• «Любіце кнігу, бо яна — крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы.» (Францыск Скарына)

Гісторыя

ДАРЭВАЛЮЦЫЙНЫ ПЕРЫЯД  

На тэрыторыі, якая зараз уваходзіць у Пастаўскі раён, людзі жылі здаўна. Самае старажытнае пасяленне адносіцца да эпохі неаліта (3-е – пачатак 2-га тысячагоддзя да н.э.), размешчана на паўночным беразе возера Задзеўскае. У VII – IV стст. да н.э. тут сяліліся плямёны культур штрыхаванай керамікі, да якой адносяцца знаходкі на гарадзішчах ля вёсак Сарокі, Сіманькі. Курганны могільнік балтыйскіх плямёнаў у в. Вайшкуны датуецца IX – XIстст. н.э.

У X – XIII стст. Пастаўшчына ўваходзіла ў склад Полацкага княства.

Першыя пісьмовыя звесткі, якія тычацца тэрыторыі сучаснага Пастаўскага раёна, адносяцца да апошняй чвэрці XIV ст. На той час яна ўваходзіла ў склад Вялікага княства Літоўскага. З 1385 г. упамінаюцца Лынтупы, у 1473 г. Дунілавічы. З XVI ст вядомы Камаі, Манькавічы, з 1542 г. Лучай як уладанні Забярэзінскіх, з 1630 г. – Козічы, Юнькі.

 У XIII – XIVст. адбываліся частыя напады на гэтыя землі крыжакоў, якія рабілі спробы захапіць іх пад сваю ўладу, былі нашы землякі і пад харугвамі князя Вітаўта ў час Грунвальдскай бітвы 1410 г. Падставу гэтаму даюць тапанімічныя назвы Пастаўшчыны.Так, паблізу Варапаева да сярэдзіны ХХ ст. існавала вёска з назвай Грынвальды.

Перамога пад Грундвальдам паўплывала на сацыяльна-эканамічнае становішча ў краі. Пачалі ўзнікаць новыя гарады, мястэчкі і сельскія пасяленні, а разам з гэтым адбудоўвацца і пашырацца старыя; ажывіўся гандаль.

У 1-й палове XVI ст. асабліва пашырыліся на Пастаўшчыне ўладанні Зяновічаў, Радзівілаў, Астрожскіх, Забярэзінскіх, Гальшанскіх, якія ў гэты час дасягнулі вяршыні сваёй магутнасці. Гэтым магнатам належалі Паставы, Свіраны, Гадуцішкі, Янкішкі, Стаяцішкі, Ясева, Лучай і іншыя мястэчкі.

Землі Пастаўшчыны, дзе было шмат азёр, рэк, лясоў, багатых на рыбу, пушніну прыцягвалі прадстаўнікоў знакамітых родаў. У мясцовых лясах была шырокая прастора для палявання на дзікіх звяроў. Тут шырока было развіта бортніцтва, а адсюль і багатая мядовая даніна.

Пастаўшчына была даволі прыдатнай для земляробства і жывёлагадоўлі. Земляробствам тут займаліся са старажытных часоў. Вырошчвалі проса, пшаніцу, жыта, ячмень і іншыя культуры. У жывёлагадоўлі да XII ст. было дамінуючым свінаводства. Потым усё большую ўвагу пачалі аддаваць рагатай жывёле.

У адпаведнасці з новым Статутам, у 1566 г. пачалося рэфармаванне адміністрацыйна-тэрытарыяльнай сістэмы ВКЛ. Пастаўскія землі ўвайшлі ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства.

У 1613 г. выйшла карта ВКЛ, дзе нанесены населеныя пункты Пастаўшчыны – Паставы, Дунілавічы, Камаі, Лынтупы, Полава.

У 1772, 1793 і 1795 гг. адбыліся тры падзелы Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй.

Пастаўшчына ўвайшла ў склад Расійскай імперыі на працягу 1793–1795 гг. Пасля другога падзелу да Расіі адышлі цэнтральная і ўсходняя частка сучаснай Пастаўшчыны (у т.л. Паставы, Дунілавічы), а пасля 3-га падзелу (1795) – заходняя (Лынтупы і навакольныя вёскі).

