Ніна Маеўская — знаёмімся з беларускай пісьменніцай

   
      Пісьменніца Маеўская Ніна Васільеўна
нарадзілася 4 снежня 1938 года у г. Любань, Мінскай вобласці ў сям’і служачага.

     У 1956 годзе Н.В. Маеўская закончыла сярэднюю школу. Свой працоўны шлях яна пачала ў Соснаўскай сярэдняй школе, дзе працавала старэйшай піянерважатай з 1956 па 1958 гг. 3 1958 па 1963 гг. навучалась на факультэце журналістыкі Беларускага Дзяржаўнага ўніверсітэта.
     3 1963 па 1965 гг. працавала літсупрацоўнікам раённай газеты “Шлях камунізму”;
     у 1965–1967 гг. — адказным сакратаром шматтыражнай газеты “Шлях камунізму” Мінскага падшыпнікавага завода;
     у 1968–1978 гг. — загадчыкам аддзела, адказным сакратаром часопіса “Промышленность Белоруссии”;
     у 1980 г. — скончыла Мінскую вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПБ;
     у 1980–1981 гг. — працавала ў газеце “Літаратура і мастацтва”;
     у 1981–1985 гг. — старэйшым рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі выдавецтва “Юнацтва”;
     з 1985 г — працавала рэдактарам аддзела публіцыстыкі часопіса “Беларусь”.
     3 1983 г. Ніна Васільеўна Маеўская з’яўляецца членам Саюза пісьменікаў СССР.
     Друкавацца пачала яшчэ школьніцай у 1955 г.
     Напачатку пісала вершы, творы для дзяцей. У 1969 г. выйшла яе першая кніжка для дзяцей “Ляці, верабейка”. У 1970 г. выйшаў першы зборнік апавяданняў “Агата”; у 1983 г. — аповесць “Надзеіч”; у 1984 г. — кніга “Такая позняя вясна”; 1989 г. — кніга аповесцей “Холад доннай вады”.

     Яе аповесці і апавяданні пра наша жыццё, пра тое важнае, якое адбываецца ў лёсах людзей; пра каханне і вернасць, пра волю абставін, якія часам прадвызначаюць лёс, аб чысціні і падзенні, пра пасціжэнне жыццёвых таямніц і пра тое, як быць на зямлі Чалавекам.

     У 2001 г. выйшаў яе першы зборнік вершаў “Падаюць даспелыя ранеты”. У гэтых вершах раскрылася душа, поўная любові да жыцця, да чалавека, да сваёй радзімы. Яе вершы вызначаюцца шчырасцю пачуццяў, філасофскай глыбінёй думкі.

Жыву на свеце, як умею,
Парад, спагады не прашу.
3 сцяжынкі кволае ў завею
Я не выходжу на шашу,
А праз заснежанае поле
Іду за шчасцем напрасткі
I веру я, нібыта ў долю,
У поціск моцнае рукі.

     Кнігу “Шчасце”, якая выйшла ў свет у 2011 годзе, склалі апошнія прыжыццёвыя аповесці і апавяданні, сугучныя нашаму часу. Яны напісаны ў гады, калі адбываліся важныя, рашаючыя падзеі ў лёсе нашай краіны і ў свядомасці людзей. Таму, відаць, аўтар і не пазначыла іх жанры. Няхай вырашае сам чытач, ён зараз дастаткова адукаваны, каб зразумець гэта. Творы пісьменніцы, як заўсёды, насычаны цікавымі жыццёвымі варункамі, дзе чалавек павінен рабіць выбар, часам знаходзіць выйсце з непрадказальных абставін. Гэтаму спрыяе яго маральнасць, добразычлівае стаўленне да акаляючага свету і людзей, вера ў іх дабрыню і шчырасць.

     Яе творы друкаваліся на старонках часопісаў “Нёман”, ‘Полымя”, “Беларуская думка”, а таксама на старонках газеты “Літаратура і мастацтва”.



Сумленнасць і чысціня

     На літаратурным небасхіле Беларусі імя Ніны Маеўскай доўгі час ззяла сціплай зорачкай у сузор’і празаікаў. А нядаўна пісьменніца парадавала і сваім паэтычным настроем. Прысвяціўшы большую частку зямнога існавання Яго Вялікасці Слову, Ніна Васільеўна заўсёды прапускае лёсы і ўчынкі сваіх герояў праз уласнае сэрца. Яе творы шчырыя, простыя для ўспрымання, узнёслыя і, разам з тым, праўдзівыя.

     Нарадзілася Маеўская ў гарадку з лірычнай назвай Любань, што на Міншчыне. Маленства прыпала на пару ваеннага ліхалецця. Пасля, калі прыйдзе даросласць, усё часцей перад вачыма дзяўчыны будуць усплываць жахлівыя карціны фашысцкай навалы. Вучоба ў школе прыпала на пасляваеннае дзесяцігоддзе. Атрымаўшы ў 1956 годзе атэстат аб сярэдняй адукацыі, Ніна працавала старшай піянерважатай у Сасноўскай СШ Любанскага раёна. Праз два гады вырашыла паступаць у Беларускі дзяржаўны універсітэт на аддзяленне журналістыкі. I фартуна ўсміхнулася ёй. Скончыўшы ў 1963 годзе навучальную ўстанову, дзяўчына працавала ў розных перыядычных выданнях: літсупрацоўнікам газеты “Шлях камунізму” Мінскага раёна (1963—1965), адказным сакратаром шматтыражнай газеты “За технический прогресс” (1965—1967). Амаль на дзесяць год затрымалася спачатку загадчыкам аддзела, а потым адказным сакратаром у часопісе “Промышленность Белоруссии”. Сем гадоў жыцця аддала Ніна Васільеўна рабоце ў выдавецтве “Юнацтва”, займаючы ў апошнім пасады старшага рэдактара, а потым і загадчыка рэдакцыі. У сярэдзіне васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя яна ўладкоўваецца на працу ў часопіс “Беларусь”, дзе становіцца рэдактарам аддзела публіцыстыкі.

