Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзень бібліятэк устаноўлены ў нашай краіне ў 2001 годзе, а яго дата выбрана ў гонар заснавання «алмаза ведаў» — Нацыянальнай бібліятэкі.
З таго часу прайшло чвэрць стагоддзя, і многае ў бібліятэчнай справе змянілася. Скарацілася колькасць бібліятэк, аднак з’явіліся новыя формы работы. Сёння яны з’яўляюцца паўнапраўнымі сацыякультурнымі ўстановамі.
Напярэдадні прафесійнага свята дырэктар дзяржаўнай установы культуры «Пастаўская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» Наталля Адамовіч прапанавала пазнаёміць чытачоў раёнкі з дзвюма супрацоўніцамі цэнтральнай раённай бібліятэкі — Анастасіяй Бурцавай і Юліяй Давідовіч. Зрэшты, у Паставах многія іх ведаюць, бо яны абслугоўваюць тут пазастацыянарныя пункты выдачы кніг.
Анастасію з радасцю сустракаюць у шпіталі і ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання ТЦСАН. Яна прыносіць літаратуру работнікам гэтых устаноў і пацыентам. Маючы спецыяльнасць «Практычная псіхалогія», лёгка знаходзіць з людзьмі агульную мову, прадбачыць, якая літаратура каго зацікавіць. Перакананая: калі чалавек не чытае, то ён яшчэ не знайшоў свой жанр і свайго аўтара, і абавязак бібліятэкара — прапанаваць такую кнігу, якая захапіла б. Прызнаецца, што сама з’яўляецца «ўсяедным» чытачом, цікавіцца рознымі жанрамі, найбольш захапляецца фантастыкай.
Юлія Давідовіч працуе ў цэнтральнай раённай бібліятэцы з 2014 года. Прыйшла сюды, атрымаўшы дыплом Беларускага ўніверсітэта культуры. Прызнаецца, што з дзяцінства любіла чытаць і марыла стаць бібліятэкарам. Мара збылася, і дзяўчына цалкам аддае сябе любімай справе. Яна абслугоўвае чытачоў у аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН, сацыяльна-педагагічным цэнтры і цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Бібліятэкара асабліва радуе, што ахвотна чытаюць не толькі дарослыя, але і дзеці.
— Некалі прадказвалі, што кіно выцесніць тэатр, аднак гэтага не адбылося. Зараз гавораць пра тое, што электронныя кнігі выцесняць папяровыя, але і гэтага таксама не здарыцца, — разважалі Анастасія і Юлія. — Чытачы па-ранейшаму аддаюць перавагу папяровым выданням, і толькі калі папяровай кнігі няма ў бібліятэцы, шукаюць яе ў інтэрнэце. Таксама яны адзначылі, што хоць крыху зменшылася колькасць чытачоў, вырасла іх якасць. Радуе кожная сустрэча з людзьмі ўдумлівымі і нераўнадушнымі.
Наталля Адамовіч, дырэктар ДУК «Пастаўская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма»:
— У нашым раёне дзейнічае 18 бібліятэк (3 — у райцэнтры, 2 — у гарпасёлках, 13 — у вёсках). У іх працуе 38 спецыялістаў, усе яны творча адносяцца да сваёй справы. Кніжны фонд складае 197,8 тысячы экзэмпляраў. Кожны год ён папаўняецца за кошт бюджэтных сродкаў.
Асноўным напрамкам у рабоце бібліятэк заўсёды была папулярызацыя кнігі. Сёння не менш важная іх камунікацыйная функцыя. У нашых установах праводзіцца шмат мерапрыемстваў для дарослых і дзяцей. У многіх вёсках бібліятэкі засталіся адзінымі астраўкамі духоўнасці. Людзі прыходзяць туды не толькі па кнігі і перыядычныя выданні, але і каб пагутарыць з бібліятэкарам, даведацца ад яго навіны, сустрэцца з аднавяскоўцамі, паўдзельнічаць у мерапрыемствах.
Карыстаючыся выпадкам, шчыра віншую са святам усіх работнікаў бібліятэк і чытачоў! Жадаю мірнага неба, асабістага шчасця, нязменнага сяброўства з кнігай.
Фаіна Касаткіна
ист: https://www.postawy.by/2025/09/15-sentjabrja-belarus-otmechaet-den-bibliotek/
717 просмотров всего, 4 просмотров сегодня

















































Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.