Ганарымся знакамітым земляком! 15 ліпеня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Дубоўкі

       15 ліпеня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння нашага знакамітага земляка Уладзіміра Дубоўкі. Гэта адзін з найстарэйшых беларускіх пісьменнікаў, пачынальнікаў савецкай і беларускай літаратуры. На небасхіле беларускай паэзіі 20‑х гадоў XX стагоддзя Уладзімір Дубоўка ўспыхнуў зоркай першай велічыні. Да таго ж ён выдатны крытык, публіцыст, празаік.

 

Нарадзіўся 15 ліпеня 1900 года ў вёсцы Агароднікі Пастаўскага раёна. Скончыў манькавіцкую школу. Затым вучыўся ў Мядзельскім двукласным вучылішчы, у Новавіленскай настаўніцкай семінарыі. Дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі ў вёсцы, аднак асноўным месцам жыхарства стала Масква.

Яшчэ ў маленстве вялікае ўражанне на Дубоўку зрабілі беларуская народная твор­часць і прыгажосць роднай прыроды. Любоў да іх ён пранёс праз усё жыццё.

Першы верш «Сонца Беларусі» Уладзімір Дубоўка апублікаваў 28 мая 1921 года ў газеце «Савецкая Беларусь», але хрэстаматыйным стаў яго твор «О Беларусь, мая шыпшына», напісаны ў 1925 годзе.

З 1923 па 1929 год выйшлі зборнікі вершаў аўтара «Строма», «Трысцё», апублікавана першая казка «Залатое дно», а таксама паэмы «Кругі», «Браніслава», «І пурпуровых ветразей узвівы». Уладзімір Дубоўка становіцца адным з самых вядомых і прызнаных майстроў беларускай паэзіі. Ён вызначаецца свежым, адметным талентам. Усхваляваныя словы маладога песняра глыбока кранаюць сэрцы сучаснікаў:

О Беларусь, мая шыпшына,
Зялёны ліст, чырвоны цвет!
У ветры дзікім не загінеш,
Чарнобылем не зарасцеш.

20 ліпеня 1930 года паэта арыштавалі. У яго жыцці пачалася паласа выпрабаванняў. Пазней аўтар успамінаў: «Людзі, або «людзішкі», якія ў свой час пісалі супраць мяне, вінавацілі ва ўсіх «смяротных» грахах, дабіліся сваёй пісанінай таго, што я быў пазбаўлены магчымасці займацца літаратурнай працай на працягу 30 год».

Нягоды не зламалі паэта, не змаглі знішчыць яго велізарнай настойлівасці. Нібыта другое дыханне адкрылася ў творчасці нашага земляка пасля рэабілітацыі ў 1957 годзе. У 1962‑м за зборнік вершаў «Палеская рапсодыя» Дубоўка стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы. Памёр пісьменнік 20 сакавіка 1976 года ў Маскве.

Значны след пакінуў наш таленавіты зямляк у дзіцячай літаратуры. Яго казкі маюць рознае паходжанне: адны з іх арыгінальныя, прыдуманыя самім аўтарам, другія напісаныя паводле беларускіх народных твораў, трэція — апрацоўка твораў іншых народаў. Усіх іх аб’ядноўвае жаданне аўтара праз дзівосны свет казкі навучыць дзяцей глыбей разумець жыццё.

У 2018 годзе ў межах Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» у в. Агароднікі быў адкрыты памятны знак Ула­дзіміру Дубоўку.

Вельмі ганарова, што к 100-годдзю з дня нараджэння славутага земляка Пастаўскай дзіцячай бібліятэцы было прысвоена яго імя.

Сёння на сайце Пастаўскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы працуе віртуальны кабінет Уладзіміра Дубоўкі, створаны супрацоўнікамі дзіцячай бібліятэкі. Кожны год наша ўстанова адзначае дзень нараджэння пісьменніка правядзеннем тэматычных мерапрыемстваў. Сёлета рэалізуецца праект «Голас паэта нам сэрца кранае», прымеркаваны да 125-годдзя з дня яго нараджэння. Мэта — прыцягнуць увагу да аўтара, папулярызаваць яго творчасць і абудзіць пачуццё гонару і павагі да пісьменніка. У межах праекта ўжо адбыліся літаратурна-біяграфічны ўрок «Акорды жыцця», лялечнае відовішча «Краіна маленства». Дзіцячая бібліятэка падрыхтавала турыстычна-краязнаўчы маршрут «Па дарогах паэта-земляка». У бібліятэках раёна пройдзе флэшмоб «Чытаем Дубоўку разам». Запланаваны і іншыя цікавыя мерапрыемствы. Шчыра запрашаем!

Людміла Сяменас, бібліятэкар Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі

Гісторыя Уладзіміра Дубоўкі – гэта гісторыя чалавека, які страціў усё, але не страціў сябе. Ён паказаў, як нават пасля цемры можна зноў загаварыць святлом.

Сёння, калі свет зноў накрывае цень канфліктаў, словы Дубоўкі гучаць як духоўны арыенцір. Ён заклікае не паддавацца варожасці, не расчалавечвацца, нават калі боль ахоплівае чалавека цалкам.

Яго 125-годдзе – не проста юбілей. Гэта момант, калі мы замацоўваем сувязь паміж пакаленнямі, паміж памяццю і спадзяваннем, паміж словам і супакоем. І няхай на нашай зямлі пануе менавіта тое слова – чыстае, мудрае, дубоўкаўскае!

Спаткаўся з роднаю зямлёй,
Жадаю шчырым сэрцам роднай:
Каб больш не знацца нам з вайной,
Каб больш не знаць вайны ніводнай!

Наталля Балошка, загадчык аддзела маркетынгу Пастаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі

по мате­ри­а­лам ист: https://www.postawy.by/2025/07/ganarymsja-znakamitym-zemljakom-15-lipenja-spa-njaecca-125-gado-z-dnja-naradzhjennja-uladzimira-dubo-ki/

Если вы нашли ошиб­ку, пожа­луй­ста, выде­ли­те фраг­мент тек­ста и нажми­те Ctrl+Enter.

1,633 про­смот­ров все­го, 1 про­смот­ров сего­дня

Метки: , . Закладка Постоянная ссылка.

Комментарии запрещены.