• «Любіце кнігу, бо яна — крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы.» (Францыск Скарына)

Малец Янусь

Малец Янусь (Іван Вільгельмавіч)

     Беларускі пісьменнік. Нарадзіўся 08.02.1951 г. у в. Хрыстова. Закончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт (1983).

Працаваў рабочым, у часопісе «Вожык» (1993–1994). Друкуецца з 1974 г. Адзін з аўтараў калектыўных зборнікаў «Лагодны прамень раніцы» (1988), «Асцюкі за каўняром» (1989) і інш.

Творы пераважна ў жанры сатыры і гумару (зборнікі «Бедны конь», 1992; «Трава ў вушах», 1994). У вершах раскрывае думкі і пачуцці сучасніка, пакутны шлях да ісціны (зборнік «Родны мацярык», 1995).

Пасля заканчэння васьмігодкі вучыўся ў Полацкім ГПТВ-66, працаваў на заводзе ў Віцебску, скончыў марскую школу ў горадзе Находка на Далёкім Усходзе. Служыў у войску ў Бірабіджане і ў сяле Князе-Валконскае пад  Хабараўскам. Пасля службы скончыў завочна БДУ імя У. І. Леніна (1977-1983 гг.). Працаваў у літаратурным аддзеле часопіса “Вожык”, а таксама ў розных арганізацыях па рабочых спецыяльнасцях.

У 1992 годзе выйшла ягоная кніга гумарыстычных вершаў і пародый “Бедны конь”, а ў 1994 кніга гумару і сатыры “Трава ў вушах”. У 1995 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” пабачыў свет зборнік лірыкі “Родны мацярык”. У 2005 годзе ў выдавецтве “Тэхнапрынт” выйшаў зборнік лірыка-публіцыстычнай і гумара-сатырычнай паэзіі, літаратурных пародый “Намінальны людзель”, а ў 2006 годзе ў выдавецтве “Логвінаў” кніга гумару і сатыры на рускай мове “С ума сойти!”. Творы Я. Мальца змяшчаліся ў калектыўных зборніках “Лагодны промень раніцы”, “Асцюкі за каўняром”, “Анталогія беларускай пародыі”, “Анталогія беларускай эпіграмы”, “Краса і сіла”,  “Дзе Мядзелка песні пяе…”  і  інш.

Займаецца таксама літаратурнай крытыкай. Даследаваў вядомую ананімную  паэму “Сказ пра Лысую Гару”. Практычна першым публічна назваў імя сапраўднага аўтара.

Сябар ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» з 1994 года.

____________***____________

Бібліяграфія

“Кантрасты” (Калектыўны зборнік “Лагодны промень раніцы”, 1988)

“Бедны конь” (1992)

“Трава ў вушах” (1994)

“Родны мацярык” (1995)

“Намінальны людзель” (2005)

“С ума сойти!” (2006)

____________***____________

“НУ, А Я, БРАТКІ, З ХРЫСТОВА”

 

“Хто з Масквы, а хто з Растова, Ну, а я, браткі, з Хрыстова” – так напісаў у адным са сваіх вершаў наш вядомы зямляк паэт, член Янусь Малец. Паставіўшы ў адзін шэраг з вялікімі гарадамі невялікую вёску на Пастаўшчыне, пісьменнік засведчыў не толькі адметнасць яе назвы, але значна большае – важнасць і каштоўнасць для кожнага чалавека роднага куточка зямлі. Хрыстова – радзіма Януся Мальца. Менавіта тут 8 лютага 1951 года ён з’явіўся на свет, тут прайшло яго маленства і юнацтва. Прыгожыя навакольныя краявіды, сялянскія клопаты, сямейны побыт – вось тыя крыніцы, якія разбудзілі, ускалыхнулі душу юнака, падштурхнулі яе да паэзіі.

