Па родных мясцінах У. Дубоўкі

     Поставская библиотека     Весела, пазітыўна і пазнавальна прайшоў велапрабег па родных мясцінах У. Дубоўкі, які быў арганізаваны супрацоўнікамі дзіцячай бібліятэкі.

http://libpost.of.by/

Поставская библиотека

Па мясцінах Уладзіміра Дубоўкі.

       У 2000 годзе, падчас фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік”, нашай дзіцячай бібліятэцы было прысвоена ганаровае імя нашага паэта-земляка Уладзіміра Дубоўкі. З гэтага часу супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі імкнуцца як мага больш папулярызаваць і прапагандаваць творчасць У. Дубоўкі.

Сёлета мы вырашылі адзначыць дзень нараджэння паэта, а нарадзіўся ён 15 ліпеня ў вёсцы Агароднікі, роварным прабегам па родных мясцінах славутага земляка. Акрамя гэтага, мы прыўрочылі наша падарожжа да Года малой Радзімы. Былі дадзены аб’явы ў сацыяльных сетках, у дзіцячай бібліятэцы вісела яркая абвестка, якая запрашала далучыцца да нашай вандроўкі на роварах.

Назбіралася 13 чалавек ахвотных. І вось 13 ліпеня ў 10 ўсе ўдзельнікі прабега з роварамі сабраліся каля дзіцячай бібліятэкі імя Ул. Дубоўкі. Трэба адзначыць, што самаму малодшаму ўдзельніку было 6 гадоў, а самаму старэйшаму – 64 Дзеці і дарослыя сабраліся ў чытальнай зале, дзе бібліятэкар распавяла пра асноўныя факты жыцця і творчасці паэта. У Дубоўкі ёсць выдатная кніга апавяданняў– успамінаў “Пялёсткі”. Кніга ўвабрала ў сябе ўспаміны дзяцінства і прыбывання яго ў ссылках. Але мэта нашай вандроўкі — наведаць родныя паэту Манькавічы і ваколіцы.

Далей усе ўдзельнікі выйшлі на галоўную плошчу горада. Там бібліятэкар прыгадала гісторыю забудовы плошчы. Першапачаткова яна называлася Рынкавай і такой з’яўлялася па прызначэнню. Значна пазней, у сярэдзіне 18ст., калі Паставамі валодаў Антоній Тызенгаўз, была зроблена рэканструкцыя плошчы. Менавіта наша плошча з’яўляецца прыкладам першай у Беларусі ансамблевай забудовы, ажыццяўлёнай адным архітэктарам па адзіным плане. Будаўнічымі працамі тут кіраваў запрошаны з Італіі архітэктар Джузэпэ Сака. Да нашых дзён захавалася трэццяя частка ранейшага ансамбля плошчы.

Потым роварысты накіраваліся да вуліцы імя Ул. Дубоўкі, а затым выехалі да палаца Тызенгаўза. На месцы былой сядзібы ваяводы Хамінскага Антоній Тызензаўз заснаваў тут адну са шматлікіх рэзідэнцый — з удзелам архітэктара Дж. Сака пабудаваў прасторны аднапавярховы палац. Вакол яго заклаў пейзажны парк з павільёнам і батанічны сад. Магнацкі прыстанак быў славуты тэатралізаванымі пастаноўкамі, актыўным культурна-свецкім жыццём. Унучаты пляменнік Антонія Канстанцін Тызензаўз, арнітолаг сусветнай вядомасці, у першай палове 19ст. заснаваў пры палацы арніталагічны музей, карцінную галерэю.

Далей калона роварыстаў выехала ў кірунку вёскі Кашыцы праз лес да вёскі Манькавічы. Праехаўшы некаторы час лесам, мы незаўважна апынуліся каля капліцы-пахавальні роду Друцкіх –Любецкіх, уладальнікаў Манькавічаў і ваколіц. Яна выканана ў стылі позняга класіцызму і ўтварае з сядзібай, што знаходзілася на супрацьлеглым беразе Мядзелкі, цэльны сядзібна паркавы ансамбль.

