Год малой родины
11 лютага ў Варапаеўскай гарпасялковай бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі Мікалая Арэха “Зігзагі лёсу: Полава, Пятровічы”.
Сабралася шмат людзей, якія цікавяцца гісторыяй свайго краю, сапраўдных прыхільнікаў краязнаўства. Мікалай Уладзіміравіч закончыў гістарычны факультэт Магілёўскага ўніверсітэта , працуе настаўнікам гісторыі ў Гуцкай сярэдняй школе, адзін са стваральнікаў краязнаўчага музея ў школе. М.У.Арэх аўтар наступных кніг: ”Гута –Голбія”(разам з І.М.Пракаповічам), “Вёсачкі над Заражанкай”, “Рымкі: Вёска на краі вечнасці”(разам з І.М.Пракаповічам), “Стары Двор і ваколіцы”(разам з І.М.Пракаповічам), “Зігзагі лёсу: Полава ‚Пятровічы”.
Вёска Полава з’яўляецца адной са старэйшых весак Пастаўшчыны і ўпершыню паказана на картах у першай палове 16 стагоддзя. “Дакладна вядома,што ў 1579 годзе па Дзісне каля Полава праплывалі плыты з артылерыяй. Гэта кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый рыхтаваўся вызваліць Полацк ад войскаў маскоўскага цара Івана Грознага, ці як звалі яго на беларускіх землях, Івана Жахлівага”,-гаворыцца ў кнізе. М.У.Арэх прывёў цікавыя факты з гісторыі паселішча вёсак Полава, Пятровічы і іх ваколіц. Аўтар звярнуў сваю ўвагу, што суседнія вёскі мелі паміж сабой цесную сувязь і іх жыхары радніліся паміж сабой , уступалі ў гаспадарчыя зносіны. Такія стасункі былі і паміж вёскамі Полава і Пятровічы. Кніга змяшчае інфармацыю пра мясціны,якія спрадаўна аблюбаваны чалавекам: прыроду, сядзібы, культавыя і гаспадарчыя аб’екты, гістарычныя падзеі і пра іх жыхароў:сціплых, працавітых і дабразычлівых людзей. Вёскі Полава і Пятровічы за ўвесь час свайго існавання прайшлі і ўздым і падзенне. Гэта і польская акупацыя , і ваеннае ліхалецце, і калектывізацыя. Выпрабаванні так і сыпаліся на вяскоўцаў. Адсюль і назва кнігі : “Зігзагі лёсу: Полава,Пятровічы.”
2018 год аб’яўлены ў нашай краіне Годам малой радзімы. Для большасці з нас, якія жывуць на сяле, маленькай радзімай з’яўляецца весачка альбо паселак, дзе нарадзіўся і прайшло тваё дзяцінства.
Сумна тое,што ў Беларусі з кожным годам становіцца шмат весак,якія знікаюць з карт сельсаветаў,раенаў, вобласці.
І як прыемна , што ў нас ёсць такія зацікаўленыя людзі,сярод якіх і М.У.Арэх, якія ў выніку пошукаў,гутарак з мясцовымі жыхарамі весак занатоўваюць іх успаміны, вывучаюць розныя гістарычныя і літаратурныя крыніцы, шмат свайго асабістага часу праводзяць у архівах і ў выніку такой крапатлівай працы друкуюць кнігі, у якіх захоўваецца багатая спадчына, якая засталася нам ад бацькоў і прадзедаў. Гэта бясцэнная памяць для нас і будучых пакаленняў, якая не вымяраецца грашыма. Ад імя ўсіх прысутных хочацца выказаць вялікую ўдзячнасць Мікалаю Уладзіміравічу за цікавую і змястоўную сустрэчу і пажадаць моцнага здароўя, творчых поспехаў і новых кніг.
Алена Міхалевіч, загадчыца Варапаеўскай гарпасялковай бібліятэкі.
7,766 просмотров всего, 6 просмотров сегодня
Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.