Іна Бандарэнка: 32 гады ў Пастаўскай бібліятэцы і ні разу пра гэта не пашкадавала

     «Знайдзі сабе справу даспадобы, і табе не давядзецца працаваць ні дня ў сваім жыцці», — сказаў калісьці вядомы кітайскі філосаф Канфуцый. У праўдзівасці яго слоў бібліятэкар Пастаўскай раённай бібліятэкі Іна Бандарэнка пераканалася асабіста.

Яе раман з кнігай пачаўся ў дзяцінстве.

— Я з малых гадоў любіла чытаць, — расказвала Іна Раймундаўна. — Усе дзеці на рэчку, гуляць, а я — з кніжкай. Перачытала ўсю літаратуру: ваенныя мемуары, Драйзера, Мапасана — у сваёй сельскай бібліятэцы на Глыбоччыне і ў бабулінай вёсцы ў Шаркаўшчынскім раёне, дзе праводзіла летнія канікулы. Мне так падабаўся пах кніг!

Не дзіўна, што, калі настаў час выбіраць прафесію, дзяўчына паступіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Пасля яго заканчэння па размеркаванні прыехала працаваць на Пастаўшчыну, у Лукашова. Там пры маладой бібліятэкарцы мастацкае слова прыйшло ў кожны дом. Чытаць сталі даяркі, механізатары. Як прывучыла іх да гэтага? Сакрэт просты: сама вывучыла ўсю літаратуру ў бібліятэцы і рэкамендавала цікавыя творы вяскоўцам. Праз некаторы час разам з мясцовай моладдзю адрамантавала клуб і пачала ставіць у ім канцэрты, арганізавала драмгурток. З пастаноўкамі па творах беларускіх аўтараў сама­дзейныя артысты ездзілі па ўсіх суседніх вёсках.

Заўважыўшы энергічную супрацоўніцу, кіраўніцтва цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы забрала яе ў Пастаўскую раённую бібліятэку. І вось ужо 32 гады гэта ўстанова з’яўляецца для Іны Раймундаўны другім домам. Працоўную дзейнасць тут пачынала на абанеменце. Праз 2 гады перавялі ў чытальную залу, яшчэ праз 4 — у аддзел маркетынгу, дзе ў поўнай меры раскрыўся творчы патэнцыял жанчыны.

— У аддзеле маркетынгу я працавала з сельскімі бібліятэкамі: аказвала ім метадычную дапамогу, рыхтавала на розныя конкурсы. Пісала сцэнарыі і праводзіла мерапрыемствы ў райбібліятэцы, а таксама выходзіла з імі ў горад. Асабіста ўдзельнічала ва ўсіх конкурсах і займала прызавыя месцы. У 2006 годзе атрымала званне найлепшага бібліятэчнага работніка Віцебшчыны, — кажа Іна Бандарэнка.

Некалькі гадоў назад жанчына вярнулася на папярэдняе месца — у аддзел абслугоўвання і інфармацыі, куды ўваходзяць чытальная зала і абанемент, стала яго загадчыцай. Тут право­дзіць прэзентацыі новых паэтычных зборнікаў членаў літаратурнай студыі «Світанак», пасяджэнні аматараў паэзіі, робіць выставы літаратуры.

— Наш бібліятэчны фонд — каля 30 тысяч экзэмпляраў кніг і больш за 30 найменняў перыядычных выданняў — газет і часопісаў, — працягвала суразмоўца. — Ён пастаянна папаўняецца кніжнымі навінкамі. Шкада, што чытачоў з кожным годам становіцца менш. Цяпер іх 2 800 чалавек. У асноўным гэта лю­дзі ва ўзросце ад 40 гадоў. Моладзь рэдка ўбачыш у бібліятэцы. І гэта вельмі засмучае, бо той, хто не чытае, не ўмее мысліць.

Сама Іна Раймундаўна па-ранейшаму не ўяўляе свайго жыцця без кнігі. Хоць, прызнаецца, цяпер ужо не чытае так, як у дзяцінстве, — запоямі. Але за цікавым творам можа заседзецца да раніцы. Вельмі любіць ваенную літаратуру — мастацкую і дакументальную, гістарычную, сучасную беларускую (класіку даўно перачытала). Сярод празаікаў любімага аўтара няма — ёсць любімыя творы. З паэтаў блізкі сэрцу Эдуард Асадаў.

Гаварылі мы і пра любоў да прафесіі. Тут Іна Бандарэнка адзначыла: за ўсё жыццё яна ні разу не пашкадавала пра зроблены выбар, на работу ідзе з радасцю. У многім дзякуючы таму, што ў бібліятэцы цудоўны калектыў, у якім лёгка працаваць.

Алена Шапавалава

источ­ник: https://www.postawy.by/2026/09/ina-bandarjenka-32-gady-pasta-skaj-biblijatjecy-i-ni-razu-pra-gjeta-ne-pashkadavala/

Если вы нашли ошиб­ку, пожа­луй­ста, выде­ли­те фраг­мент тек­ста и нажми­те Ctrl+Enter.

134 про­смот­ров все­го, 4 про­смот­ров сего­дня

Метки: . Закладка Постоянная ссылка.

Комментарии запрещены.