Пастаўская цэнтральная раённая бібліятэка. Аддзел бібліятэчнага маркетынгу. Люцыян Шчасны — У маім сэрцы неяк нечакана Светлыя надзеі сёння расцвілі…
г. Паставы, 2018 год
Нарадзіўся Люцыян Шчасны 1 кастрычніка 1942 года, у 1949 годзе пайшоў у Хрыстоўскую пачатковую школу. Потым скончыў яшчэ два класы Ласіцкай сярэдняй школы. Перад прызывам ў войска ваенкамат прымусіў атрымаць сямігадовую адукацыю ў вячэрняй школе. Люцыян рос без бацькі, якога забрала вайна. Час быў галодны і бедны. Маці шмат працавала, каб падняць на ногі сваіх дзяцей. Ранняе дзяцінства прайшло ў невялікай хатцы на хутары ля лясных абшарах у Ліпках. Хлапчук сябраваў з вясковымі дзецьмі, якія таксама перажылі і пасляваенную разруху, і голад, менавіта тады яго не абмінула такая загана, як п’янства, курэнне, гэта, дарэчы, наклала адбітак на далейшы лёс нашага земляка, на яго светаўспрыманне, асудзіўшы на вечны пошук свайго “я”.
З 1962 па 1965 гады служыў у Сібіры. У 1966 годзе скончыў курсы трактарыстаў. Некалькі год працаваў па спецыяльнасці, а потым шмат гадоў на ферме пастухом. З 2002 года на пенсіі. Вершы Люцыяна Шчаснага, паэта – аматара з вёскі Хрыстова, распавядаюць пра жыццё простага вяскоўца, утрымліваюць развагі аўтара пра сэнс жыцця, праблемы вёскі. І хоць напісаны яны не прафесійным паэтам, яны вельмі шчырыя, зразумелыя для звычайнага чалавека. Яго вершы друкаваліся ў раённай газеце “Пастаўскі край”, часопіс “Вожык”, у кнізе “Дзе Мядзелка песні пяе”.
Споведзь душы
У 2007 годзе быў надрукаваны першы зборнік паэта “Споведзь душы”. Аўтар добра валодае дзвюма мовамі – рускай і беларускай, таму кніга складаецца з дзвюх частак: у першай часцы сабраны беларускія вершы, у другой – вершы на рускай мове. “Хрыстоўскія дні”. Дзень за днём бяжыць жыццё з яго клапатамі і хваляваннем. Вершы Люцыяна на першы погляд могуць здацца простымі і немудрагелістымі, але паміж радкоў адчуваецца прысутнасць аўтара з яго філасофскімі пытаннямі аб сэнсе жыцця, чаму часам навальваюцца нейкія беды і недарэчнасці на чалавека, мабыць “пакуль будуць дурні вясціся,//Не пакінуць нас чорныя дні”. Так і хочацца ўсклікнуць ўслед за паэтам: “Людзі! Будзьма лепшымі! Дабрыня ўратуе свет!”. Працалюбівы з дзяцінства, пасля чатырох гадоў навучання ўвогуле думаў “завязаць” з вучобай, бо планаваў пайсці ў калгас, каб мець кавалак хлеба ў хаце, ён не ўяўляе сябе і цяпер без працы:
Бывае і знаходзіцца
З пяром якая праца,
Ды цяжка засяродзіцца
І з думкамі сабрацца
І жахі нараджаюцца,
З якімі не растацца,
Калі жыццё канчаецца,
Пачнеш якія працы?!!
27 студзеня 2002 года
Некалькімі гадамі пазней Люцыян напіша:
Усё цяжэй пісаць мне верш
І са знямогамі змагацца.
Сабе кажу: “Пакуль жывеш –
Сябруй, браточак, з працай.
Працуй і ўдзень ты, і ўначы,
А не адлежвайся на печы,
Бо ад старэння не ўцячы,
Хоць і старанна будзеш бегчы.
Не раставайся анідзе
З сваёй надзеяю трывалай,
Што твая праца давядзе
Цябе да “добрага фінала”.
(Студзень, 2007 г)
Альбо такія словы:
Возвращаюсь домой утомлённый,
Всё лицо от мороза горит.
Нет, не быть нынче ночи бессонной
Коль «пахал» до вечерней зари.
Тяжело, но работал до пота
Я в течение целого дня,
Ибо знаю, что только работа
Исцелит от недугов меня.
