“Бібліятэка – асяродак інтэлектуальнага і духоўнага развіцця дзяцей і падлеткаў” – пад такой назвай адбыўся абласны семінар на базе Капыльскай дзіцячай бібліятэкі ў горадзе Капылі Мінскай вобласці.
Менавіта на гэты семінар у якасці гасцей атрымала запрашэнне Пастаўская дзіцячая бібліятэка імя У. Дубоўкі, каб падзяліцца сваім вопытам работы. Праграма семінара была насычанай і змястоўнай. Уразіла гасціннасць і шчырасць людзей капыльскай зямлі.
Удзельнікі мерапрыемства – гэта загадчыкі і бібліятэкары дзіцячых бібліятэк Мінскай вобласці. Усяго было каля 40 чалавек. На пад’ездзе да горада Капыля нас сустрэлі дырэктар раённай цэнтральнай бібліятэкі імя А. Астрэйкі і навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея, які расказаў пра гісторыю і культуру горада. Затым мы наведалі Капыльскую дзіцячую бібліятэку, дзе і адбыўся семінар. Адкрыла семінар прывітальным словам Ларыса Міхайлаўна Юхо, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Капыльскага раённага выканаўчага камітэта. А першым дакладчыкам на семінары была намеснік дырэктара Чалябінскай абласной бібліятэкі для моладзі з Расіі. Тэма даклада “Конкурсы — пляцоўка для рэалізацыі маладзёжных талентаў”. Выступленне адбылося дыстанцыйна. Далей было шмат цікавых дакладаў на розныя тэмы, але ўсе яны тычыліся арганізацыі вольнага часу дзяцей і падлеткаў. Наша Пастаўская дзіцячая бібліятэка была прадстаўлена выступленнем на тэму “Гісторыка-краязнаўчы клуб «Нашчадкі» як сродак арганізацыі вольнага часу малодшых школьнікаў і далучэння іх да беларускай нацыянальнай культуры”.
Многа пазнавальнага, інавацыйнага адкрыў семінар. Але хачацца спыніцца на тым, што ўразіла і захапіла. У рамках семінара праходзіў круглы стол, на які была запрошана Ірына Андрэеўна Багданава, пісьменніца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, літаратурнага аб’яднання «Наддзвінне». Харызматычная, умее трымаць аўдыторыю, яна ўнесла шмат цікавых прапаноў папулярызацыі кнігі і чытання. Напрыклад, кнігу могуць рэкламаваць прадстаўнікі ўлады і распавесці пра свае любімыя творы. А на конкурсах прыгажосці мадэлі маглі б выходзіць на подыум з кнігай у руках.
Цікавым было выступленне Людмілы Захарэвіч, вядучага метадыста аддзела маркетынгу Барысаўскай раённай бібліятэкі. Яна вядзе канал на YouTube “Казкі на канапе”, дзе чытае казкі беларускіх пісьменнікаў для дзяцей і дарослых.
На працягу семінара яго ўдзельнікі дзяліліся вопытам у прыватных гутарках. І гэта было вельмі карысна, натхняла на новыя дасягненні. Калі арганізатары семінара сказалі развітальнае слова, і ўсе занялі свае месцы ў салоне аўтобуса, адчувалася ўзрушанне, жаданне працаваць і здзяйсняць шматлікія планы і праекты.
808 просмотров всего, 1 просмотров сегодня
Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.