Лета – гэта самая любімая пара года для большасці з нас. Канікулы, падарожжы, экскурсіі і яшчэ шмат… Шмат прыемнасцей дорыць нам гэта пара года. Хочацца ўсюды паспець, набрацца ўражанняў, летняга святла і цяпла. Каб пазней, калі пачнецца вучоба, гэтыя ўспаміны натхнялі і давалі сілы.
Для Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі пачатак лета, нягледзячы на надвор’е, быў гарачым. Атрады дзяцей прышкольных лагераў кожны дзень наведвалі ўстанову. Для іх у бібліятэцы былі арганізаваны разнастайныя конкурсы, бліц-апытанкі, віктарыны, літаратурныя падарожжы, квэсты, дзе галоўнай дзеючай асобай была кніга. На некаторых з іх хочацца прыпыніцца асобна.
“Кветкі-сімвалы” – літаратурна-пазнавальная гадзіна, была прысвечана самым пяшчотным раслінам – кветкам. Дзеці пазнаёміліся з легендамі і казкамі аб паходжанні кветак. Паўдзельнічалі ў аўкцыёне, дзе кожны па чарзе называў кветку. Складвалі пазлы, прыгадвалі кнігі, дзе кветка была дзеючай асобай. Гульня “Аз – бу – ка” паказала наколькі многа слоў можна скласці са слова “пралеска”, а гульня “Імёны” выявіла назвы кветак у нашых імёнах. Кожны з дзяцей выбраў для сябе кветку-сімвал, якая будзе дарыць радасць, будзіць мары і напаўняць душу пачуццём блізкасці да прыроды.
Лялечнае відовішча “Краіна маленства”, прысвечанае 125-годдзю з дня нараджэння У. Дубоўкі, віртуальна перамясціла школьнікаў у пачатак 20-га стагоддзя. Дзеці даведаліся пра норавы і парадкі тагачаснай школы, у якую хадзіў маленькі Валодзя, прасачылі ўвесь жыццёвы і творчы шлях паэта-земляка. Таксама былі інсцэніраваны казкі У. Дубоўкі “Пра дзядулю і ўнука”, “Чаму Сава пяе ўначы, а ўдзень маўчыць”, “Зіма і Лета”.
Выхаванне экалагічнай адказнасці і фарміраванне практычных навыкаў па ахове прыроды – такую мэту ставілі работнікі бібліятэкі, калі праводзілі экалагічны квэст “Вярнуць прыродзе чысціню”. Напачатку квэста Чалавек з будучыні папярэдзіў дзяцей аб экалагічнай катастрофе, якая ідзе хуткім крокам і папрасіў дапамогі, каб змяніць сумнае будучае. На працягу гульні школьнікі збіралі часткі выявы нашай прыгожай планеты, а дзеля гэтага ім трэба было прайсці шэраг заданняў і выпрабаванняў. Напрыклад, разсартаваць смецце; скласці з літар назвы раслін, жывёл і птушак, якія знаходзяцца на мяжы вымірання; разабраць па карцінках і фота экалагічна правільныя і няправільныя дзеянні людзей; расшыфраваць вядомую фразу пісьменніка. Калі ўсе часткі пазла былі сабраны, Чалавек з будучыні пажадаў дзецям, берагчы нашу блакітную планету і перадаць яе квітнеючай наступным пакаленням.
Кніжнае лета ў Пастаўскай дзіцячай бібліятэцы працягвае набіраць абароты. У планах яшчэ шмат цікавага і захапляльнага.
1,730 просмотров всего, 1 просмотров сегодня



















































Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.