Некаторыя вершы Люцыяна Шчаснага палохаюць сваёй бязвыхаднасцю, але калі мы сустрэліся з аўтарам на раённым семінары сельскіх бібліятэкараў на базе Валкоўскай сельскай бібліятэкі “Роля бібліятэкі як інфармацыйнакультурнага цэнтра ў адраджэнні нацыянальнай культуры”, мы ўбачылі пажылога чалавека з юнацкай душой, з “чорцікамі” у вочках, не раз аўдыторыя “ўспыхвала” смехам ад яго іскрамётнага гумару. І погляды яго далёка не песімістычныя, як гэта можа падасца з першага знаёмства з яго вершамі, паратунак ад жыццёвага “растлення цела і душы” ён раіць шукаць ў паэтызацыі роднага куточка: “Пра вёску вершы напішы!” Такім чынам
Люцыян Шчасны ўзнімае ролю паэта і паэзіі да небывалых вышынь і надзяляе іх якасцямі лекара душы і цела, надае вялікае значэнне адукаванасці, чытанню кніг:
Себя от пьянства исцеля,
Я дальше не лайдачу,
Читаю Твена и Золя,
И Ленина впридачу.
С упорством множество томов
Я всё же смог прочесть,
Хотя от их больших умов
Не стал я сам умнеть.
Что не прибавилось ума
От чтенья – не секрет,
Но где в душе ютилась тьма,
Теперь зажжёгся свет.
Нясцерпны боль і скрушны смутак – згуба роднага чалавека, маці. Да гэтай тэмы ён звяртаецца ў вершы “У цемры патанулі…”, адчуваецца, што маці для Люцыяна – светлы чалавек, да якога можна прытуліцца і ў горы, і ў радасці.
Мама, мама…
Твоё вдруг дыханье
Вновь приходит в тревожные сны.
Дом родимый
И ветра дыханье
И сугробы
У самой стены…
Пред твоею мистической тенью, О тебе
Непритворно скорбя,
Ты позволь мне
Упасть на колени,
Помолиться
Мне дай за тебя!
Піша маленькі чалавек з вялікай душой і пакутным сэрцам. Другая частка кніжкі захоплівае сваёй лаканічнасцю, калі словам цесна, а думкам прасторна.
Пускай мне некуда спешить
И времени девать,
Но коль я жив – я должен жить,
А не существовать!
Рэквіем па Хрыстове
У 2008 годзе надрукаваны другі зборнік вершаў паэта “Рэквіем па Хрыстове”. Зборнік паэт прысвяціў беларускім вёскам. Кожная вёска – гэта як маленькі сусвет са сваёй тапанімікай, традыцыямі, укладам жыцця. Шкада вясковаму паэту вёскі, якая вымірае, таму, хто мае вясковыя карані, гэты боль вельмі блізкі і зразумелы. Гэта тэма хвалюе пісьменнікаў, паэтаў, неабыякавых да жыцця людзей. Люцыян Шчасны не прыхарошвае дзейснасць, часам словы яго, так бы мовіць, “рэжуць слых”, але яму не адкажаш у шчырасці пачуццяў, прамаце выказванняў сваіх думак.
Ізноўку раніца. Марозцам
Працята блізь, працята даль.
Прыйшла вясна, а ў маёй вёсцы
Ўжо людзей няма амаль.
Усе маладыя паляцелі
Кудысьці са сваіх двароў.
Ну, а старым, каб і хацелі
Не разагнуць сваіх гарбоў.
А многа зробіш, калі ракам
Ты запаўзаеш на агарод.
Таму сядзіць па хатах макам
Стары, пагорблены народ.
І добра ўсеўшыся, чакае
Гадоў, напэўна, не адзін
Смерць неспадзеўную, якая
Яго і вымеце з хацін.
І хоць “пра вясну мараць чорныя барозны/Што з‑пад снегу паказалі/Сябе ўшыр і ўдоўжкі”/, аўтар хвалюецца, ці будзе каму апрацоўваць соткі, бо ў вёсцы па родных дарожках “ніхто не ходзіць / і хадзіць не будзе”:
А дзе хаты нежывыя
Вокнамі не свецяць,
Несупынна вецер вые
Ў снежаньскім дасвецці.
Нарадчас сярод сумных і “беспрасветных” вершаў, як сонейка, праглядваюць праз цяжкія хмары светлыя радкі:
З нябёс павесялелых хмары
Прагналі вешнія вятры,
і на заходзе, як пажары
Датлелі водблескі зары.
І ценяў стал менш бясшумных
Ад чорных дрэваў на траве.
