Паэзія… Што гэта такое? Паэтычныя радкі суправаджаюць нас з самага дзяцінства, калі мы з мамамі пачынаем развучваць спачатку дзіцячыя вершыкі, а потым больш сур’ёзныя творы ў школе.
Значна пазней, калі мы сустракаем сваё першае каханне, паэзія зноў вяртаецца да нас у выглядзе першых спроб вершаскладання. Асаблівая настроенасць душы, выкліканая моцнымі перажываннямі і пачуццямі, выліваецца ў мастацкую творчасць і нараджаецца паэзія.
Вучні 4 класа СШ № 2 наведалі Пастаўскую дзіцячую бібліятэку імя
У. Дубоўкі, каб паўдзельнічаць у майстар-класе “Азбука вершаскладання” і адкрыць для сябе цэлую краіну пад назвай “Паэзія”. У якасці суправаджаючых выступілі дзве пастаўскія паэтэсы – Марына Кавалёнак і Воля Лісіцкая.
Марына Кавалёнак растлумачыла азы складання вершаў, што такое рытм, на дошцы паказала прыклад размера верша. Разам з дзецьмі яна прастукала рытм аднаго з твораў. Безумоўна, пачытала вершы і расказала пра афармленне сваіх кніг.
Воля Лісіцкая паведаміла, што ёсць нестандартныя вершы са сваім адмысловым рытмам і размерам, паразважала з дзецьмі над тым, які бывае снег, вясёлка і іншыя рэчы. Справа ў тым, што кожны чалавек бачыць усё гэта па-свойму. У гэтым і ёсць наша багацце і разнастайнасць. Потым былі загадкі і вершы, якія паэтка напісала для сваіх унучак.
Затым школьнікам было прапанавана самім папрактыкавацца ў вершаскладанні. Напачатку толькі дадаць словы, якіх не хапае ў вершах вядомых дзіцячых паэтаў. Словы трэба было падабраць у рыфму і па сэнсу верша. Далей дзеці прачыталі свае “пробы пяра”, і колькі было радасці, калі іх варыянт верша супадаў з аўтарскім.
Вядома, далёка не ўсе дзеці стануць паэтамі, але любіць паэзію і стаць таленавітым чытачом можа кожны. Менавіта ў гэтым накірунку быў зроблены першы крок, калі вучні пабывалі на паэтычным майстар-класе.

1,221 просмотров всего, 1 просмотров сегодня




















































Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.