Вела-спрынт “Па мясцінах Дубоўкі” быў праведзены супрацоўнікамі Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі. Мерапрыемства было прымеркавана да 120-годдзя з дня нараджэння нашага знакамітага земляка, паэта, перакладчыка, пісьменніка.
Дзеці на веласіпедах прыехалі да дзіцячай бібліятэкі, дзе ім расказалі пра жыццёвы і творчы шлях У. Дубоўкі. Затым яны рушылі на адну з вуліц горада, якая носіць імя нашага паэта. Наступны прыпынак падарожжа — стаў на рацэ Мядзелка ў вёсцы Манькавічы. Тут дзеці паслухалі цікавыя гісторыі з дзяцінства Уладзіміра Дубоўкі. Прайшоўшы крыху праз лес, школьнікі дайшлі да капліцы Друцкіх-Любецкіх. Затым, праехаўшы праз вёску Манькавічы, нашы чытачы апынуліся на раздарожжы: адзін са шляхоў вёў ў вёску Агароднікі, другі — да былога палаца Друцкіх-Любецкіх, трэці — да манькавіцкага става.
Веласіпедысты рушылі да манькавіцкай царквы. І апошнім прыпынкам стаў памятны камень, устаноўлены пару год таму ў гонар У. Дубоўкі на шашы Полацк-Вільнюс насупраць вёскі Агароднікі. Каля каменя былі ўскладзены кветкі, дзеці прадэкламавалі лепшыя вершы паэта, прайшла хвіліна маўчання і, натхнёныя цікавай паездкай, падарожнікі рушылі дадому
1,931 просмотров всего, 1 просмотров сегодня
Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.