Вось ужо дзевяць год пры Лынтупскай бібліятэцы працуе жаночы клуб “Сяброўка”. Колькі розных тэм абмеркавана на пасяджэннях клуба за гэтыя гады, колькі цікавых сустрэч прайшло! Але галоўнай тэмай ёсць і будзе любоў да роднага краю і пазнанне яго гісторыі.
Міхал Клеафас Агінскі. (7 кастрычніка 1765 — 15 кастрычніка1833)
Свецкая вечарынка , прысвечаная жыццю і творчасці кампазітара, вядомага дыпламата, палітыка, удзельніка паўстання Тадевуша Касцюшкі Міхала Клеафаса Агінскага, адбылася ў бібліятэцы да яго юбілею. Рыхтуючы гэта мерапрыемства мы даведаліся што зусім не далёка ад Лынтуп , у Залессі Смаргонскага раёна, пасля рэстаўрацыі адкрыўся музей-сядзіба М.К. Агінскага. У верасні гэтага года мы вырашылі паехаць туды на экскурсію. Вядома, гады налажылі свой адбітак на сядзібу. Доўгі час яна была ў закінутым стане. Нейкі час тут хацелі зрабіць санаторый, нават корпус пабудвалі, але ён так і стаіць незавершаны.
Да сядзібы М. Агінскага вядзе прыгожая пад’язная алея. Каля будынку ляжыць вялікі валун з памятным надпісам “Памяці роду Агінскіх”. Дом-сядзіба размешчаны каля ракі. У спякотнае надвор’е тут пануе прахалода і спакой. Раку перагарожвае плаціна, на якой калісьці размяшчаўся вадзяны млын, ён і цяпер ёсць, але пустуе. Вышэй плаціны знаходзіцца прыгожае возера, праўда, на сённяшні дзень яго ачышчаюць. Заходзім у дом, дзе нас сустракае экскурсавод. Вось раяль з раскрытай парцітурай. Здаецца, што гаспадар зараз вернецца і загучыць музыка. Як заведзена ў прыстойным доме, у сядзібе была більярдная зала, каб было чым зацікавіць гасцей. А іх было шмат, часам гасціла па 100–150 чалавек.
І, вядома, у доме была музычная зала, дзе праходзілі канцэрты. Цяпер, дарэчы, таксама праходзяць не толькі канцэрты, але і касцюміраваныя балы. Яшчэ ў сядзібе была аранжарэя, дзе вырошчваліся рэдкія, дзіўныя расліны. Цяпер яна таксама працуе, і на гэты час там была выстава карцін мастака з Вішнева А.І. Бяляўскага. У адным крыле аранжарэі размясцілася ўтульная кавярня, дзе можна выпіць кубачак кавы і падсілкавацца смачнымі круассанамі. І сусветна вядомы паланез “Развітанне з Радзімай” быў напісаны тут, у Залессі. Слухаючы гэту бессмяротную музыку, адчуваеш увесь боль і смутак па незваротна страчанай Радзіме. Напэўна, менавіта таму, гэтая музыка намнога перажыла свайго аўтара. У Агінскага напісана некалькі паланэзаў, але, менавіта, гэты зрабіў бессмяротным яго імя.
Сядзіба М.К.Агінскага –гэта куточак творчасці, натхнення і красаты. Тут атмасфера, прырода і гісторыя спрыяюць стварэнню вершаў, карцін…
Здаецца само паветра пранізана духам тых “Паўночных Афін”, якія былі цэнтрам культуры ўсяго края ў 19 стагоддзі. Нам было вельмі прыемна прайсціся па цяністых алеях пейзажнага парку, няспешна выпіць кубачак кавы ў рамантычным кафе, нацешыцца цудоўнымі раслінамі ў аранжарэі і,канечне, паслухаць паланез ля мінор.
Бібліятэкары Лынтупскай бібліятэкі Пякарская С.У., Трашчынская І.У. Раб. Т. 58199
1,404 просмотров всего, 2 просмотров сегодня
Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.