Кнігі-юбіляры. Янка Маўр “ТВТ”

     У 2024 годзе адзначае свой 90-гадовы юбілей аповесць Янкі Маўра “ТВТ”. Упершыню ўрывак з аповесці быў апублікаваны 31 сакавіка 1934 года ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Увесь жа твор быў скончаны 19 красавіка і ў тым самым годзе выйшаў асобным выданнем. Літаральна адразу ж аповесць атрымала Першую прэмію на Усебеларускім конкурсе дзіцячай кнігі.

Што ж такое ТВТ? Гэта Таварыства ваяўнічых тэхнікаў. У поўнай назве аповесці – “ТВТ, або апавяданне пра тое, як піянеры ўзбунтаваліся супраць уціску рэчаў і здзівілі ўвесь свет, як яны навучыліся бачыць тое, чаго іншыя не бачаць” – і расшыфроўваецца яе галоўны змест.

У чым жа вартасць і мастацкая навізна аповесці Маўра? Пісьменнік вядзе гаворку аб працоўным выхаванні ў шырокім сэнсе, якое павінна быць паўсядзённым, сістэматычным. Для Маўра праца – сфера штодзённай дзейнасці чалавека, якая ўключае быт, узаемадзеянне са светам рэчаў, якія не заўсёды гарманічныя і ўзгодненыя. Выклікаць цікавасць да гэтай сферы надакучлівай паўсядзёнасці аўтару дапамагла педагагічная знаходка – гульня. Гульня надавала дробным, звычайным справам незвычайнасць. І няхай удзельнікі гульні з цягам часу страцяць да яе цікавасць (дзецям з іх няўстойлівасцю інтарэсаў хутка надакучвае адна і тая ж гульня), але гульня дапаможа развіць звычку да карысных дзеянняў і выхаваць гаспадарчыя адносіны да маёмасці і дзеці ўжо не змогуць безуважна прайсці міма “каменя, што ляжыць пасярод дарогі” ці “непрыбітай дошкі”. А камічнае завастрэнне бытавых сітуацый вызначае мастацкую адметнасць аповесці, гумар афарбоўвае ўсё апавяданне.

“ТВТ” – твор у беларускай літаратуры, які змог паўплываць на грамадскае жыццё і запачаткаваў пэўны рух. Яго параўноўваюць з гайдараўскім “Цімур і яго каманда”, хоць ён і з’явіўся на шэсць гадоў раней. Дзіцяча-падлеткавы рух “ТВТ” меў месца ў БССР і нават за яе межамі. Гэты гістарычны факт дагэтуль застаецца маладаследаванай з’явай. Найбольш задакументаванай атрымалася дзейнасць брэсцкага Таварыства ваяўнічых тэхнікаў, якое арганізавала Вера Сурская, пісьменніца, мастачка, стваральніца і кіраўнік лялечнага тэатра ў Брэсцкім доме піянераў.

Аповесць “ТВТ” і сёння не страціла свайго ідэйна-выхаваўчага зараду і займае прыкметнае месца сярод тэматычна блізкіх твораў літаратуры.

 

Если вы нашли ошиб­ку, пожа­луй­ста, выде­ли­те фраг­мент тек­ста и нажми­те Ctrl+Enter.

647 про­смот­ров все­го, 1 про­смот­ров сего­дня

Метки: , . Закладка Постоянная ссылка.

Комментарии запрещены.