Паводле некаторых звестак, капліца была пабудавана ў другой палове 19ст. Храм мае два паверхі: верхняя зала выкарыстоўвалася для малення і службы, пад ёй быў склеп з нішамі-пахаваннямі Раней у капліцы штогод ладзілася свята “Божае цела”, на якое з’язджаліся ксяндзы і католікі з наваколля. Зараз жа яна знаходзіцца ў вельмі занядбалым стане: склеп з пахаваннямі разбураны, тынкоўка абвалілася, дах таксама абваліўся. У 90‑х гадах была спроба адбудаваць капліцу, нават пастаўлены рыштаванні, але справа далей не пайшла.

Як ужо прыгадвалася, на супрацьлеглым беразе ад капліцы знаходзіўся сядзібны дом Друцкіх-Любецкіх, пабудаваны ў другой палове 18ст. Ён уяўляў сабой аднапавярховы будынак з мураваным чатырохкалонным парцікам з мезанінам і балконам па цэнтры. Менавіта праз гэты балкон У. Дубоўка з сябрукамі лазілі ў бібліятэку князя. А адбылося гэта так: “Даведаліся мы ад княгінінага кухара Караля, што ў палацы ёсць пакой-кабінет нябожчыка– князя, а ў ім сцены застаўлены вялізнымі шафамі, а ў іх кнігі. Паслухаўшы такія апавяданні мы не маглі ні спаць, ні есці, так нам хацелася пабываць у той цудоўнай бібіятэцы. Пакрысе мы склалі план свайго паходу.

Падабраўшыся да самага палаца, мы пазалазілі на балкон-тэрасу, фактычна на другі паверх. З гэтай тэрасы мы трапілі адразу ў вялікую залу, у хараство, не бачанае намі. З залы ў бібліятэку. І, о Божухна! Праўду, шчырую праўду казаў нам сівы Кароль! Шафы, шафы, шафы і ўсе ад столі да падлогі напоўненыя кнігамі. І мы ўсе кінуліся да кніг. Бралі адну, гарталі, разглядалі малюнкі, на якіх былі ніколі не бачаныя намі краявіды. А я ўзяў самую тоўстую і цяжкую кнігу, што не змог яе трымаць. Доўга не думаючы, паклаў яе на стол, сам падагнаў князёўскае крэсла, сеў у яго і пачаў лёгка і свабодна гартаць старонкі. У гэты момант глухая пакаёўка, пані Марэля, нечакана зайшла ў кабінем. Як яна апавядала пасля: “Сядзіць ў крэсле нябожчык-князь і чытае кнігу”. Пакаёўка крыкнула немым голасам і самлела. У палацы пачаўся стук-грукат. Гэта – ішла дапамога. Мы выскачылі ў калідор, у самым канцы якага была жалезная вінтавая лесвіца, яна вяла на гарышча. Там мы і праседзілі да самага цямна. Тады толькі павылазілі са свайго сховішча, на пальчыках зноў прайшлі калідорам праз залу, саскочылі з балкона на зямлю і ўздыхнулі з палёгкай”. Сядзібны дом быў спалены падчас Другой Сусветнай вайны і потым разабраны да падмурка.

Затым вандраўнікі, адганяючы назойлівых камароў, выйшлі да плаціны на рацэ Мядзелка. Яшчэ надаўна тут стаяў млын. Дакладна вызначыцца з часам яго пабудовы пакуль што немагчыма, але, верагодна, пачатак будаўніцтва прыходзіцца на канец 18ст. І гэта было ўлюблёнае месца збору хлапчукоў, як ў 18ст. так і пачатку 20-га ст., калі нарадзіўся Дубоўка. Як успамінаў Уладзімір Мікалаевіч у сваім апавяданні “Як мяне маленькага тапіць меліся”: “У Бібліі напісана, што за даўно мінулым часам малое дзіця паклалі ў кашык і пусцілі на ваду. Калі яго адтуль дасталі добрыя людзі, дык назвалі Маісеем, што на

старажытнаяўрэйскай маве азначае “выцягнуты з вады”. Так ледзь не адбылося і з самім Дубоўкам: пяцёра хлапчукоў (будучыя сябры паэта), несучы за сабой начоўкі, уваліліся ў бацькаўскую хату Уладзіміра і з дзелавым выглядам хацелі перакласці немаўля з калыскі ў начоўкі, аднесці да млына і ўтапіць, каб не плакаў. Толькі дзякуючы маці, якая была ў хаце, іх план праваліўся.

