Занятак знойдзе кожнаму

     Заўсёды з радасцю наведваю Валкоўскую сельскую бібліятэку. Прыемна зайсці ў памяшканне, дзе чыста і ўтульна, цвітуць кветкі, на паліцах — эксклюзіўныя вырабы, а ля стала загадчыцы — шматлікія чытачы.

Тамара Мінаўна Якубоўская — чалавек творчы, адказна падыходзіць да выканання пастаўленых задач і дабіваецца іх ажыццяўлення. На працягу многіх гадоў застаецца вернай сваёй прафесіі, веды і сілы аддае любімай справе, валодае нястомнай энергіяй і душэўнай шчодрасцю.

Бібліятэка абслугоўвае 54% жыхароў сваёй зоны. За  11 месяцаў бягучага  года  перарэгістраваны  260 чытачоў, з іх больш за 40 — дзеці. Кнігавыдача склала  4 662 экзэмпляры, а наведванняў  — 2 125.

Сярод важнейшых кірункаў дзейнасці — прапаганда  беларускай літаратуры, мовы і культуры, вывучэнне роднага краю, далучэнне наведвальнікаў бібліятэкі да духоўных і культурных каштоўнасцей. Значная ўвага надаецца патрыятычнаму, эстэтычнаму, экалагічнаму выхаванню падрастаючага пакалення, прапагандзе здаровага ладу жыцця. Масавая работа накіравана на арганізацыю вольнага часу насельніцтва, развіццё нацыянальных традыцый.

Адна з асноўных форм работы — наладжванне кніжных выстаў. Усе яны афармляюцца з густам, змяшчаюць цікавую і неабходную чытачам інфармацыю. “Беларусь — мой родны край”, “Ад прадзедаў спакон вякоў” знаёмяць з літаратурай пра Беларусь, Пастаўшчыну, яе знакамітых людзей. Да юбілейных дат афармляюцца кніжныя паліцы, праводзяцца літаратурныя кампазіцыі, віктарыны. Напрыклад, “Паклон прымі ад нас, пясняр” (да 135-годдзя Я. Коласа), “Душою гавару” (да 70-годдзя Р. Баравіковай), “Бядой запаленае слова” (да дня Чарнобыльскай трагедыі), “Невядомы-вядомы Скарына”. Шмат робіць Т. М. Якубоўская па адраджэнні нацыянальнай культуры, займаецца зборам, захоўваннем і распаўсюджваннем матэрыялаў па гісторыі, культурных традыцыях, фальклоры, этнаграфіі свайго краю і малой радзімы ў прыватнасці. З людзьмі пажылога ўзросту практыкуе хатнія сустрэчы.

З мэтай экалагічнага выхавання правяла інтэлектуальна-пазнавальную  гульню “Экологическая паутина”, літаратурна-музычную кампазіцыю “Белая береза”, была аформлена кніжная паліца “Жывёльны свет дзікай прыроды” (да Сусветнага дня аховы жывёл). Да Міжнароднага дня сям’і арганізавала  выставу “Да ўвагі татаў і мам”, да Дня маці — вечар-партрэт “Ее величество Женщина”. З мэтай прапаганды здаровага ладу жыцця прайшлі ўрок-папярэджанне “Курить  —  здоровью вредить”, экспрэс-інфармацыя “Добрыя весткі для вашага здароўя”, міні-лекцыя “Что мы знаем о СПИДе” (да Сусветнага дня прафілактыкі СНІДу).

Самымі рознымі мерапрыемствамі запоўнены летнія канікулы школьнікаў. У Міжнародны дзень абароны дзяцей Тамара Мінаўна запрасіла іх пагуляць, пачытаць, весела правесці час з сябрамі. На дні адной кнігі “Детям о дружбе” вялі размову пра сяброўства, чыталі вершы. Спадабалася конкурсная праграма “Сидит кошка на окошке». Падчас яе дзеці з захапленнем расказвалі пра хатніх жывёл, удзельнічалі ў конкурсах.

Валкоўская сельская бібліятэка — адзіны астравок духоўнасці ў вёсцы. Сюды цягнуцца як дзеці, так і дарослыя — кожны знаходзіць занятак па душы.

Ірына ЖУКЯН, метадыст Пастаўскай

цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.

источ­ник

6,623 про­смот­ров все­го, 4 про­смот­ров сего­дня

Закладка Постоянная ссылка.

Добавить комментарий