Работники детской библиотеки им. В.Дубовки разработали проект к 615-летию города

      Сучасны свет адкрывае шмат магчымасцей убачыць экзатычныя краіны, пазнаёміцца з іх культурай, гісторыяй, проста адпа­чыць і атрымаць задавальненне.І іх выкарыстоўвае значная частка жыхароў Беларусі: яны сем’ямі адпраўляюцца ў падарожжы далёка за яе межы.

Каб лепш камунікаваць у чужых краінах, вывучаюць замежныя мовы, заахвочваючы да гэтага і дзяцей. Акрамя таго, пазнаёміцца з культурай і гісторыяй іншых дзяржаў можна не адыходзячыся ад экрана камп’ютара ці з дапамогай тэлефона. У цэлым усё гэта спрыяе пашырэнню рамак успрымання жыцця, садзейнічае знаёмству з менталітэтам іншых народаў, з іх культурнай спадчынай, прыроднымі асаблівасцямі іх мясцовасці. Замежныя вандроўкі — выдатная магчымасць паразмаўляць з носьбітамі той ці іншай мовы. Беларусы наведваюць за мяжой выставы, архітэктурныя і прыродныя помнікі, знаёмяцца з нацыянальнай кухняй розных краін. Здавалася б, трэба папулярызаваць такі спосаб адпачынку і ўсяляк садзейнічаць яго развіццю, калі б не адна акалічнасць, якая перакрэслівае ўсе яго плюсы. Справа ў тым, што нашы людзі пачынаюць захапляцца ўкладам жыцця замежнікаў, іх культурай, гісторыяй, пры гэтым вельмі мала ведаюць пра сваю краіну. У выніку адбываецца лёгкая падмена нашых спрадвечных каштоўнасцей на неўласцівыя нам.

Давайце паразважаем. Ці ведаем мы свой край? Ці адчуваем сябе прадстаўнікамі свайго народа? Ці можам прэзентаваць Беларусь так, каб слухачы, якія яе не ведаюць, захацелі б прыехаць да нас? Ці можам працытаваць беларускіх паэтаў і празаікаў? На жаль, мала хто станоўча адкажа на гэтыя пытанні. Між тым такія паняцці, як любоў да сваёй Радзімы і гонар за яе, складаюць аснову патрыятызму. Але ці можам мы любіць і ганарыцца тым, чаго не ведаем? Кожны з нас, напэўна, не так і шмат зможа назваць самых цікавых мясцін Беларусі. Маю на ўвазе таямнічыя замкі і радавыя сядзібы, цудоўныя храмы і манастыры, унікальныя куткі некранутай прыроды, старадаўнія інжынерныя збудаванні, музеі і этнавёскі, родныя мясціны знакамітых мастакоў, пісьменнікаў і вучоных…

Якое з гэтага выйсце? Аказваецца, усё вельмі проста: у першую чаргу трэба ведаць і любіць сваё, беларускае. Сваю культуру, сваю гісторыю, сваю мову. Менавіта тады мы будзем трывала стаяць на роднай зямлі, і нішто чужое не зможа нас спакусіць. І тут краязнаўчую работу цяжка пераацаніць. Пачніце з назірання за тым, што навокал вас. Любоў да роднага краю, павага да традыцый і звычаяў свайго народа, беражлівыя адносіны да яго спадчыны з’яўляюцца састаўнымі часткамі агульнай культуры чалавека. Менавіта праз веды можна пераканацца, што гісторыя, культура, прырода тут непаўторныя, унікальныя. Толькі веды могуць напоўніць сэрца пачуццём гонару за сваю зямлю і любоўю да яе.

Каб дапа­маг­чы зем­ля­кам паз­на­ць свой край, даве­дац­ца пра яго як мага больш, супра­цоўнікі Пас­таўс­кай дзі­ця­чай біб­ліят­экі імя У. Дубоўкі рас­пра­ца­валі пра­ект «Пас­та­вы – мой гонар і любоў», пры­све­ча­ны 615-годдзю гора­да.

Менавіта ў нашай установе збіраецца, захоўваецца і папулярызуецца краязнаўчая літаратура. І вельмі важна, каб яна знайшла свайго юнага чытача, каб дзеці, пачынаючы з малодшага ўзросту, адчувалі сябе носьбітамі і пераемнікамі багатай духоўна-культурнай спадчыны.

На працягу 2024 года дзіцячая бібліятэка будзе ладзіць у межах праекта мерапрыемствы: усебакова расказваць пра гісторыю, культуру, архітэктуру, літаратуру — усё, чым можа ганарыцца наша мясцовасць. Інфармацыя пра іх будзе своечасова размешчана на нашай старонцы ў сацсетках. Чакаем вас!

Людміла Сяменас, бібліятэкар Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі

По мате­ри­а­лам газе­ты “Постав­ский край”, ист: https://www.postawy.by/2024/04/rabotniki-detskoj-biblioteki-im-v-dubovki-razrabotali-proekt-k-615-letiju-goroda/

Если вы нашли ошиб­ку, пожа­луй­ста, выде­ли­те фраг­мент тек­ста и нажми­те Ctrl+Enter.

Метки: . Закладка Постоянная ссылка.

Комментарии запрещены.