Першы верш ён экспромтам склаў у трэцім класе пачатковай школы ў Хрыстове, калі настаўніца задала напісаць сачыненне пра восень. Але гэта была толькі маленькая іскрынка, якая ўспыхнула ад паэтычнага таленту, — сапраўднае полымя шуганула пазней, у час службы ў войску і вучобы на філфаку БДУ. А да гэтага былі шляхі юнацкага авантурызму і рамантыкі. Пасля заканчэння восьмага класа Ласіцкай сярэдняй школы Янусь падаўся на вучобу ў Полацкае ПТВ-66, потым, папрацаваўшы трохі на заводзе ў Віцебску, паехаў аж на Далёкі Усход у Находкінскую марскую школу тэхнічнага флоту, нейкі час плаваў на караблях. Але туга па родным краі аказалася мацнейшай за пошум ціхаакіянскіх хваляў. Янусь вярнуўся ў Беларусь, уладкаваўся на працу, атрымаў вышэйшую філалагічную адукацыю, стварыў сям’ю. І пачаў актыўна працаваць у паэзіі, яго вершы з’яўляліся на старонках розных часопісаў і газет. Нараджаліся творы не толькі сур’ёзныя, філасофскія, але і шмат жартаўлівых, гумарыстычных.

Першыя кніжныя падборкі вершаў нашага земляка выйшлі да чытача ў калектыўных зборніках “Лагодны промень раніцы” і “Асцюкі за каўняром”. У 1992 годзе ў бібліятэцы часопіса “Маладосць” свет пабачыла першая кніжка паэта “Бедны конь”. У анатацыі да яе напісана: “Аднойчы, калі Янусь Малец чытаў у адной з залаў свой гумарыстычны твор, на вуліцы ад смеху паваліўся слуп”. Так гэта ці не, засведчыць не магу, але ў тым, што яго вершы сапраўды цікавыя і вясёлыя, можна ўпэўніцца, прачытаўшы і іншыя кнігі паэта: “Трава ў вушах” (1994), “Намінальны людзель” (2005), “С ума сойти!”(2006). Такая гумарыстычная скіраванасць аўтара тлумачыцца як яго жартаўлівым характарам, так і тым, што ён некаторы час працаваў рэдактарам літаратурнага аддзела часопіса “Вожык”. Дарэчы, у першым нумары выдання за гэты год надрукавана некалькі цікавых гумарэсак нашага земляка.

У адным са сваіх інтэрв’ю Я. Малец неяк прызнаўся, што ў душы ён больш пісеміст, чым аптыміст, і ў творчасці побач з вершамі лёгкімі і вясёлымі нараджаюцца сур’ёзныя, трывожныя, балючыя. Праблемы нашай духоўнасці, мовы і культуры, чалавека і чалавечнасці, роднага краю і жыццёвага неспакою шырока адлюстраваліся ў яго паэтычным зборніку “Родны мацярык” (1995).

Тэмай роднасці прасякнуты многія вершы паэта, асабліва тыя, якія датычацца Пастаўшчыны, і перш-наперш, Хрыстова. Гэта вёска — і крыніца натхнення, і прытулак душы, і жывіца творчасці. Віншуючы Януся Мальца з 60-годдзем, пажадаем яму, каб любоў да роднай зямлі і паэзія заўсёды жылі ў сэрцы, якое б чуйна прыслухоўвалася да жыцця і адгукалася на яго рытмы цікавымі, шчырымі і нераўнадушнымі вершамі.

____________***____________

На грошы змалку небагаты,
Я на багатай рос зямлі,
Дзе бэз праз вокны лезе ў хаты,
Дзе вішні зноўку расцвілі.

Я з беларускай ціхай вёскі,
З-пад ільняных лясных азёр,
Дзе бор люляе адгалоскі,
Дзе як нідзе п’яніць чабор.

Дзе шчырасць сэрцы з краем поўніць,
Дзе твар лагодны ў светлай поўні
I дзе старэйшы кожны помніць
Вайны страшэнства, быццам сёння.

Янусь Малец

534 просмотров всего, 2 просмотров сегодня

Метки: . Закладка Постоянная ссылка.

Оставьте свой комментарий

  • users online

     

     

  • ЛЕГЕНДА ПРА ПАСТАВЫ

         У даўнія часы жылі тут два браты – Іван і Пятро.

    Першы ад нараджэння быў хітры, ліслівы, калі яму штотрэба было, то з-пад зямлі мог узяць, з рук выхапіць. Такім ужо анёлкам прыкінецца, што проста шкада на яго глядзець, не тое каб просьбу ягоную не выканаць.

    А Пятро, наадварот, быў працавіты, сумленны, але не вельмі гаваркі, хутчэй – маўклівы.

    Бацька часта яму гаварыў: чытаць далей>>>