя кнігі. Хутка стартуе праект «Героі кніг, якія ажылі на экране». Сутнасць яго ў тым, што за аснову будзе брацца нейкі шматсерыйны фільм, зняты па мастацкім творы, урывак з фільма —змяшчацца на сайце з прапановай прыйсці ў бібліятэку і ўзяць пачытаць адпаведную кніжку. Ёсць таксама задумка стварыць віртуальнае падарожжа па Паставах.
Анлайн-работай з чытачамі займаюцца ў асноўным супрацоўнікі раённай і дзіцячай бібліятэк. Ім дапамагаюць калегі з сяла, якія рэгулярна падаюць інфармацыю пра свае кніжныя выставы і акцыі. Гэта інфармацыя апрацоўваецца і разам з фотаздымкамі змяшчаецца на сайце. Зайшоўшы на яго, вы ўбачыце, што нават у цяперашніх умовах бібліятэкары прыдумваюць нямала цікавага. Самыя крэатыўныя — работнікі бібліятэкі імя У. Дубоўкі. Напрыклад, да Міжнароднага дня дзіцячай кнігі, які адзначаўся 2 красавіка, яны зрабілі незвычайны «кніжны дождж».
— Работы ў нас дабавілася, і працаваць стала цяжэй, чым раней, — зазначае Ганна Літвіновіч. — Зараз трэба ў большай ступені асвойваць інфармацыйныя тэхналогіі, каб рабіць добры прадукт, які прывабіць чытачоў.
А яны па-ранейшаму ідуць у бібліятэкі. У цэнтральнай раённай на абанеменце абслугоўваюць да 35–40 чалавек у дзень. Вось і на момант майго візіту там былі двое пастаўчан. Немалады мужчына гартаў газеты, жанчына-пенсіянерка брала мастацкую літаратуру. Знаёмімся з ёй. Ганна Шынкевіч, пастаянная чытачка.
— Прынесла здаць 8 кніг і столькі ж бяру для сябе і дачкі на два тыдні, — расказвала яна. — Да гэтага была ў дзіцячай бібліятэцы, дзе ўзяла 9 кніжак для ўнукаў. Адзін з іх ходзіць у дзіцячы сад, другі — у школу.
Ужо на выхадзе з бібліятэкі я сутыкнулася з двума мужчынамі, якія таксама накіроўваліся на абанемент. Пастаўчане яшчэ актыўней сталі чытаць.
Алена Шапавалава. Фота аўтара
ист:
Коллектив Поставской централизованной библиотечной системы провел аудио-марафон «Любимые стихи ко Дню Победы».
1,860 просмотров всего, 1 просмотров сегодня
Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.