Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца штогод 21 лютага. Гэта свята было ўстаноўлена ЮНЕСКА з мэтай захавання моўнай разнастайнасці і падтрымкі родных моў ва ўсім свеце.
Родная мова з’яўляецца важнай часткай культурнай спадчыны народа, яна захоўвае гісторыю, традыцыі і духоўныя каштоўнасці. У гэты дзень праводзяцца розныя мерапрыемствы, прысвечаныя папулярызацыі і вывучэнню моў, а таксама нагадванню пра неабходнасць беражлівых адносін да сваёй мовы.
У Пастаўскай дзіцячай бібліятэцы імя У. Дубоўкі прайшоў Тыдзень роднай мовы, падчас якога былі арганізаваны разнастайныя мерапрыемствы.
На працягу тыдня ўсім наведвальнікам бібліятэкі прапаноўвалася паспрабаваць свае сілы ў перакладзе з рускай мовы на беларускую і наадварот. У якасці дапамогі былі прадстаўлены слоўнікі, якімі кожны мог скарыстацца. Такое моўнае практыкаванне не толькі спрыяла паглыбленню ведаў, але і падарыла ўдзельнікам шмат радасці і добрых эмоцый.
Бібліятэку наведалі людзі з абмежаванымі магчымасцямі з Пастаўскага ТЦСАН. Для гасцей былі падрыхтаваны цікавыя і забаўляльныя актыўнасці, якія спалучалі пазнавальнасць, творчасць і добры настрой. Удзельнікі з цікавасцю гулялі ў гульню «Бульба», адгадвалі загадкі, працягвалі беларускія прыказкі, а таксама глядзелі беларускамоўныя мультфільмы. Мерапрыемства прайшло ў цёплай і добразычлівай атмасферы, пакінуўшы прыемныя ўражанні ва ўсіх прысутных.
Бібліятэкар таксама наведала СШ № 3, дзе для вучняў 5–6 класаў была праведзена літаратурная гульня «Моўныя сцяжынкі». Падчас мерапрыемства дзеці разважалі пра тое, чаму важна ведаць і шанаваць родную мову, успаміналі народныя святы, развучвалі традыцыйныя заклічкі і нават праінсцэніравалі некаторыя з іх. На сустрэчы гучала шмат вершаў беларускіх аўтараў, што дапамагло школьнікам яшчэ глыбей адчуць прыгажосць і меладычнасць роднага слова.
Заключным мерапрыемствам тыдня роднай мовы стала дыктоўка «Чытаем, пішам, гаворым, любім». У праграме былі прадугледжаны напісанне дыктоўкі, літаратурны інтэрактыў і выступленне ўдзельнікаў эстраднай студыі “Славія”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел як дзеці, так і дарослыя, а самай малодшай удзельніцы было ўсяго 9 гадоў. Сустрэча прайшла ў творчай і натхняльнай атмасферы, аб’яднаўшы ўсіх любоўю да роднага слова.

Тыдзень роднай мовы паказаў, што ў нас захоўваецца жывая цікавасць да беларускай мовы і шчырае жаданне паглыбляць свае веды. Бібліятэка і надалей будзе падтрымліваць гэтую цікавасць, ствараючы новыя магчымасці для вывучэння і папулярызацыі роднага слова.
269 просмотров всего, 1 просмотров сегодня






















































Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.