Ну а ў птахавых камунах
Настрой вясёлкавы жыве.
Зямлі змянілася аблічча,
і гэта бачна за вярсту.
І толькі кнігаўкі скавычуць
Ці, можа, плачуць на ляту.
І нават вёска не праганяе
З іх душ нязносную жуду,
а можа птушка прадвяшчае
Нам, людцам, цяжкую бяду?
У апошніх радках трывога, каб не зрабілася чаго б благога, бо баліць душа за родны куточак, за мірнае неба над галавой, каб, як кажуць, варона не накаркала, кнігаўка не наплакала. Аўтар як бы баіцца сурочыць тое добрае, што ён бачыць вакол, таму здаецца канцоўка вершаў бязрадаснай: “Так будет, кажется, всегда/Но нет в душе покоя -/на место доброго всегда/Является плохое/”. Але ж гэта акалічнасць усяго-наўсяго сведчыць аб глыбокіх беларускіх карэннях Люцыяна Шчаснага, беларускі памяркоўны народ імкнуўся такім чынам спадмануць лёс, гэтыя словы ўспрымаюцца як аналаг рускай прамаўкі “Ни пуха-ни пера”, Ды вядзе пуцяводная зорачка да лепшай будучыні:
Тьма на поле улеглась
Лёгкая, свободная,
в небе звёздочка зажглась
Чья-то путеводная.
Путеводит, ну и пусть!-
Вдруг кому поможет,
И непрошенную грусть
С чьих-то душ низложит.
Голас з рэзервацыі
У 2012 годзе надрукаваны зборнік паэзіі “Голас з рэзервацыі”, у ім два раздзелы “Пісьмо ў мінулае” і “Испытание судьбой”. Аўтар на роднай і на русскай мовах, якімі добра валодае, шчыра расказвае пра свой лёс, пра шматдзённыя клопаты і перажыванні, пра родную вёску, разважае пра сэнс жыцця. Балючыя радкі часам гарманічна напаўняюцца гумарам і іроніяй. Ва
ўступным слове да кнігі пісьменнік, паэт, літаратурны крытык Янусь Малец напісаў: “Старанна выбраў лепшае, на мой погляд, з сшыткаў, “прычасаў” суадносна са сваім густам і такім-сякім літаратурным вопытам…Люцыян Шчасны хоча даць назву кнізе “Голас з рэзервацыі…Аўтар прарочыць смерць чарговай вёскі. У Хрыстове пакуль каля сотні жыхароў і не адзін дзесятак хат, але колькасць таго і таго прыкметна змяншаецца ў хуткаплынным часе, старэюць хрыстоўцы і сама вёска. Ужо зніклі нават падмуркі вёсак Міхайлава, Запалян, Турчын, дажывае век адна жанчына ў Пятровічах… Сумна, — заўважае Малец, — але ад гэтага не ўцячы”. Знакаміты
зямляк назваў Люцыяна Шчаснага цікавай асобай, якая заслугоўвае нашай увагі, а паэзію творцы з Хрыстова назваў шчырай і праўдзівай. Давайце адкрыем яго чарговы зборнічак, які пачынаецца чатырохрадкоўем “Дачытача”:
Як мне цяпер, браток, нялёгка
Пісаць бывае, дыхаць, жыць!
Маё ўсё добрае – далёка,
А дрэннае вакол ляжыць.
І далей гэтую думку працягвае верш
Самота.
Ляжаць самотна агароды
Каля пакрыўленых платоў…
Чаго няведама так шкода,
Што я расплакацца гатоў.
Сябе шкада, ці то Хрыстова,
Якое пад вясенні гром
Ізноў развітвацца гатова
З чарговым хворым жыхаром.
Але ж чалавек жыве і на жывое думае. А калі яшчэ не пакінула пачуццё гумару, дык і зусім няблага: Ніхто даўно не навяшчае,/Не ходзіць болей у мой двор./Рашылі бабы, што ўміраю,/Чакаюць:можа быць, памёр?/…Са мною бабкі прагадалі,/Што я памру. Я – буду жыць!/ І зноў, як усмешка на змрочным твары, як вясёлка на небасхіле пасля навальніцы, прызнанне – шчырае, поўнае радасці і жыццясвярджэння:
У маім сэрцы
Неяк нечакана
Светлыя надзеі
Сёння расцвілі.
І няма жадання
Свет клясці паганы
І ўсю тую нечысць,
Ёсць што на зямлі.
На кустах і дрэвах –
Снежыя карункі,
Белыя пярыны
На прасторах ніў,
І мяняе вецер
Часта накірункі,
Нібы ён дарогу
Некуды згубіў.
