Уладзімір Дубоўка — наш зямляк, беларускі паэт, празаік, крытык, адзін з пачынальнікаў савецкай літаратуры. Гэты чалавек мае складаную жыццёвую і пісьменніцкую біяграфію.
Нарадзіўся 15 ліпеня 1900 года ў вёсцы Агароднікі цяперашняга Пастаўскага раёна. Такія знаёмыя з дзяцінства былі яму краявіды ля возера Доўжа, дзе будучы паэт пасвіў кароў, слухаючы музыку птушыных спеваў і азёрных хваль! З невялікай вёсачкі Язы паходзіла яго маці. Быў звычайным селянінам яго бацька.
Першая школа, у якой вучыўся Дубоўка, была ў Манькавічах. Адукацыя тут «цалкам грунтавалася на пабоях». «Наш настаўнік Канстанцін Пашкевіч, чалавек увогуле зусім не благі, — успамінаў паэт, — іншага метаду не ведаў, як толькі лінейка і кут… Жорсткая дысцыпліна не давала літасці нікому». Скончыўшы Манькавіцкую школу, займаўся ў двухкласным Мядзельскім вучылішчы. Дубоўкавым настаўнікам і загадчыкам вучылішча быў таленавіты чалавек Іван Васільевіч Лукашэвіч. «Без абраз, спакойна, ветліва, добразычліва ён не толькі вучыў нас, але і выхоўваў», — прыгадваў пісьменнік.
У Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю Уладзімір паступіў у 1914 годзе. Тады ўжо грымела Першая сусветная вайна. Бацькі паэта эвакуіраваліся. У 1915‑м яны пераехалі ў Маскву, дзе і знайшлі пастаянны прытулак. Пасля сканчэння настаўніцкай семінарыі (1918) Дубоўка падаўся ў Маскоўскі ўніверсітэт. Пасля яго заканчэння настаўнічаў у Тульскай губерні.
У 1920—1921 гадах служыў у Чырвонай арміі, а пасля яе працаваў у Народным камісарыяце асветы РСФСР і вучыўся ў Вышэйшым літаратурным інстытуце імя В. Я. Брусава. Працаваў у Пастаянным прадстаўніцтве БССР пры ўрадзе СССР, быў лектарам Камуністычнага ўніверсітэта народаў Захаду, рэдактарам беларускага тэксту Збору законаў СССР. Уся праца нашага выдатнага земляка мела непасрэднае дачыненне да беларускай культуры, яе станаўлення, падрыхтоўкі нацыянальных кадраў.
Дубоўка шчыра любіў Бацькаўшчыну. Гэта і нараджала паэтычныя вершы, напрыклад «О Беларусь, мая шыпшына». У 20‑я гады ХХ стагоддзя твор быў візітнай карткай паэта:
О Беларусь, мая шыпшына,
Зялёны ліст, чырвоны цвет!
У ветры дзікім не загінеш,
Чарнобылем не зарасцеш.
Любоў да родных мясцін Дубоўка пранёс праз усё жыццё. Адметна тое, што ў сталыя гады ён ніколі пастаянна не жыў у Беларусі, не вучыўся ў беларускамоўных установах. «Усё маё веданне беларускай мовы — ад маці і з вёскі. Вось чаму я маю поўную падставу назваць беларускую мову матчынай мовай, — пісаў паэт. — Як жа яе не будзеш ведаць, калі яна родная! Як жа не будзеш шанаваць і любіць, калі яе стваралі на працягу вякоў продкі, гаварылі на ёй, перадалі нам у спадчыну як самы вялікі дар».
Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
Матчын дарунак ад самай калыскі,
Ты самацветаў яскравая нізка.
