Літаратурна-музычная гасціная “Якое шчасце – жыць на белым свеце”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння Г. Бураўкіна

       У перадапошнюю нядзелю жніўня  клуб паэзіі “Брыганціна”, які дзейнічае пры   Варапаеўскай гарпасялковай бібліятэцы, запрасіў прыхільнікаў паэтычнага слова ў літаратурна-музычную гасціную не проста ўспомніць дату з календара, а каб сустрэцца з Чалавекам і Паэтам, імя якому – Генадзь Бураўкін.

28 жніўня яму споўнілася б 90 гадоў. Вядучы мерапрыемства – настаўнік беларускай мовы і літаратуры –  Мікалай Атрахімовіч адзначыў, што  жыццё Генадзя Бураўкіна  выглядае як добра напісаны раман, дзе ёсць месца і  подзвігу, і каханню, і перамозе духу. У гэтым змаглі ўпэўніцца ўсе  прысутныя, стаўшыя сведкай цікавай і пазнавальнай размовы аб жыццёвым і творчым шляху паэта.  Нікога не пакінуў абыякавым той факт, што дзяцінства паэта было апалена вайной. Калі яму было 5 гадоў, карнікі сагналі жыхароў вёскі ў лазню, каб спаліць жывых. Дзяцей уратаваў стары нямецкі салдат, які маўкліва паказаў шлях у лес. У 1955 годзе Генадзь стаў студэнтам журфака БДУ. Там, у сценах універсітэта, ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Юліяй. Вяселле было 9 Мая – у Дзень Перамогі. З 1978 па 1990 год Генадзь Бураўкін узначальваў Дзяржтэлерадыё. Ён зрабіў тэлеэфір максімальна беларускамоўным, запусціў унікальныя праграмы. І менавіта ён стварыў “Калыханку”, пад якую засынаюць беларускія дзеці ўжо 45 гадоў. А яшчэ –  “Завіруха” на верш “Снежная імпрэсія”. Эдуард Ханок прачытаў яго ў аўтобусе па дарозе з Брэста ў Мінск і да сталіцы ўжо склаў мелодыю. “Верасы” запісалі яе і песня стала шлягерам ў 1982 годзе. У жыцці  паэта быў момант, калі сэрца спынілася на 4 хвіліны – пасля цяжкага інфаркту. Урачы выратавалі яго. І першае, што ён зрабіў, ачуняўшы, — прадыктаваў жонцы новы верш.

 Мерапрыемства атрымалася цікавым, насычаным і пазнавальным. Многія адкрылі для сябе паэзію Генадзя Бураўкіна. Некаторыя  прысутныя ведалі яго пры жыцці. Напрыклад, Андрэй Кімбар расказаў, што яму пашчасціла прысутнічаць на сустрэчы з Генадзем Бураўкіным будучы студэнтам гістарычнага факультэта БДУ. Сярод жадаючых была праведзена віктарына на веданне цікавых фактаў з жыцця і творчасці  беларускіх пісьменнікаў. Пераможца атрымаў прыз, а ўсе ўдзельнікі памятныя сувеніры на памяць. На працягу мерапрыемства гучала прыгожая, мілагучная беларуская мова.

Слухачы мелі магчымасць пачуць аўдыёзапіс вершаў Генадзя Бураўкіна ў аўтарскім выкананні. Узнёслы і настальгічны настрой ўдзельнікам  надавалі  песні на словы Г. Бураўкіна  “Завіруха”, “Калыханка” , “Зачараваная мая”, якія гучалі ў відэапраглядзе  на працягу сустрэчы. Увазе прысутных была прапанавана кніжная выстава “Нагаварыцца з зоркамі”. Менавіта такую назву мела апошняя кніга Генадзя Бураўкіна, сігнальны экзэмпляр якой быў выдадзены за тры дні да смерці паэта. Яго  пахавалі разам з гэтай кнігай.

“Ты, мой народ, мяне не папракнеш,

я ўсё табе аддаў – жыццё і сілы…”

                                               Г. Бураўкін

Если вы нашли ошиб­ку, пожа­луй­ста, выде­ли­те фраг­мент тек­ста и нажми­те Ctrl+Enter.

269 про­смот­ров все­го, 10 про­смот­ров сего­дня

Метки: , , . Закладка Постоянная ссылка.

Комментарии запрещены.