Аддзел бібліятэчнага маркетынгу, дзяржаўная ўстанова культуры “Пастаўская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” — Металічны вернісаж
2016 год, Паставы
“Кузнечнае мастацтва можа быць тонкім, як акварэль, сакавітым, як жывапіс, пластычным, як скульптура” . (Таццяна Пастэрнак)
Юрый Фурс — прафесійны каваль, сябра Саюза дызайнераў і Саюза майстроў Беларусі, удзельнік і дыпламант шматлікіх выстаў. Яго работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Германіі, ЗША, Швецыі, Галандыі, Расіі, Эстоніі.
Юрась Фурс нарадзіўся ў 1963 годзе ў горадзе Шахцінск, Карагандзінскай вобласці, што ў Казахстане. У 1980 годзе закончыў сярэднюю школу, пераехаў у Беларусь. У Наваполацку скончыў вучылішча нафтавікоў і пайшоў служыць у армію. Служыў у роце ганаровай варты ў Ерэване. У Паставах жыве з 1983 года. На час пераезду за плячамі ўжо была служба ў арміі.
Як самога мастака, так і яго работы немагчыма зразумець да канца, без ведання біяграфіі творцы, таму што гэта знітавана, часам адно дзіцячае ўражанне становіцца вызначальным на ўсё далейшае жыццё.
Бацькі
Антон Віктаравіч і Алеся Лявонаўна прайшлі праз страшныя пакуты ГУЛАГа і ніколі не здрадзілі ні сваім ідэалам, ні свайму сумленню. Бацькі Юрыя Антонавіча – вельмі творчыя і таленавітыя людзі, якія вядомы далёка за межамі Пастаўшчыны. Маці – прафесійная мастачка, завочна скончыла Маскоўскі народны ўніверсітэт мастацтва, маскоўскія вышэйшыя архітэктурныя курсы. Бацька піша вершы, друкуецца ў вядомых перыядычных выданнях.Бацькі былі асабіста знаёмыя з беларускімі пісьменнікамі, паэтамі, грамадскімі дзеячамі Барысам Кітам, Уладзімірам Арловым, вялі перапіску з Янкам Брылем, Сяргеем Грахоўскім, з Ларысай Геніюш. Ад бацькоў перадалася Юрыю любоў да беларускай мовы, творчыя здольнасці. Бацькі былі асуджаны, і толькі ў 1990 годзе іх рэабілітавалі. У памяць пра тыя гады ў хаце Фурса захоўваюцца шахматы, якія маці змайстравала падчас ссылкі з ніцяных катушак. На сценах – яе карціны.
Старонкі біяграфіі
Пазнаёміўся з вядомым беларускім майстрам з Глыбокага Алесем Дубінам і захварэў кавальствам. З 1987 года займаецца кавальскай справай і за гэтыя гады зроблены сотні рэчаў. Юрый дзеліцца ўспамінамі: “Бацька працаваў у сельгастэхніцы і прапанаваў мне ісці вучыцца на слесара. Я і прымацаваўся да ПМК. У рамонтных майстэрнях была кузня, я і прыглядзеўся да працы тутэйшых майстроў. Спадабалася! Стаў вычыцца упраўляцца з гарачым металам. Не забудуся, як рабіў страмянку пад рэсоры, усё не трымлівалася”
Праз трынаццаць гадоў працы на прадпрыемстве пакінуў яе, бо ў дварышчы бацькоўскай хаты ўжо была свая кузня, прызначаная для іншых мэт, чым тая, якую пакінуў. У 1990 годзе адбылося свята кавальства ў Глыбокім, прысвечанае памяці каваля –паэта Паўлюка Багрыма, дзе Юрый браў удзел. Кажуць, мужчына склаўся тады, калі ён пасадзіў дрэва, вырасціў сына і пабудаваў хату. У Юрыя Фурса ўсё атрымалася ў поўнай меры – сын расце памочнікам бацьку і дзеду, дом узведзены уласнымі рукамі. Невялікі, ён прываблівае ўвагу вытанчаннасцю і мастацкім аздабленнем, дрэва для майстра таксама матэрыял, які вабіць і падаецца. Вырабляе мэблю.