Паставы спачатку лічыліся горадам, да 1796 г. былі цэнтрам павета, потым сталі мястэчкам, цэнтрам воласці ў Дзісенскім павеце Мінскай, з 1842 г. – Віленскай губерняў.

Лынтупы з 1801 г. знаходзіліся ў Завілейскім, з 1843 г. – у Свянцянскім паветах Віленскай губерні.

Падчас вайны 1812 года галоўныя сілы французскай арміі прайшлі праз Пастаўшчыну і тады вёска Навадруцк была перайменавана Напалеонам у Парыж. Існуе таксама і іншае тлумачэнне прычыны перайменавання вёскі. У згаданай мясціне жылі некалі французы, паланёныя ў 1812 г., што і паўплывала на з’яўленне вёскі з такой назвай.

Цераз рэчкі, што цяклі ў межах воласці, будаваліся невялікія масты, а ў шэрагу выпадкаў ладзіліся паромы. Праезд быў платным: па гарцу жыта ў год з кожнага гаспадара на карысць трымальніка.

Істотным фактарам развіцця рэгіёна, стала пракладванне чыгуначных шляхоў і ўзвядзенне неабходных для іх абслугоўвання пабудоў. Гэта вяло да павелічэння міграцыі насельніцтва, умацоўвала гаспадарча-эканамічныя адносіны, пашырала гандаль. Так, у 1895 г. прыватнае 1-е (Свянцянскае) таварыства пад’язных шляхоў закончыла пракладку чыгункі Новасвянцяны – Беразвеча (зараз у межах Глыбоцкага раёна). У тым жа годзе пачаўся рух цягнікоў да Пастаў, а на працягу 1896–1897 гг. – да Варапаева, Глыбокага.

У Паставах і Варапаеве ў канцы XIX ст. існавала некалькі шкіпінарных заводаў.

Найбольшую групу прадпрыемстваў прадстаўлялі вінакурныя заводы. Тры з іх знаходзіліся ў Паставах. Адным з найбольш магутных быў Лучайскі вінакурны завод (знаходзіўся ў маёнтку Стары Двор).

Заводы па вырабе цэглы існавалі ў Андронах, Асінніках, Варапаеве, Невядомшчыне, Сасноўцы, Обалані. Цэглу выраблялі і пры пастаўскім вакзале.

Дробная прамысловасць была прадстаўлена ў асноўным рамеснікамі. Пастаўскае сельскае рамеснае таварыства мела панчошных майстроў –  27, швачак – 14, гадзіншчыкаў – 3, шапачнікаў – 9, ганчароў – 4, землякопаў – 15, бондараў – 60, пільшчыкаў – 8, кавалёў – 21, слесараў – 2, колаўшчыкаў – 9, рымароў – 4, сталяроў – 19, цесляроў – 24, шаўцоў – 32, краўцоў – 29.

Акрамя сельскагаспадарчых работ сяляне ўсё часцей займаліся адыходнымі промысламі, наймаліся на розныя работы.

У часы 1-й сусветнай вайны Паставы знаходзіліся на лініі фронту паміж нямецкімі і рускімі войскамі і многія будынкі былі разбураны. Да нашага часу захаваліся на тэрыторыі Пастаўшчыны ўзведзеныя германскімі фарміраваннямі абарончыя ўмацаванні.

 

ЛІТАРАТУРА

  1. 1. Высоцкі, А. Паставы: гісторыя і сучаснасць / А. Высоцкі // Служба Спасения. – 2005. – № 6. – С. 58–59.
  2. Дулеба, Г. Пастаўшчына на старонках “Обзора Виленской губернии” / Г. Дулеба // Пастаўскі край. – 2007. – 27 чэрв. – С. 4.
  3. Зямчонак, І. Ваколіцы Парыжа : старонкі гісторыі Пастаўскага Паазер’я / І. Зямчонак. –  Гродна, 2000. – 104 с. – (Мястэчкі даўняй Віленшчыны).
  4. Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Пастаўскага раёна / рэдкал. : Г.К. Кісялёў  [і інш.]. – Мн., 2001. – С. 29–130.
  5. Петрусевіч, І. Там, дзе штогод “Звіняць цымбалы…” : гісторыя і сучаснасць Пастаў / І. Петрусевіч // ЛіМ. – 2005. – 23 верас. – С. 5.
  6. Поставы: под солнцем столетий : исторический очерк // Сабина, П. Беларусь живописная / П. Сабина. – Мн., 2006. – С. 95–97.
  7. Сінкевіч, Ю. Паазер’е: гісторыя і сучаснасць Пастаў / Ю.Сінкевіч // Голас Радзімы. – 2005. – 8 верас. – С. 9.

