В Поставах состоялась творческая встреча с прозаиком и публицистом Виктором Правдиным

       22 мая ў Пастаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася творчая сустрэча з вядомым беларускім пісьменнікам — празаікам і публіцыстам Віктарам Праўдзіным.

Прадстаўляючы госця ўдзель­нікам сустрэчы — а на яе прыйшлі пастаянныя чытачы бібліятэкі, — загадчыца аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы Наталля Балошка назвала толькі частку рэгалій Віктара Праўдзіна. Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі, уладальнік медаля Францыска Скарыны, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Гэтыя званні і ўзнагароды яскрава сведчаць пра маштаб асобы творцы. Між тым Віктар Аляксандравіч не зусім звычайны пісьменнік. Ён — былы супрацоўнік органаў унутраных спраў, дзе прачнуўся яго літаратурны талент. Калі і як гэта адбылося, госць даволі падрабязна расказаў прысутным.

Нарадзіўшыся ў сям’і ваеннага афіцэра ў Лідзе, сваю кар’еру будучы празаік пачаў са службы на Балтыйскім ваенным флоце. Затым амаль два дзесяцігоддзі аддаў службе ў міліцыі, падчас якой скончыў Мінскую вышэйшую школу МУС СССР. А ў 80‑я гады, як кажа сам, пацягнула на літаратурную дзейнасць. Пайшоўшы ў адстаўку, малады аўтар, які ўжо актыўна друкаваўся ў многіх выданнях, уладкаваўся ў часопіс «Нёман». Узялі туды адразу намеснікам галоўнага рэдактара. Потым была праца на такой жа паса­дзе ў часопісе «Полымя», пазней — галоўным рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура», пасля чаго ўзначаліў Саюз пісьменнікаў Беларусі.

 

 

З 2010 года Віктар Праў­дзін на творчай працы. Пакінуў сталіцу і пасяліўся ў вёсцы Панфілаўшчына, што непадалёк ад Мосара на Глыбоччыне. Да слова, дзіцячыя і юнацкія гады пісьменніка прайшлі таксама побач з Пастаўшчынай — у Шаркаўшчынскім раёне. Таму на сустрэчы ў бібліятэцы прысутнічала яго былая аднакласніца Кацярына Казлова, якая цяпер жыве ў Паставах. Ёй асабліва цікава было пачуць гісторыі з’яўлення твораў школьнага сябра. Сюжэты сваіх апавяданняў, аповесцяў і раманаў Віктар Праўдзін бярэ з рэальнага жыцця. У аснову многіх ляглі выпадкі, якія адбыліся з ім падчас службы ў міліцыі. Ёсць творы і на гістарычную тэматыку.

 

 

Удзельнікі сустрэчы літаральна засыпалі госця пытаннямі: якія якасці ён лічыць галоўнымі для пісьменніка і чалавека ўвогуле? якую са сваіх кніг выбраў бы для экранізацыі і якая з іх самая любімая? што чытае сам Віктар Праўдзін і які яго любімы твор іншага аўтара? чым найбольш ганарыцца ў жыцці? і інш. На ўсе пытанні Віктар Аляксандравіч даў шчырыя адказы. Расказаў таксама, над якім творам працуе зараз. А ў канцы сустрэчы з задавальненнем падпісаў свае кнігі тым, хто іх набыў. Падборку ўласных твораў аўтар падарыў раённай бібліятэцы.

Алена Шапавалава

Источ­ник: https://www.postawy.by/2026/05/v‑postavah-sostojalas-tvorcheskaja-vstrecha-s-prozaikom-i-publicistom-viktorom-pravdinym/

 

Если вы нашли ошиб­ку, пожа­луй­ста, выде­ли­те фраг­мент тек­ста и нажми­те Ctrl+Enter.

465 про­смот­ров все­го, 2 про­смот­ров сего­дня

Метки: . Закладка Постоянная ссылка.

Комментарии запрещены.