110 год спаўняецца п’есе “Паўлінка”, якую Янка Купала напісаў у чэрвені 1912 года, аб чым адразу паведаміў свайму сябру прафесару Б.І. Эпімах-Шыпілу. Асобным выданнем камедыя выйшла ў 1913 годзе ў Пецярбурзе ў выдавецтве “Загляне сонца і ў наша аконца” з падзагалоўкам: “Сцэны з шляхоцкага жыцця ў 2‑х актах”.
Камедыя “Паўлінка” мае своеасаблівую творчую гісторыю. Спачатку Купала меркаваў напісаць празаічны твор пад назвай “А вербы шумелі…”. У сшытку разам з чарнавым і пераробленым варыянтамі п’есы знаходзяцца рукапісныя старонкі, дзе апавядаецца пра нешчаслівае каханне Паўлінкі і Міколы. У далейшым іх дыялог быў цалкам уключаны ў камедыю. Але герой твора Мікола ў п’есе носіць імя Якім Сарока.
М. Гарэцкі пісаў аб “Паўлінцы”: “Шляхоцкае жыццё змалявана дужа яскрава, жыва й проста. Бытавыя малюнкі ўдаліся аўтару найболей, а духовая старана – слабей, псіхіка дзеючых асоб толькі злёгку закранута; яна паказана ў такой меры, у якой праходзіць прад вачмі звычайнага чалавека”.
Сярод купалаўскіх п’ес “Паўлінка” мае самую багатую сцэнічную гісторыю. Першую пастаноўку камедыі ажыццявіў Беларускі музыкальна-драматычны гурток у Вільні ў студзені 1913 года.
Вядомы драматург і рэжысёр Ф. Аляхновіч у кнізе “Беларускі тэатр” пісаў: “Паяўленне на свет “Паўлінкі” было важным здарэннем у жыцці беларускага тэатра, а прэм’ера п’есы была мастацкім святам”.
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы некалькі гадоў запар пачынаў свой кожны сезон з п’есы “Паўлінка”, якая пераўтварылася ў своеасаблівы сімвал нацыянальнага мастацтва.
1,978 просмотров всего, 3 просмотров сегодня















































Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.