___________________________________________________

http://vlib.by/PRIDVINIE-11/POSTAVY/History-Postavy-2.htm

РЭВАЛЮЦЫЙНЫЯ ПАДЗЕІ І ЎСТАНАЎЛЕННЕ САВЕЦКАЙ УЛАДЫ  

 

Узброенае Кастрычніцкае паўстанне ў Петраградзе было прыязна сустрэта насельніцтвам Пастаў і салдатамі Пастаўскага гарнізона. Частка палкоў ужо 26 кастрычніка 1917 года правяла арышты штабоў, арганізавала перавыбары салдацкіх камітэтаў. Батарэі пачалі перамяшчацца да чыгуначнай станцыі, каб пры неабходнасці выступіць на падтрымку рэвалюцыі. У гэты час стыхійна і больш-менш арганізавана праходзілі мітынгі з удзелам меньшавікоў і эсэраў. У вёсках Андроны, Цёплыя, Васіліны, Чарэмушнікі Падзісённыя, Кураполле, Бароўкі агітацыю распачалі прыхільнікі шляхціца Дамброўскага, а ў іншых населеных пунктах – графа Пшаздзецкага.

Прадстаўнікам бальшавікоў удалося арганізавана правесці шматлюдны мітынг у цэнтры Пастаў з мэтай падтрымкі ўлады Саветаў. Значны ўплыў на сітуацыю аказаў 2-гі армейскі з’езд салдацкіх дэпутатаў 3-й арміі.

На рэвалюцыйны настрой насельніцтва Пастаўшчыны ўплывала і тое, што вярталіся ў родны край многія сяляне, якія раней вымушана пакідалі яго і ехалі працаваць у Пецярбург, на шахты Данбаса і заводы Украіны. Там яны станавіліся рабочымі, пранікаліся пралетарскай ідэалогіяй. Вяртаючыся дадому, яны распаўсюджвалі пралетарскія ідэі сярод землякоў.

Да сярэдзіны лістапада 1917 года ўся ўлада ў вайсковых частках Пастаўскага гарнізона і ў горадзе, а таксама па ўсёй лініі фронту 3-й арміі перайшла да Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, які назначаў камісараў ва ўсе аддзелы штаба арміі, у тым ліку і ў Пастаўскую воласць. У канцы лістапада 1917 года адбыліся перавыбары Пастаўскага валаснога Савета, дзе да гэтага часу  эсэры і меньшавікі мелі перавагу. У выніку бальшавікі атрымалі ў ім большасць месцаў.

Валасны савет, у які ўваходзіла 16 мясцовых жыхароў, размяшчаўся ў фальварку Варапаева. У ліку першых ён распачаў дзейнасць па нацыяналізацыі панскай маёмасці. Для падтрымання парадку была ўтворана мясцовая міліцыя ў складзе 5 чалавек.

18 лютага 1918 года пачаліся наступленні германскіх войскаў. 10-я армія, што рухалася ў напрамку Мінск – Смаленск, ліквідавала Савецкую ўладу ў Паставах. Была адноўлена валасная ўправа, адменены ўсе дэкрэты Савецкай улады, аднаўлялася памешчыцкая ўласнасць. Памешчыкам вярталіся землі, інвентар, маёнткі, лясныя ўгоддзі, што належалі ім раней. За любое  непадпарадкаванне сялян жорстка каралі, і як вынік – пачаўся масавы адыход жыхароў з горада і воласці, а частка найбольш радыкальных – бралася за зброю. Восенню 1918 года ўзброеная барацьба ў тыле нямецкіх войскаў набыла масавы характар.

