Класікі беларускай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас – тыя велічыні сусветнай культуры, пра якіх ніколі не будзе сказана апошняе слова, таму што кожнае пакаленне будзе зноў і зноў вяртацца да іх творчасці.
У гэтым змаглі пераканацца ўдзельнікі клуба паэзі “Брыганціна”, якія сабраліся 18 снежня ў чытальнай зале Варапаеўскай гарпасялковай бібліятэкі на літаратурны квэст, прысвечаны 140-годдзю з дня нараджэння славутых песняроў Беларусі.
У рамках праекта “Творцы зямлі варапаеўскай” пралогам да мерапрыемства стала гістарычнае знаёмства прысутных з паэмай “Папараць-кветка”, прысвечанай 90-годдзю з дня нараджэння Я. Купалы, якую 50 год таму назад напісала простая вясковая дзяўчына Зоя Баршчэўская (на вялікі жаль яе ўжо няма ў жывых), вучаніца 10 “В” класа Варапаеўскай сярэдняй школы.
Работа была ўдастоена высокай адзнакі – Рэспубліканскага Дыплома I ступені і каштоўнага падарунка: пяцітомніка твораў Івана Шамякіна з уласным подпісам. На мерапрыемстве прысутнічала сярэдняя сястра Зоі Фёдараўны – Пятровіч Раіса Фёдараўна, аднакласніцы Зоі, якія з вялікай цеплынёй дзяліліся з прысутнымі ўспамінамі, школьнымі і студэнцкімі фотаздымкамі Зоі, расказвалі аб яе захапленнях і марах.
З успамінаў сястры і сяброў удзельнікі сустрэчы даведаліся, што Зоя была выдатніцай і марыла стаць настаўніцай. Яна ў 1977 годзе скончыла філалагічны факультэт БДУ з чырвоным дыпломам, працавала настаўніцай у г. Наваполацку, пісала вершы, але неміласэрная хвароба прыпыніла яе заняткі любімай справай. Без мамы засталіся дзве дачушкі. У свой час былая настаўніца Зоі Гатоўчык Марыя Сямёнаўна, якая з’яўлялася кіраўніком школьнага літаратурнага аб’яднання і якая падтрымлівала з ёй сувязь пасля заканчэння школы, пісала: “ На 43 годзе пакінула зямное жыццё Баршчэўская Зоя Фёдараўна (Анап), адна з лепшых таленавітых быўшых вучаніц Варапаеўскай сярэдняй школы, неаднаразовы пераможца літаратурных конкурсаў усіх узроўняў. Шчасцем была сустрэча з ёю на ўроках, перапынках, проста ў жыцці. Валодала Зоя такой шчырай адкрытасцю, прастатой і недзіцячай мудрасцю і духоўнасцю, што і гады не сціраюць памяці аб ёй. Непаўторная.”
Да слёз кранулі прысутных радкі “Папараць-кветкі” – паэмы, якая яскрава дала ўсім зразумець аб сувязі пакаленняў, прыхільнікаў творчасці вялікіх мастакоў беларускага слова, аўтараў паэтычных шэдэўраў Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Працягам мерапрыемства стаў літаратурны квэст, падрыхтаваны настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Атрахімовічам Мікалаем Алегавічам. Асноўная мэта спаборніцтва заключалася ў тым, каб у займальнай форме даць адказы на невядомыя біяграфічныя факты з жыцця Я. Купалы і Я. Коласа.
Спачатку ўдзельнікі працавалі з рознакаляровымі карткамі, атрымліваючы балы за правільныя адказы, а пасля кожнаму былі раздадзены лісты з асабістымі заданнямі, дзе трэба было не толькі адказаць на пытанні, але і прайсці лабірынт, разгадаць рэбус, скласці з атрыманых літар патрабуемае слова.
Трэба заўважыць, што заданні здаваліся складанымі толькі на першы погляд. Ведаў са школьнай праграмы было дастаткова. Толькі іх трэба было аднавіць. Стараліся ўсе. У дапамогу была прадстаўлена кніжная выстава-інсталяцыя “Твае песняры, Беларусь!” У складанай барацьбе вызначыліся 3 пераможцы, а заахвочваючыя прызы атрымалі ўсе ўдзельнікі мерапрыемства.
“Пацяклі, паплылі за гадамі гады…
На Радзіме жывуць яго словы.
І сягоння Купала між нас малады,
Сёння з намі будуе край новы.”
З. Баршчэўская
948 просмотров всего, 1 просмотров сегодня
Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.