У міжваенны час, пры Польшчы, на млыне быў устаноўлены генератар, які працаваў на энэргіі падаючай вады. Выпрацаваны ток ішоў на асвятленне млына і палаца.

У Другую Сусветную вайну млын быў пашкоджаны і некаторы час не працаваў. Нанова яго запусцілі ў пачатку 50‑х гадоў і ён дзейнічаў да канца 80‑х, праўда , збожжа малолі ўжо з дапамогай электрычнасці.

У першай палове 90‑х млын пачалі патроху разбіраць мясцовыя жыхары і дачнікі, а падчас моцнай буры будынак паваліўся. Зараз на ягоным месцы толькі кустоўе ды быллё.

Далей мы накіраваліся ў цэнтр вёскі. Прыпыніліся каля помніка загінулым падчас другой сусветнай вайны і ўшанавалі іх памяць хвілінай маўчання. Пасля прайшлі ў глыб вёскі, дзе калісьці стаяў вырашаны ў стылі ампір мураваны свіран. Уваходы ў свіран былі аформлены галерэяй на дзесяці калонах. На сёняшні дзень захаваўся толькі цокаль пабудовы. Каля рэшткаў свірана вуліца расходзіцца на тры дарогі:

левая спускаецца ўніз, вядзе ў лес да старых могілкаў і потым далей каля Гарэлага балота на Агароднікі; 

цэнтральная падымаецца на ўзгорак да месца, дзе быў сядзібны дом;

правая, нібыта праз тунэль, што ўтвараюць над ёй старыя ліпы і зараснікі бэзу, выводзіць да плаціны. Калі ідзеш па гэтам прыродным тунэлі, прыгадваюцца словы У. Дубоўкі:

Залатая асенняя раніца!

Хараством ты на свеце адна.

Сонца ў пушчы глыбокай купаецца

І ніяк не дастане да дна…

Потым вандраўнікі на роварах даехалі да велічавага храма Успення Прасвятой Багародзіцы. Унушальная агароджа, вымураваная вялізнымі валунамі, і каваныя вароты, якія адчыняюцца толькі ў святы на службу, надаюць храму, змураванага ў асноўным з валуноў, важкі і сур’ёзны выгляд.

Царква пачала будавацца ў 1855 годзе як ўніяцкая пры фундацыі князя Друцкага-Любецкага, але асвечаны храм быў як праваслаўны. Мяняліся часы і ўлады, а царква заставалася. Праўда, у лістападзе 1943года будынак быў спалены. Але вяскаўцы змаглі вынесці з храма ўсё каштоўнае: царкоўныя кнігі, абразы. А ў пасляваенны час ніхто не спяшаўся аднаўляць разбураную царкву. Яна стаяла закінутая да 1950 года, пасля чаго будынак быў часткова адрамантаваны мясцовым калгасам для сваіх патрэб. З асінавай дранкі была зроблена страха, аконныя праёмы закладзены бярвеннямі.

Будынак выкарыстоўваўся для захоўвання збожжа, некаторы час ў ім гадавалі трусоў. З 1969 года будынак царквы быў закінуты: дах абваліўся, засталіся толькі сцены.