У такім стане Пастаўшчына сустрэла навіну аб лістападаўскай рэвалюцыі ў Германіі. Брэсцкае пагадненне было анулявана, і Чырвоная Армія ўступіла на акупіраваныя Германіяй землі. У другой палове лістапада 1918 года часці Чырвонай Арміі ўвайшлі ў Паставы. 15 снежня ў в. Андроны на мітынг сабраліся каля 4 тыс. грамадзян. Ініцыятыву спрабаваў захапіць прыхільнік Дамброўскага Давідовіч, але натоўп не даў яму слова крыкамі “Не патрэбны нам ні памешчыкі, ні прыставы, ні земскія начальнікі!”. На мітынгу быў выбраны рэвалюцыйны камітэт Пастаўскай воласці ў складзе Цімафея Собаля, Пятра Дзіковіча, Іосіфа Райчонка і інш.

З 1919 па ліпень 1920 года і з 18 сакавіка 1921 па 1939 год Пастаўшчына была пад польскай уладай.

У верасні 1939 года тэрыторыя Пастаўшчыны ўвайшла ў склад БССР, пачала друкавацца мясцовая газета “Новы шлях”.

15 студзеня 1940 года ў Вілейскай вобласці  былі створаны Пастаўскі і Дунілавіцкі раёны.

З устанаўленнем Савецкай улады, у 1940 годзе, частка сялян раёна аб’ядналася ў калектыўныя гаспадаркі. У раёне арганізавана 9 калгасаў і створана адна ініцыятыўная група. У калгасы аб’ядналіся 506 сялянскіх гаспадарак. У калгасах налічвалася 9 ферм буйной рагатай жывёлы. Для забеспячэння патрэб калектыўнай сельскай гаспадаркі былі створаны 2 МТС, у якіх налічвалася 15 трактароў, іншы складаны сельскагаспадарчы інвентар.

На 1 студзеня 1941 года ў Пастаўскім раёне было 59 992 жыхары.

___________________________________________________

ЛІТАРАТУРА

  1. Касцень, А. Чым надзяліць селяніна / А. Касцень // Народнае слова. – 2002. – 16 сак. – С. 4–5.
  2. Молчун, Л. Начало коллективизации на Поставщине / Л. Молчун // Пастаўскі край. – 2004. – 25 лют. – С. 3.
  3. Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Пастаўскага раёна / рэдкал. : Г.К. Кісялёў  [і інш.]. – Мн., 2001. – С. 131 – 200.

ВЯЛІКАЯ АЙЧЫННАЯ ВАЙНА  

Вялікіх  баёў на тэрыторыі Пастаўскага раёна не назіралася. У лакальных сутычках з гітлераўцамі фарміраваннямі Чырвонай Арміі было знішчана некалькі варожых аўтамашын, разбіта калона матацыклістаў, збіты адзін самалёт.

Першымі на Пастаўшчыне былі захоплены населеныя пункты Лынтупы, Палессе, Масленікі, Падзюткі, Камаі, Ярэва, Вярэнькі, Васіліны, Кураполле, Савічы, 6 ліпеня 1944 г. – Паставы, а праз дзень і ўся тэрыторыя раёна.

Восенню 1941 г. падзел часткова акупіраванай Беларусі быў у асноўным завершаны.

Пастаўскі раён увайшоў у Глыбоцкую акругу. Частка раёна – у Вілейскую акругу, а да генеральнай акругі Літвы адышлі тэрыторыі Лынтупскага і Камайскага сельсаветаў. Такое размежаванне значна ўскладніла і без таго складанае становішча жыхароў.

Адной з асаблівасцей акупацыйнага рэжыму на Пастаўшчыне была набліжанасць раёна да Вілейкі – абласнога горада, які стаў ваенным і палітычнам фарпостам германскіх войскаў у гэтым рэгіёне. Тэрыторыя раёна выкарыстоўвалася і для перападрыхтоўкі, часовага прыпынку перад адпраўкай на фронт шматлікіх вайсковых падраздзяленняў. Для выканання ваенна-аператыўных задач быў адноўлены аэрадром. Тут штодня рабілі пасадку 10–15 самалётаў. Для тэхнічнага забеспячэння палётаў каля Канстанцінава была ўстаноўлена радыёпеленгатарная станцыя.

