У мінулыя выхадныя невялікі райцэнтр на самым усходзе Магілёўскай вобласці — Касцюковічы — быў месцам прыцяжэння не менш чым 15 тысяч літаратараў, навукоўцаў, кнігавыдаўцоў і проста аматараў мастацкага слова з усёй Беларусі і замежжа.
5—6 верасня тут прайшоў ХХХІІІ Дзень беларускага пісьменства. Маштабны форум аб’яднаў літаратурныя сустрэчы, выставы, інтэрактыўныя пляцоўкі, прэзентацыі кніг, ушаноўванне лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі і культурную праграму. Падчас яго адбылося адкрыццё скульптурнай кампазіцыі «Алесь і Алеся», створанай па матывах верша народнага паэта Беларусі, ураджэнца касцюковіцкага краю Аркадзя Куляшова, мемарыяльнай дошкі яшчэ аднаму слаўнаму сыну гэтай зямлі — народнаму пісьменніку Івану Чыгрынаву, мурала, прысвечанага паэтам і празаікам Касцюковіцкага раёна. Прайшла ўрачыстая цырымонія спецыяльнага гашэння памятнага канверта з арыгінальнай маркай з удзелам намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталлі Пяткевіч, міністра інфармацыі краіны Дзмітрыя Жука, старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатолія Ісачанкі і першага намесніка генеральнага дырэктара РУП «Белпошта» Алены Драздовіч. Беларускія і замежныя літаратары сабраліся на міжнародны круглы стол і канферэнцыю «Касцюковіцкія чытанні». У цэнтры горада разгарнуўся фестываль кнігі і прэсы са шматлікімі павільёнамі, дзе можна было пазнаёміцца з узорамі сучаснага беларускага кнігавыдання і ўбачыць унікальныя старадрукі, факсіміле і мініяцюрныя кнігі.
На свяце таксама падвялі вынікі і ўзнагародзілі пераможцаў двух літаратурных конкурсаў: «І кружыцца планета Куляшова» і «З табой маё слова, Радзіма!», удзел у якіх прынялі больш чым 500 аўтараў розных узростаў з розных куткоў краіны. Сярод іх — і наша зямлячка, кіраўнік літаратурнай студыі «Світанак» Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна Марына Кавалёнак. Яна ўдастоена дыплома ІІ ступені адкрытага рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «З табой маё слова, Радзіма!» у намінацыі «Маці Зямная па імені Жанчына» ва ўзроставай катэгорыі звыш 35 гадоў за падборку з трох вершаў, напісаных спецыяльна да Года беларускай жанчыны.
— Узнагароджанне праходзіла на галоўнай сцэне Дня беларускага пісьменства, — расказвала Марына Кавалёнак. — На яго былі запрошаны найлепшыя па меркаванні журы творчых спаборніцтваў літаратары. Ва ўрачыстай абстаноўцы дыпломы нам уручыў старшыня праўлення Магілёўскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Андрэй Нікіцін. Святочную праграму вялі першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах і старшыня Мінскага аддзялення СПБ Міхась Пазнякоў. Немалая частка канцэрта прысвячалася ўшаноўванню памяці вядомых літаратурных дзеячаў, якія не так даўно пакінулі гэты свет, — Мікалая Чаргінца і Уладзіміра Карызны. Іх творы гучалі на свяце. Добрым словам успомнілі таксама былога кіраўніка Магілёўскага абласнога аддзялення СПБ Аляксандра Казеку.
На змену вядомым літаратарам прыходзяць маладыя аўтары. Сёння яны не толькі атрымліваюць дыпломы пераможцаў конкурсаў, але і становяцца членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі, што мы назіралі на сцэне. На заканчэнне канцэрта сапраўдным падарункам для ўсіх удзельнікаў мерапрыемства сталі песні ў выкананні Эдуарда Ханка.
Потым я разам з іншымі аўтарамі прайшла радамі выстаў. Каля стэндаў Віцебскага і Мінскага абласных аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі пашчасціла сустрэць і прывітаць нямала вядомых у рэспубліцы паэтаў і празаікаў. Там жа ўбачыла і змагла пагартаць кнігу, прысвечаную Году беларускай жанчыны, якая выдадзена нядаўна і ў якую ўвайшлі тры мае вершы. Шкада, што было не так шмат часу, бо хацелася больш уважліва паглядзець выставы розных выдавецтваў краіны, абласных аддзяленняў і раённых арганізацый СПБ.
Эстафету Дня беларускага пісьменства ў Касцюковічаў пераняло Маладзечна. Роўна праз год гэты горад прыме наступнае рэспубліканскае свята кнігі, слова і нацыянальнай культуры.
Алена Шапавалава
Фота даслала Марына Кавалёнак
источник: https://www.postawy.by/2026/09/pasta-chanka-maryna-kavaljonak-dastoena-znagarody-na-dni-pismenstva/
72 просмотров всего, 4 просмотров сегодня

















































Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.