У 1989 годзе па ініцыятыве айца Мікалая Каляды, які служыў у Пастаўскім храме, пры матэрыяльнай падтрымцы калгаса “Сцяг Перамогі” і вернікаў былога Манькавіцкага прыходу, пачалося аднаўленне царквы. Асвяшчэнне адноўленага храма адбылося 29 жніўня 1991года ў яго 120-гадовы юбілей. Акрамя згаданай царквы ў Манькавічах раней існавала яшчэ некалькі храмаў: у сарака метрах ад царквы знаходзілася яшчэ адна драўляная царква “Всех скарбящих радости”, а на каталіцкіх могілках — царква імя Косьмы і Даміана, пераробленая з касцёла ў 1865годзе.

Пасля адпачынку каля царквы калона роварыстаў падзялілася на дзве групы. Адна засталася каля царквы, а другая паехала па трасе ў вёску Агароднікі да памятнага камяня Ул. Дубоўку. Каля камяня былі ўскладзены кветкі, прачытаны верш “О, Беларусь мая шыпшына” і, вядома, адбылася фатасесія.

Калі ўсе вандраўнікі зноў аб’ядналіся, паехалі ляснымі сцежкамі да вёскі Дзеравянкі, на возера Доўжа. І тут самі сабой прыгадаліся радкі Ул. Дубоўкі:

“ А колькі б дзе ні вандраваў,

Хоць добра ўсюды і прыгожа.-

Мяне цягнула да Пастаў,

Хацелася пабыць ля Доўжа.

У Айчыне многа гарадоў,

І вёсак – незлічоны шэраг.

А ўсё ж адсюль я ў свет пайшоў,

І тут ён, гэты самы бераг.

У вёсцы нас гасцінна сустрэла Таццяна Пракаповіч. Зварыла для нас смачную юшку, заварыла гарбату на зёлках. Роварысты адпачывалі: адны купаліся, другія сядзелі каля вогнішча і спявалі, трэція аглядалі наваколле. Арсень Леўшын і Ірына Трафімава арганізавалі для нас міні-канцэрт пад гітару. Дзень быў цёплым, сонечным, па-сапраўднаму святочным у душы. Мы вярнуліся дадому зморанымі, але вясёлымі і напоўненымі энтузіазмам і гонарам за нашага славутага земляка Уладзіміра Дубоўку.

Сяменас Людміла, бібліятэкар Пастаўскай

дзіцячай бібліятэкі імя Ул. Дубоўкі.

 

Пра дзеда i ўнука
Уладзімір Дубоўка

1
Недзе далёка ў вёсцы маленькай век дажываў свой дзедка старэнькі.

Старасць — не радасць. Сядзе абедаць —ежа ліецца з лыжкі у дзеда.

Пазалівае чысты абрус так ён і заціркай, ён і капустай.

3 гэтай прычыны дзеда старога есці саджалі каля парога.

Там ён і снедаў, там і абедаў, там ён з унукам меў і бяседы…

2
Дзедаў унучак, мамін сыночак, ножык узяўшы, сеў у куточак.

Нешта майструе, нешта складае. Будзе, напэўна, цацка якая.

Маці пытае:— Любы сыночак! Што ж ты майструеш, сеўшы ў куточак?

Што ж гэта будзе, скрыначка быццам? — Будзе, матуля, гэта — карытца.

Як пастарэеце з татам абое, вас не прыму я есці з сабою.

Каля карытца вас пасаджаю, поснай заціркі паналіваю…

Тата на маму, мама на тату глянулі моўчкі: «Хто ж вінаваты?»

3
3 гэтага часу дзеда старога больш не саджалі каля парога.

Так, як усюды, у кожнай сямейцы, разам з сабою далі яму месца…

Казачка гэта вельмі старая, ходзіць па свеце з краю да краю.

Хто пра яе і забудзецца, можа, ўнучак маленькі зноў дапаможа:

Ён пачытае. Хоць ведаюць людзі, але напомніць лішнім не будзе.

У.Дубоўка

Если вы нашли ошиб­ку, пожа­луй­ста, выде­ли­те фраг­мент тек­ста и нажми­те Ctrl+Enter.

Метки: , , . Закладка Постоянная ссылка.

Добавить комментарий