Пры выкананні карных і ваенна-гаспадарчых задач на Пастаўшчыне часта з’яўляліся ваенна-паліцэйскія падраздзяленні. Пры фарміраванні акупацыйных органаў выкарыстоўваліся літоўскія паліцэйскія фарміраванні. Яшчэ адной асаблівасцю акупацыйнага рэжыму на Пастаўшчыне была наяўнасць на тэрыторыі раёна польскіх нацыянальных фарміраванняў Арміі Краёвай і спроба германскіх органаў выкарыстаць іх у сваіх ваенных і палітычных мэтах.

Для выканання планаў па забеспячэнні рабочай сілай прадпрыемстваў Германіі былі арганізаваны біржы працы. Была ўведзена каменданцкая гадзіна і ўсялякія перамяшчэнні абмежаваны. Патрабавалася здаць зброю, ваенную маёмасць, данесці ўладам на ваеннаслужачых, савецкіх актывістаў. За невыкананне загадаў акупантаў прадугледжвалася адзіная мера – расстрэл ці канцэнтрацыйны лагер для ўсіх членаў сям’і.

Неад’емнай часткай акупацыйнага рэжыму былі карныя экспедыцыі.

За гады вайны акупантамі было знішчана ў Пастаўскім раёне 3688 чалавек, вывезена ў Германію 1800 жыхароў. У час карных аперацый было спалена 77 вёсак, у тым ліку разам з жыхарамі вёска Альцы.

Для кіраўніцтва патрыятычным антыфашысцкім рухам былі створаны ў верасні 1943 г. Дунілавіцкі і ў кастрычніку 1943 г. Пастаўскі падпольныя райкамы КП(б)Б на чале з Уладзімірам Нічыпаравічам Дорменевым і Іванам Максімавічам Яўмененкам. Іх асноўным месцам дыслакацыі стала партызанская брыгада імя К.Я. Варашылава.

Моцным сродкам мабілізацыі мас на барацьбу з ворагам з’яўляўся падпольны партыйны друк. З восені 1943 г. у зоне дзеяння брыгады Ф.Р. Маркава дзейнічала друкарня Вілейскага падпольнага абкама партыі. Тут набіраліся і друкаваліся Пастаўская раённая газета “За победу”, шматлікія лістоўкі.

Важным момантам для разгортвання барацьбы з акупантамі стала рашэнне Вілейскага абкама партыі аб стварэнні ў тыле ворага партызанскага атрада “Смерць фашызму” ў колькасці 50 чалавек, прынятае ў пачатку ліпеня ў раёне Полацка. Большасць байцоў атрада складалі выхадцы з Пастаўскага раёна. Камандзірам быў прызначаны старшыня Пастаўскага райвыканкама Ф.Н. Нагорны, а камісарам – першы сакратар Пастаўскага райкама партыі А.А. Манахаў. Аснову патрыятычных груп складалі мясцовыя актывісты, былыя дзеячы КПЗБ, члены КСМЗБ, воіны і афіцэры Чырвонай Арміі, якія аказаліся ў акружэнні ці збеглі з фашысцкага палону.

Асобую ролю ў разгортванні партызанскага руху адыгралі вопытныя партыйныя, савецкія і камсамольскія работнікі, якія пасылаліся ў тыл ворага па заданні партыі. Яскравым прыкладам гэтага можа служыць дзейнасць вядомага арганізатара і кіраўніка партызанскага руху на Пастаўшчыне, нашага земляка, Героя Савецкага Саюза Фёдара Рыгоравіча Маркава. Трапіўшы ў акупіраваны Пастаўскі раён, ён падабраў надзейных людзей, устанавіў сувязі з дробнымі партызанскімі групамі і на іх базе стварыў партызанскі атрад імя А.В. Суворава. Таксама на тэрыторыі Пастаўскага раёна дзейнічалі атрады: “Знішчальнік”, “Слава”, “Перамога” і інш.