Творчыя выставы
Юрый Антонавіч працуе ў самых розных кірунках: мастацкая апрацоўка металу (традыцыйнае кавальства і сучасная апрацоўка па новых тэхналогіях), дызайн мэблі, інтэр’еру, рэстаўрацыя і аднаўленне рарытэтных рэчаў (брычкі, вазкі, старжытная мэбля). Часам аўтар сумяшчае кавальства і жывапіс: у карціны мастакоў Іосіфа Атрахімовіча з Пастаў і Святланы Чаркасавай з Мінска, уносіць жалезныя “ноты”: металічная рама з каванымі аб’ёмнымі элементамі, што вельмі прыцягвае ўвагу наведвальнікаў.
“Металічны вернісаж” – назва, якую мела выстава на пачатку лютага 2007 года ў Мінску ў музеі гісторыі і культуры , і якая вынесена ў загаловак гэтага буклета. На выставе прысутнічалі майстры кавальства з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы. Пастаўшчыну прадстаўляў Юрый Фурс. Ён паказаў дэкаратыўна-прыкладныя рэчы (камінныя прылады, падсвечнікі, вешалка), дызайнерскія рэчы, выкананыя ў стылі металапластыкі, металічныя кветкі.
Персанальная выстава вырабаў Юрыя Фурса адбылася ў Пастаўскім краязнаўчым музеі у 2010 годзе, на якой быў прадэманстраваны дакументальная кінастужка “Хвіліны жыцця” кінастудыі Беларусьфільм (рэжысёр – Вольга Дашук). Стужка распавядае пра Юрася Фурса і яго бацьку, пра іх захапленне і жыццёвае прызначэнне – кавальства. На выставе былі прадэманстраваны вырабы мастака, сярод якіх была роза – сімвал вышэйшага майстэрства каваля. Сваю першую розу Юрый выкаваў на на фестывале ў Глыбокім і падарыў любай жонцы Наталлі. Сам жа аддае перавагу цюльпанам і гваздзікам.
У 2011 годзе некалькі тыдняў была адкрыта кампазіцыя дзівосных рэчаў майстра-каваля у Мядзельскім музеі народнай славы. Выстава мела назву “Хвіліны жыцця”. Як прызнаецца аўтар, галоўнымі для яго з’яўляюцца тыя вырабы, якія ён адносіць да катэгорыі “канцэптуальных”. Барана ператвараецца ў сімвал паміраючай вёскі, работа “Я нарадзіўся тут” прымушае сузіральніка задумацца аб сэнсе жыцця, аб прызначэнні асабістага “я” ў светастварэнні.
Трабуцішкі
Самыя душэўныя і гарманічныя адносіны ў Юрыя Фурса да беларускай вёскі. Юрый і Наталля Фурс у непаўторнай прыгажосці куточку Лынтупшчыны, непадалёку ад Блакітных азёраў, празрыстай ракі Страчы, бясконцай Залатой крыніцы стварылі чароўны куточак — аграсядзібу Трабуцішкі. Інтэр’ер дома ўнікальны ‑старадаўняя мэбля і кухонныя прылады, адноўленыя і адрэстаўрыраваныя майстрам, невялікі музей этнаграфічных і кавальскіх рэчаў, працоўная кузня
Ёсць куфэрак 19 стагоддзя. Прыгожая прырода, озёры, лес, чыстае паветра, грыбы, ягады, майстар-класы ў майстэрні – усё гэта надае творчых сіл і натхнення, прываблівае наведвальнікаў у аграсядзібу. Як вынік, сядзіба “Трабуцішкі” перамагла ў рэспубліканскім конкурсе “Лепшая аграэкасядзіба 2009 года” ў намінацыі “За захаванне беларускіх традыцый і культуры”.
Юрый Фурс праводзіць майстар-клас для студэнтаў гістфака БДУ
Творчыя працы каваля Юрася Фурса.
Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Пастаўскай ЦБС
Мы працуем: 8.00–17.00, акрамя суботы, нядзелі
тэл. 8(02155)4–27-83
e‑mail: lib.pos@mail.ru
1,243 просмотров всего, 1 просмотров сегодня
Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.