Кнігі-юбіляры. “Энеіда навыварат”. 180 гадоў

       Паэма “Энеіда навыварат” – адзін з ранніх і першых буйных твораў беларускай літаратуры новага часу. Паэма была створана ў пачатку ХІХ стагоддзя і да публікацыі доўгі час распаўсюджвалася вусна.

Вялікі ўрывак з паэмы ўпершню быў надрукаваны ў 1845 годзе ў пецярбургскім часопісе “Маяк” пад назвай “Отрывок из Энеиды наизнанку на белорусском крестьянском наречии”. Больш поўная яе публікацыя размясцілася ў  газеце “Смоленский вестник” у 1890 годзе.

Паэма ўвайшла ў беларускую літаратуру як ананімны твор, хоць яшчэ ў 1905 годзе Яўхім Карскі выказаў думку пра аўтарства Вікенція Равінскага, якую падцвердзіў у працы “Беларусы”. Складальнікі хрэстаматыі “Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя” і аўтары каментарыяў да яе Алег Лойка і Вячаслаў Рагойша сцвярджаюць, што “сучасны ўзровень беларускага літаратуразнаўства аўтарам ананімнай паэмы “Энеіда навыварат” дазваляе лічыць В. Равінскага”. Аднак, хто б не быў аўтарам паэмы, значэнне яе надзвычай важнае ў працэсе фарміравання беларускай літаратурнай мовы. На працягу больш чым стагоддзя пісьмовая беларуская літаратурная мова не развівалася. З’яўленне ананімных твораў у пачатку ХІХ стагоддзя было выклікана абуджэннем грамадскай свядомасці беларускага народа, імкненнем мець літаратуру на роднай мове.

Паэма напісана ў жанры травесці (бурлеска) і парадзіруе паэму “Энеіда” старажытна-рымскага паэта Вергілія. Прымыкае да шэрагу травесційных Энеід, якія пачынаючы з XVII стагоддзя ўзнікалі ў многіх еўрапейскіх літаратурах як дэмакратычная рэакцыя на класіцызм. Бліжэйшымі ўзорамі для аўтара “Энеіды навыварат’” былі адпаведныя ўкраінскія (І. Катлярэўскага) і рускія (М. Осіпава) творы. Усе яны высмейвалi нарматыўную эстэтыку класiцызму з яе адарванасцю ад народнага жыцця, высокiм стылем, занадта ўзвышанымi і гераiчнымi вобразамi.

У сваіх папярэднікаў аўтар запазычыў сюжэт, захаваў імёны галоўных міфічных герояў, але ўклаў зусім іншы змест і стварыў арыгінальны твор, напоўнены рэаліямі беларускага жыцця часоў прыгонніцтва. Сапраўдныя героі паэмы — зусім не антычныя багі, цары, а сучасныя аўтару беларускія паны і прыгонныя сяляне.

Паэма “Энеіда навыварат” раскрыла мастацкія магчымасці звычайнай размоўнай беларускай мовы. Аўтар дэманструе дасканалае веданне беларускага фальклору. Твор багаты па танальнасці і фарбах. Аўтар са шчырым захапленнем гаворыць пра таленавітых прыгонных, імкнецца да праўдзівага паказу сялянскага жыцця.

Нягледзячы на натуралістычныя пасажы, вульгарызмы, выкліканыя спецыфікай травесційнага жанру, “Энеіда навыварат” адыграла вялікую ролю ў станаўленні новай беларускай літаратуры і ўваходзіць у скарбніцу беларускай паэзіі.

Если вы нашли ошиб­ку, пожа­луй­ста, выде­ли­те фраг­мент тек­ста и нажми­те Ctrl+Enter.

1,484 про­смот­ров все­го, 3 про­смот­ров сего­дня

Метки: , , . Закладка Постоянная ссылка.

Комментарии запрещены.