Партызанская вайна набывала ўсенародны характар. Насельніцтва, ратуючыся ад фашыстаў, цэлымі сем’ямі ішло ў партызаны, падтрымлівала народных мсціўцаў, як магло. На вызваленай партызанамі тэрыторыі дзяржаўная ўлада ажыццяўлялася партызанскім камандаваннем і Пастаўскім падпольным райкамам партыі. Партызанскія фарміраванні прымалі ўдзел у вызваленні раёна разам з часцямі Чырвонай Арміі, пасля чаго многія народныя мсціўцы ўліліся ў франтавыя часці.

4 ліпеня 1944 года войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту пад камандаваннем І.Х. Баграмяна пасля вызвалення Віцебска, Полацка, Лепеля, Глыбокага пачалі наступленне ў напрамку Паставаў.

Праціўнік аказваў моцнае супраціўленне, але воіны 145-й Віцебскай стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра П.А. Дзіброва рашучымі дзеяннямі ачысцілі Варапаева і некаторыя іншыя населеныя пункты ад гітлераўцаў.

Асабліва жорсткія баі разгарнуліся ў ваколіцах вёсак Лучай, Савічы, Манькавічы, але найбольш вораг супраціўляўся ў в. Юнькі, якая знаходзілася побач з Паставамі.

5 ліпеня 1944 года г. Паставы быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Першым уварваўся ў райцэнтр танк Т-34, які гусеніцамі раздушыў варожую гармату, аўтамашыну, некалькі матацыклаў, але і сам трапіў на процітанкавую міну. Лёс гэтага экіпажа невядомы, пасля вайны танк быў дастаўлены ў ваенны гарадок і ўстаноўлены на пастаменце.

 

ЛІТАРАТУРА

  1. Бандарэнка, І. Не скарыліся перад ворагам / І. Бандарэнка // Пастаўскі край. – 2004. – 2 ліп. – С. 6.
  2. Бурак, А. Ахвяры вайны / А. Бурак // Пастаўскі край. – 2003. – 8 мая. – С. 2.
  3. Курыловіч, П. Вечны боль – Альцы / П. Курыловіч // Пастаўскі край. – 2003. – 1 лют. – С. 3.
  4. Лабуць, А. Кіпела рака, а вада была чырвонай… / А. Лабуць // Пастаўскі край. – 2005. – 30 сак. – С. 2.
  5. Латыш, А. Мая зямля, вайной абпалёная… / А.. Латыш // Пастаўскі край. – 2004.– 14 крас. – С. 2.
  6. Лаўданская, Г. Ішла вайна па Свіранах… / Г. Лаўданская // Пастаўскі край. – 2005. – 2 ліп. – С. 3.
  7. Маразюк, М. Вызваляючы Пастаўшчыну / М. Маразюк // Пастаўскі край. – 2005. – 2 ліп. – С. 2.
  8. Памяць : гісторыка.-дакументальная хроніка Пастаўскага раёна / рэдкал. : Г.К. Кісялёў  [і інш.]. – Мн., 2001. – С. 201–454.
  9. Цыбульский, А. Врагу не покорились / А. Цыбульский // Белорусская нива. – 2005. – 2 апр. – С. 12.
  10. Шыман, З. Стыла кроў у жылах… / З. Шыман // Пастаўскі край. – 2005. – 23 сак. – С. 2.

___________________________________________________

ПАСЛЯВАЕННЫ ПЕРЫЯД  

З першых дзён вызвалення пачалося аднаўленне народнай гаспадаркі. 20 верасня 1944 г. Пастаўскі і Дунілавіцкі раёны ўвайшлі ў састаў Маладзечанскай вобласці.

Партыйныя і савецкія органы, гаспадарчыя кіраўнікі прымалі ўсе захады, каб павялічыць выпуск прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі, пашырыць сферу сацыяльных паслуг. Паступова ў строй дзеючых уводзіліся новыя важныя аб’екты, ажывалі даваенныя.