Апошняе слова
“Апошняе слова” табе, Тамара, прэзентую. Яно дапамагае ў барацьбе, і няхай цябе ад нечысці ратуе. Люцыян Шчасны. 2014 год”. Такі надпіс красуецца на ўнутраным баку вокладкі кнігі Л.
Шчаснага “Апошняе слова”, напісанае асабістай рукой аўтара на кніжцы, якую Л.Шчасны прэзентаваў бібліятэкару Валкоўскай сельскай бібліятэцы Якубоўскай Тамары Мінаўне. Вялікая заслуга менавіта яе ў тым, што імя паэта з вескі Хрыстова стала вядома больш шырокаму колу чытачоў. У кнізе сабраны вершы, якія ўжо друкаваліся ў трох папярэдніх, хаця ёсць і новыя. Кніга выдадзена ў 2014 годзе.
Люцыян Шчасны атрымаў у спадчыну ад бацькі цікавае прозвішча і імя. Яго ў вёсцы называюць проста Люцік – чалавек з чыстай, пяшчотнай, мягкай душой, нягледзячы на звыклую грубаватасць яго вершаў. Здаецца, сам лёс распарадзіўся, каб гэты чалавек быў шчаслівы. Вядучая рубрыкі “Что в имени моём”, доктар філалагічных навук, прафесар Валянціна Лемцюгова так тлумачыць значэнне гэтага прозвішча: “Прозвішча Шчасны пайшло ад старыннага асабістага імя Шчасны – “шчаслівы, удачлівы”. У статусе першага ці другога імя яно рэгулярна фіксуецца ў радзе старабеларускіх гістарычных дакументаў, напрыклад, Шчасны Герцык, Шчасны Адамовіч, Шчасны Красоўскі, Шчасны Забеліч (“Метрыка Вялікага Княства
Літоўскага”, кніга 43, 1523 – 1560; кніга 44, 1559–1566). Ці шчаслівы Люцыян Шчасны па жыцці? Чалавек сам сабе пан, перад сабой, людзьмі і Богам ён нясе адказ за свае ўчынкі:
Непрыемнасцей шмат меў
Ад сваіх учынкаў,
Аж пакуль не зразумеў
Той закон вялікі,
Што ў дарунак прынясла
Божая нам воля:
Ад наробленага зла
Не збяжыш ніколі.
Так што Бог тут ні пры чым,
Хоць ён і над намі,
Ад мучэнняў тых крычым,
Што зрабілі самі.
А гэта азначае, калі чалавек мае сілы прызнаць свае памылкі, то ёсць надзея, што яны будуць выпраўлены. Пра гэта і напамінае нам у сваіх вершах невядомы многім, але шчыры і праўдзівы паэт з маленькай вёсачкі Хрыстова, што на Пастаўшчыне, Люцыян Шчасны. У 2019 годзе перад навагоднімі святамі душа Люцыяна Шчаснага адляцела ў другі свет. Не стала паэта з яго пылкай душой, шчырымі думкамі і адкрытым людзям сэрцам. Яго кнігі будуць жыцьзамест яго.
Выкарыстаная літаратура:
Шчасны,Л. Споведзь душы. – Глыбокае:Барміца,2007. – 68 с.
Шчасны,Л. Рэквіем па Хрыстове. – Глыбокае: Барміца, 2008. – 132 с.
Шчасны,Л. Голас з рэзервацыі. – Глыбокае:Прэфект-інфо, 2012. – 76 с.
Шчасны,Л. Апошняе слова. – Глыбокае, 2014. – 64 с.
Малец,Я. Таямніца Хрыстова/Янусь Малец. – Паставы:ТБМ, 2015. – 60 с.
Сын правой руки: Что в имени моём?//СБ: Беларусь сегодня. – 2015. — 24
октября. – С. 16.
Матэрыял падрыхтавала Гірвель В., бібліятэкар аддзела маркетынгу
Пастаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі
Зборнікі вершаў Люцыяна Шчаснага, выдадзеныя ў розныя гады.
Вясковы паэт
Люцыян Шчасны вітае вясну
Люцыян Шчасны ля Хрыстоўскай каплічкі
Люцыян Шчасны чытае свае вершы перад ўдзельнікамі
раённага семінара на базе Валкоўскай сельскай бібліятэкі

Люцыян Шчасны
(паглядзець, спампаваць)
879 просмотров всего, 1 просмотров сегодня
Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.