Як важна чытаць кнігі, а асабліва кнігі на роднай мове! Менавіта родная беларуская мова можа даць чытачу сваё адметнае ўспрыманне свету, свой каларыт і фарбы жыцця.
Выхаванне патрыятызму, любові да сваёй краіны – яшчэ адзін вялікі бонус чытання па-беларуску. Менавіта грамадзянін, які валодае мовай сваёй краіны, ведае яе гісторыю і культуру, становіцца сапраўдным патрыётам.
Міжнародная акцыя “Чытаем беларускія кнігі”, арганізаваная дзіцячымі бібліятэкамі горада Мінска, якраз і садзейнічае раскрыццю патэнцыялу, які дае чытанне беларускіх кніг.
Да ўдзелу ў акцыі далучылася Пастаўская дзіцячая бібліятэка імя
У. Дубоўкі. Кіра Ёнчык – наша актыўная чытачка, якая любіць беларускія кнігі і не раз ўдзельнічала ў нашых мерапрыемствах. Акрамя таго, Кіра выдатна дыкламуе вершы. Верш Генадзя Башлакова “Тры лікі любові” дзяўчынка натхнёна прачытала, а супрацоўнікі бібліятэкі па вершу стварылі відэаролік. Менавіта гэта работа была адпраўлена для ўдзелу ў Міжнароднай акцыі. Па выніках акцыі ад арганізатараў на імя Кіры Ёнчык прыйшоў дыплом.
Загадчыца бібліятэкі ўручыла Кіры дыплом, памятны сувенір і пажадала любіць мову і пазнаваць свет праз беларускую кнігу.
277 просмотров всего, 2 просмотров сегодня
Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.