Ужо ў 1947 г. першую прадукцыю выдаў Пастаўскі льнозавод, які ператвораны цяпер у адкрытае акцыянернае таварыства. Прадпрыемства расло, умацоўвалася яго матэрыяльна-тэхнічная база, лепшымі станавіліся ўмовы працы і быту рабочых. I хоць вытворчая дзейнасць калектыву цалкам залежыць ад пастаўляемай сыравіны гаспадаркамі нашага і суседніх раёнаў, тут прымаліся і прымаюцца захады па стварэнні эфектыўнай безадходнай вытворчасці.

У 1953 г. у строй дзеючых уступіў кансервавы завод, праз дзесяць гадоў — малаказавод. У 1964 г. на базе дзвюх хлебапякарань быў створаны хлебазавод, а ў 1970 г. пабудаваны новы, які пазней атрымаў назву «Камбінат кааператыўнай прамысловасці».

Набыў самастойнасць і стаў унітарным прадпрыемствам Пастаўскі мясакамбінат. Разам з Лынтупскім спіртзаводам названыя прадпрыемствы ў асноўным ажыццяўляюць перапрацоўку прадукцыі, якую пастаўляюць ім гаспадаркі і насельніцтва раёна.

Сярод старэйшых прадпрыемстваў Пастаўшчыны — шклозавод «Гута», Варапаеўскі дрэваапрацоўчы камбінат. У кожнага з іх па-свойму багатая і знакамітая біяграфія.

20 студзеня 1960 г. Пастаўскі раён увайшоў у склад Віцебскай вобласці, Дунілавіцкі раён быў скасаваны.

Спрыяльнае геаграфічнае становішча і наяўнасць працоўных рэсурсаў, а Пастаўскі раён з’яўляўся буйнейшым па колькасці насельніцтва сярод сельскіх раёнаў Віцебскай вобласці, садзейнічалі далейшаму развіццю на Пастаўшчыне прамысловай вытворчасці. Так, згодна з пастановай Савета Міністраў БССР, на працягу 1977 — 1980 гг. вялося будаўніцтва завода па вытворчасці камплектаў вучэбнага абсталявання па чарчэнні і маляванні, разлічанага больш як на 500 працуючых. У 1981 г. прадпрыемства выдала першую прадукцыю. Адметна тое, што гэта была амаль што адзіная спецыялізаваная вытворчасць, якая забяспечвала многія рэгіёны былога СССР школьным абсталяваннем.

Пастаўскі раён, нягледзячы на даволі развітую прамысловасць і іншыя галіны, усё ж сельскагаспадарчы. У залежнасці ад задач, якія ставіў час, само жыццё, адбывалася ўзбуйненне гаспадарак, пашыралася сацыяльная сфера на вёсцы.

Дзякуючы дапамозе дзяржавы калектыўныя гаспадаркі змаглі набываць новую тэхніку.  Было створана раённае аб’яднанне «Сельгастэхніка» з колькасцю працуючых каля 300 чалавек.

Аднак не ўсе працэсы ў сельгасвытворчасці адбываліся так, як жадалі вяскоўцы. Захапленне рознымі кампаніямі, у тым ліку пашырэнне пасеваў кукурузы, падрывала стан такіх традыцыйных культур, як бульба, жыта, авёс, лён. Таму гаспадаркі пасля чарговага «эксперыменту» вярталіся да сваіх звыклых, спрадвечных заняткаў. А ў 1960-я гады пачалася спецыялізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці, узрастала яе энергаўзброенасць. Толькі за дзесяцігоддзе, з 1960 г. па 1970 г., аб’ёмы продажу збожжа дзяржаве ўзраслі ў 3 разы, мяса – у 2,7, агародніны і малака — у 2,2, яек — у 3 разы. Найбольш высокіх паказчыкаў у развіцці жывёлагадоўлі раён дасягнуў у 1990 г. Дзяржаве было рэалізавана 56,1 тыс. тон малака, 13,4 тыс. тон мяса.

Раён неаднаразова выходзіў пераможцам абласных, рэспубліканскіх і ўсесаюзных сацыялістычных спаборніцтваў, сотні перадавікоў сельгасвытворчасці ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, а старшыня калгаса імя Суворава Адольф Адольфавіч Валодзька ўдастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы.

