Наша родная мова – адзін з самых вялікіх здабыткаў беларускага народа, яго гордасць і слава.
Як лічуць лінгвісты, па мілагучнасці беларуская мова саступае толькі італьянскай.
На нашай мове выдатна гучаць як народныя спевы, так і опернае выкананне, як поп-музыка, так і рок. Вазьміце ў рукі кнігу на роднай мове, прачытайце яе ўголас, прыслухайцеся – вы пачуеце цудоўную мілагучнасць і спеўнасць беларускіх слоў. Паспрабуйце вымавіць іх ціхенька і прыслухайцеся, колькі ў гэтых словах ласкі, дабрыні, чуласці, сонейка.
“Мелодыя роднага слова” – так называлася гадзіна правапісання, якую арганізавалі супрацоўнікі Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі да Міжнароднага дня роднай мовы. Мерапрыемства ўключала ў сябе дыктоўку паводле твораў У. Караткевіча, выступленне эстраднай студыі “Славія” пад кіраўніцтвам Аксаны Мікалаевай і літаратурную віктарыну.
Аддаць пашану і любоў нашай мове сабраліся і дзеці, і дарослыя. Правяла дыктоўку настаўніца беларускай мовы і літаратуры Латыш Аліна Лявонаўна. Выступленне эстраднай студыі прывяло ў захапленне ўсіх гледачоў, яны падпявалі знаёмыя песні, хлопалі ў такт і бурнымі апладысментамі выказвалі сваю ўдзячнасць. А вось літаратурная віктарына прымусіла задумацца… Пытанні датычыліся гісторыі, літаратуры, мовазнаўства. Але ж агульнымі намаганнямі ўсё было разгадана. Свята роднай мовы пакінула ў душы наведвальнікаў светлыя і радасныя пачуцці. Можна было пачуць, з якім імпэтам людзі пачалі размаўляць па-беларуску, калі выходзілі з бібліятэкі.
202 просмотров всего, 2 просмотров сегодня
Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.