Уладзімір Дубоўка — адзін з заснавальнікаў першых беларускіх літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша». Адна за адной выходзяць у друк яго кнігі: «Там, дзе кіпарысы», «Строма», «Налі». У літаратуры 20‑х гадоў мінулага стагоддзя ён быў выключнай фігурай, не меў сабе роўных сярод маладых паэтаў. Яго паэзія прасякнутая моцным патрыятызмам: «У песнях я на Беларусь малюся, як моліцца ля возера трысцё». Вядома, ён прымаў тады абавязковую для савецкага пісьменніка дактрыну, шчыра і ўзнёсла славіў «Камуну Саветаў» і гатовы быў аддаць жыццё «за Саветы». Але яшчэ большай была яго адданасць беларушчыне, гатоўнасць у выпадку патрэбы засланіць Айчыну сабой. Аднак з цягам часу ён пераканаўся, што савецкая ўлада толькі фармальна прызнае народную свабоду. З канца 20‑х гадоў пад выглядам барацьбы з «нацдэмаўшчынай» пачаўся наступ на беларускую культуру, ахвярай якога стаў і Дубоўка.
Непасрэднай прычынай арышту паэта стаў яго верш «За ўсе краі, за ўсе народы свету», ананімна надрукаваны ў 1927 годзе ў віленскім часопісе «Беларуская думка». Гэты верш — яскравы ўзор патрыятычнай паэзіі:
Прыціх наш край: ад гутарак аскома…
Прыціх наш край: маўчаць, усе маўчаць.
Свабодай карыстаюцца сачкомы.
Каб тых, хто мысліць, у астрог саджаць.
Расплата за верш была жахлівай — амаль 30 гадоў зняволення. Пасля ссылак Уладзімір Дубоўка стала пасяліўся ў Маскве і ўключыўся ў літаратурны працэс. Публікуюцца яго паэмы, балады, зборнікі казак для дзяцей. Ён прыняў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да выдання на беларускай мове выбраных твораў У. Сасюры, пераклаў шэраг твораў У. Сыракомлі, вершы Ю. Славацкага, І. Гётэ, М. Рыльскага, А. Андрэева, кітайскага паэта Ду Фу, зрабіў вольны вершаваны пераклад многіх празаічных мініяцюр сірыйскага пісьменніка і вучонага ХІІІ стагоддзя А. Фараджа, усіх санетаў Шэкспіра, паэзіі Байрана.
Рэабілітаваны Уладзімір Мікалаевіч у 1958 годзе. У 1962‑м за «Палескую рапсодыю» атрымаў літаратурную прэмію Янкі Купалы. Тады гэта была найвышэйшая пісьменніцкая адзнака ў рэспубліцы.
З цягам часу прыйшло афіцыйнае прызнанне паэта на Радзіме. У Юнькаўскай школе ёсць музей у яго гонар, у райцэнтры вуліца названа яго імем. Да 100-годдзя з дня нараджэння земляка Пастаўскай дзіцячай бібліятэцы таксама прысвоена імя У. Дубоўкі. На трасе Полацк—Вільнюс, насупраць вёскі Агароднікі, адкрыты памятны знак.
Шуміць вада ля манькавіцкага става, векапомныя ліпы нахіліліся ўздоўж дарогі, утвараючы зялёную алею, птушыны аркестр узносіць свае мелодыі, напаўняючы душу спакоем і ціхай радасцю, і самі сабой ажываюць у памяці такія радкі:
А колькі б дзе ні вандраваў,
Хоць добра ўсюды і прыгожа, —
Мяне цягнула да Пастаў,
Хацелася пабыць ля Доўжа.
Нам, нашчадкам знакамітага паэта, трэба зберагчы і перадаць наступным пакаленням духоўную спадчыну, якую ён пакінуў нам, сачыць каб нашы душы не зараслі чарнобылем бяспамяцтва і абыякавасці.
Людміла Сяменас, бібліятэкар Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі
ист:
ИНФОРМАЦИОННАЯ ПРОГРАММА “ИТОГИ” 17 ИЮЛЯ 2020 — “Поставы-ТВ”
На этой неделе исполнилось 120 лет со дня рождения Владимира Дубовки, белорусского поэта и прозаика.
1,670 просмотров всего, 2 просмотров сегодня
Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.