На жаль, пачынаючы з 1990-х гадоў, фінансавае і матэрыяльнае становішча гаспадарак пачало пагаршацца. Па розных аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах значна знізіліся аб’ёмы вытворчасці многіх відаў сельгаспрадукцыі, ураджайнасць збожжавых, бульбы, ільну.

Пастаўшчына здаўна славіцца сваімі музычнымі традыцыямі, самадзейнай мастацкай творчасцю, рамёствамі. У няпросты пасляваенны перыяд уцалелыя памяшканні, якія былі прыгодны для выкарыстання, сталі першымі культурнымі цэнтрамі. Ужо ў 1944 г. на вуліцы Чырвонаармейскай у Паставах быў адкрыты Дом сацкультуры. Больш магчымасцей у культработнікаў з’явілася пасля стварэння ў 1946 г. аддзела культуры райвыканкама. У гэты перыяд для функцыянавання раённага Дома культуры былі перададзены памяшканні на вул. Савецкай. Добрым падарункам гараджанам стаў кінатэатр «Радзіма».

Пашырэнню асветніцтва спрыяла арганізацыя невялікіх мясцовых бібліятэк. 3 1960-х гадоў яны набылі статус самастойных. У дзейнасці культурна-асветных устаноў шырока выкарыстоўваліся розныя формы работы — тэматычныя вечары, народныя універсітэты, вечары працоўнай славы, сустрэчы з ветэранамі вайны і працы.

Шырокую вядомасць Пастаўшчыне прынёс Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», які стварыўся ў 1991 г. і стаў традыцыйным.

На працягу ўсёй сваёй гісторыі, як бы яна ні ацэньвалася, у раёне вырасла шмат сапраўдных арганізатараў вытворчасці, вядомых у рэспубліцы людзей, актыўных у грамадскім жыцці. Сярод іх В.А. Клачкова, А.А. Валодзька, М.В. Шчучка, А.І. Кухальская, Т.Р. Вярбіцкая, Н.М. Андрэйчык, В.В. Чэпік, Б.П. Шылько,  П.М.Розынка і інш.

Вялікі ўплыў на сацыяльна-эканамічнае станаўленне і развіццё раёна аказвалі партыйныя кіраўнікі М.А. Карабань, А.Я. Федарэнка, В.А. Клачкова, Б.І. Гаўрыльчык, старшыні райвыканкамаў Я.В. Касарэўскі, В.Ф. Скобелеў, Э.Ф. Ляшковіч, камсамольскія важакі Н.М. Гірса, Т.Ф. Шпілеўская, Г.У. Кулажанка і інш.

3 набыццём краінай самастойнасці і незалежнасці ўзніклі ў многім спецыфічныя для раёна задачы, бо ён аказаўся прыгранічным. На яго тэрыторыі дзейнічае мытня, Пастаўская пагранкамендатура, першая асобная авіяцыйная эскадрылля, ваенны шпіталь,

У раёне актыўна працуюць палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні і арганізацыі.

  

ЛІТАРАТУРА

  1. Касцень, А. Вясковыя гужы / А. Касцень // Народнае слова. – 2002. – 30 крас. – С. 4.
  2. Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Пастаўскага раёна / рэдкал. : Г.К. Кісялёў [і інш.]. – Мн., 2001. – С. 455 – 528.
  3. Поставскому району – 60 лет // Советская Белоруссия. – 2000. – 29 янв. – С. 3.

___________________________________________________

http://vlib.by/PRIDVINIE-11/POSTAVY/History-Postavy-2.htm

798 просмотров всего, 2 просмотров сегодня

Комментарии запрещены.

  • users online

     

     

  • ЛЕГЕНДА ПРА ПАСТАВЫ

         У даўнія часы жылі тут два браты – Іван і Пятро.

    Першы ад нараджэння быў хітры, ліслівы, калі яму штотрэба было, то з-пад зямлі мог узяць, з рук выхапіць. Такім ужо анёлкам прыкінецца, што проста шкада на яго глядзець, не тое каб просьбу ягоную не выканаць.

    А Пятро, наадварот, быў працавіты, сумленны, але не вельмі гаваркі, хутчэй – маўклівы.

    Бацька часта яму гаварыў: чытаць далей>>>