З капустай на стале не было пуста


   Чацвёртага лістапада ў цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася чарговая сустрэча ўдзель­нікаў клуба па інтарэсах “Сучаснік”. На гэты раз яны  сабраліся разам, каб правесці капуснік, ці, кажучы па-сучаснаму, капуста-паці “Пра капусту скажам пахвальна — гэта смачна і карысна”

     Тэматыка сустрэчы выбрана невыпадкова — менавіта такой парой дбайныя гаспадыні займаюцца нарыхтоўкай гэтай агародніны на зіму, вырошчваць якую людзі пачалі больш за чатыры тысячы гадоў назад. Родапачынальнікам яе культурных гатункаў з’яўляецца дзікая капуста, якая і зараз расце па берагах Міжземнага мора.

З капустай звязана шмат паданняў і легенд. Іх прысутным расказала вядучая мерапрыемства бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Валянціна Гірвель. Напрыклад, сцвярджаюць, што Аляксандр Македонскі перад боем кар­міў сваіх воінаў капуснымі лістамі для падтрымання ба­дзёрасці і пазбаўлення ад страху. У Аўстрыі нявеста перад шлюбам павінна была пайсці на кухню, дзе гатавалі на вясельны стол кіслую капусту, пасаліць яе і пачуць ад маці наказ, што ў сямейным жыцці ні ў якім разе не варта «саліць» свайму мужу. А ў Германіі капуста і ўвогуле вырашала, быць або не новай сям’і. Калі вяселле планавалася на восень, вясной у адну лунку на градцы высаджвалі капусту і бручку, шэпчучы пры гэтым імёны жаніха і нявесты. Вяселле гулялі толькі ў тым выпадку, калі абедзве расліны вырасталі добра.

     Сёння існуе каля 150 гатункаў капусты, якую вырошчваюць ва ўсім свеце і выкарыстоўваюць у якасці аднаго з галоўных кампанентаў у рацыёне харчавання. Папулярнасць гэтай агародніны абумоўлена не толькі выдатнымі смакавымі якасцямі, але і карыснымі ўласцівасцямі. Капуста з’яўляецца малакаларыйнай, утрымлівае мноства вітамінаў, мінералаў і мікраэлементаў, якія паляпшаюць зрок і стан скуры, дапамагаюць аднаўляць клеткі арганізма, засвойваць кальцый, падтрымліваюць работу сардэчнай, нервовай і стрававальнай сістэм, аднаўляюць і паляпшаюць абмен рэчываў у арганізме, з’яўляюцца антыаксідантам, забяспечваюць добрую работу нырак, памяншаюць ломкасць капілярных сасудаў, удзельнічаюць у сінтэзе бялку, згортванні крыві, нармалізуюць водны і кіслотна-шчолачны балансы, умацоўваюць косці, зубную эмаль і многае іншае. Даведацца пра ўсё гэта падрабязна, а таксама пра лячэнне капусным сокам і прычыны, па якіх не завязваюцца качаны, прапаноўвалася з відэасюжэтаў і спецыяльна арганізаванай выставы.

“Першай пані на вёсцы” (так называлі капусту на Русі) устаноўлена шмат помнікаў у многіх краінах, прысвечана нямала вершаў, згадак у мастацкай літаратуры. Нават грошы (першапачаткова долары і кацярыненскія рублі) з‑за іх каляровага падабенства, характэрнага хрусту, лісцепадобнай формы, цеснага размяшчэння ў кашальку, супаставілі з капуснымі лістамі ў качане і назвалі капустай.

Калі думаеце, што сустрэча праходзіла ў форме лекцыі, памыляецеся. На працягу ўсяго мерапрыемства яго ўдзельнікам прапаноў­валася разгадваць загадкі, дапаўняць агучаныя прыказкі і прымаўкі, адказваць на каверзныя пытанні пра капусту, абмяркоў­ваць, калі яе лепш вы­садж­ваць, у якім посудзе квасіць, і шмат іншага. Сапраўдны азарт выклікаў конкурс “Адгадай вагу качана”. Пасля няўдалых спроб вызначыць яе на вока многія спрабавалі “ўзважыць” качан у руцэ. Максімальна наблізіцца да правільнага адказу атрымалася ў Ганны Балаш. У падарунак яна атрымала пакецік насення капусты.

 

Работнікі бібліятэкі Ганна Літвіновіч і Анастасія Бурцава.

Цікавай была і тэатралізаваная частка мерапрыемства. Падчас яе апранутая ў нацыянальны строй і ўзброеная прыладамі для квашання капусты бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Анастасія Бурцава паведаміла пра  звычаі і існуючыя павер’і нашых продкаў пра найбольш спрыяльны час для квашання капусты, неабходныя для гэтага інгрэдыенты. Цікава, што адрознівалі белую і шэрую квашаную капусту. Першую гатавалі з белакачаннай капусты па рэцэптах, якія практычна не змяніліся і да нашых дзён. Другую атрымлівалі з той жа сыравіны, але пласт капусты перасыпалі соллю і мукой. У гэтым выпадку, калі было мала соку пад прыгнётам, у бочку для паляпшэння за­кісання далівалі жытні квас. Магчыма, менавіта такі спосаб і быў самым старажытным і даў капусце назву “квашаная”, значыць запраўленая квасам.

Завяршальным этапам мерапрыемства сталі дэгустацыя страў з капусты, якія прыгатавалі ўдзельнікі вечарыны, абмен рэцэптамі, чаяванне і чытанне ўласных вершаў пра капусту. Асобна хочацца адзначыць афармленне сталоў — нават цукеркі ляжалі ў імправізаваных вазах з капусных лістоў, а асобны “подыум” быў прысвечаны капусце-пані, якая ў жаночым уборы красавалася сярод іншай агародніны.

 

 Іна Бандарэнка.

Падчас размовы ўзгадвалі і мінулыя сустрэчы. А ўспомніць было што: у студзені наступнага года клубу “Сучаснік” споўніцца дзесяць гадоў. За гэты час у бібліятэцы адбылося шмат сустрэч, прысвечаных літаратурнай, музычнай, духоўнай, краязнаўчай, эстэтычнай, гастранамічнай, этнаграфічнай і іншым тэматыкам. Нязменным аўтарам сцэнарыяў з’яўляецца загадчыца ад­дзела абслугоўвання і інфармацыі Іна Бандарэнка.

Раіса Нікіфарава ўдзельнічала амаль ва ўсіх сустрэчах клуба “Сучаснік”, але кожная з іх і зараз з’яўляецца для жанчыны адкрыццём, дорыць радасць зносін.

—  Прачытаць кнігу сам-насам — гэта адно, зусім іншая справа, калі думкамі можна падзяліцца з людзьмі, якія маюць жыццёвы вопыт, даведацца іх меркаванне, пачуць парады, цікавыя факты, што падбіраюць бібліятэкары па кожнай тэме, — дзялілася Р. А. Нікіфарава. — Для мяне такія сустрэчы — сапраўдная аддушына, скарбніца інфармацыі, карысна праведзены час.

Згодны з ёй і іншыя: пасля сустрэчы кожны не шкадаваў цёплых слоў для арганізатараў мерапрыемства, дзякаваў за час, праведзены весела і змястоўна, абяцаў прыйсці ў наступны раз.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.

Вторник, 15.11.2016 16:58. Category: Адпачываем весела   

 

4,443 про­смот­ров все­го, 2 про­смот­ров сего­дня

Метки: . Закладка Постоянная ссылка.

Добавить комментарий