21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Мова – душа народа, векавая памяць многіх пакаленняў, наш галоўны нацыянальны скарб. Жыве мова – жыве народ, жыве памяць продкаў.
Беларуская мова стаіць на другім месцы пасля італьянскай па мілагучнасці. На ёй цудоўна гучаць як народныя спевы, так і опернае выкананне; як поп музыка, так і рок.
Папулярызаваць мову, паказаць яе адметнасць, унікальнасць і заахвоціць карыстацца ёю. Менавіта такую мэту ставілі перад сабой супрацоўнікі Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі, калі праводзілі агульнагарадскую дыктоўку, прысвечаную роднай мове. Загадзя былі дадзены аб’явы ў сацыяльных сетках, на тэлебачанні і ў раённай газеце. На дыктоўку прыйшлі як дзеці, так і дарослыя. І што вельмі парадавала – многія прыйшлі сем’ямі. Перад пачаткам дыктоўкі вядучая павіншавала ўсіх з надыходзячым святам – Міжнародным днём роднай мовы.
Потым адбылася дыктоўка. Тэкст быў выбраны паводле ўрыўка з твора
У. Караткевіча “Родная мова”. Дыктоўка праходзіла ў сяброўскай, вясёлай атмасферы. Пасля дыктоўкі была прапанавана віктарына, дзе ўдзельнікі складалі фразеалагізмы, перакладалі з беларускай мовы на рускую, адказвалі на мовазнаўчыя пытанні. За правільныя адказы кожны атрымаў сувенір на памяць.
Калі прыйшоў час разыходзіцца, многія выказвалі словы ўдзячнасці за арганізацыю і правядзенне дыктоўкі. Вельмі прыемна, што наша работа знаходзіць водгук у сэрцах пастаўчан.

Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
Матчын дарунак ад самай калыскі,
ты самацветаў яскравая нізка…
У. Дубоўка

1,370 просмотров всего, 4 просмотров сегодня

















































Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.