     Працуючы ў журналістыцы, Ніна Маеўская не забывала і пра літаратуру. Яшчэ школьніцай яна пісала вершы, потым бліжэй для душы стала проза. Першае апавяданне “Залік на восень” было надрукавана ў 1963 годзе ў часопісе “Маладосць”, а зборнік апавяданняў для дзяцей “Ляці, верабейка пабачыў свет у 1969‑м.

     Як кажуць, добрай кніжцы радуешся, як нараджэнню чалавека. Такой добрай, крыху, можа, наіўнай, але вельмі шчырай, з’яўляецца кніга апавяданняў Маеўскай “Агата” (1970).

     Творы гэтага зборніка светлый, лірычныя. Так, у апавяданні “Першакурсніца” галоўная гераіня — вясковая дзяучына Галінка чакае і шукае сапраўднае каханне, поунае ўзаемнай адданасці. Шчасце, па яе разуменні, гэта калі ты неабыякавы іншаму, заўважаны і адзначаны ім.

     Вельмі плённымі былі для пісьменніцы 1983 і 1984 гады. Адна за адной выйшлі на суд беларусаў кнігі “Надзеевіч” і “Такая позняя вясна”. Выкарыстоўваючы пэўныя прыёмы дэтэктыўнага жанру, аўтар умее заінтрыгаваць чытача, зацікавіць яго лёсам героя. Такая з’ява адбываецца ў аповесці “Надзеевіч”, дзе сакрэтам да пэўнага часу з’яўляецпа паходжанне Петрака Надзеевіча. Надзеевіч — гэта імя па-бацьку Пятра Вяржбіцкага, галоўнага героя твора, які пасля заканчэння школы застаўся ў вёсцы, таму што ён любіць зямлю, а яшчэ і таму, што ў яго хворая маці, якую ён не можа кінуць. А лёс маці Петрака — Надзеі — трагічны. На вайне яна страціла каханага мужа і дзяцей. I нараджэнне сына Пятра — было адзіным, што вярнула яе да жыцця. Увесь гэты расповед не можа не кранаць чытача, тым больш, што ён падаецца ва ўспамінах найбольш важнымі фрагментамі з жыцця гераіні.

     Ніна Маеўская ставіць сваіх персанажаў у незвычайныя, часам экстрэмальныя ўмовы, з дапамогай якіх праяўляюцца іх характары, адносіны да навакольнага асяроддзя, грамадзянская самасвядомасць. Напрыклад, герой аповесці “Пажар”, якая адкрывае зборнік “Такая позняя вясна”, — Ігнат Крывазуб — былы паліцай. Пасля вайны прайшло шмат часу. I Ігнат зразумеў, што значыць страціць дах над галавой. А колькі ён сам спаліў хат, слугуючы фашыстам? Ён пачынае задумвацца над тым, як шмат дрэннага зрабіў за сваё жыццё i як шмат за яго душой грахоў.

     Творы Ніны Маеўскай прывабліваюць праўдзівасцю бытавых рэалій, багаццем мовы. Аўтар трапна і да месца выкарыстоўвае дыялектызмы і неалагізмы, якія замацаваліся ў сучаснай беларускай мове. Дынаміка і паэтычная лаканічнасць мыслення — галоўная, формаўтваральная прыкмета стылю пісьменніцы, таму тканіна мовы ідзе без абрываў нітак, яны шчыльна прыціскаюцца адна да адной, пазначаныя той ці іншай фарбай. Чытальнай кампактнасці Ніна Маеўская дасягае за кошт лаканізму на ўсіх узроўнях — ад мовы да кампазіцыі. Няма ў яе традыцыйных партрэтаў, ні нудных апісанняў, ні шэрага папярэдніх звестак пра герояў. Дакладнасць слова ідзе поруч з яго маляўнічасцю. А ўсе гэтыя якасці — ад блізкасці да героя, здольнасці да пераўвасаблення, суперажывання. I там, дзе хтосьці з меншым эмацыянальным запалам траціць старонку, Н. Маеўскай хапае ўсяго некалькі радкоў, каб стварыць карціну, якая адразу запамінаецца.

     У канцы 80‑х — пачатку 90‑х гадоў мінулага стагоддзя з‑пад пяра пісьменніцы выйшлі яшчэ два празаічныя зборнікі — “Холад доннай вады” (1989) і “Трывожна шумяць ясакары” (1993). Гэтыя кнігі — пра наша жыццё, пра тое важнае, што адбываецца ў лесах жыхароў Беларусі. У цэнтры ўвагі Ніны Васільеўны — праблемы маральнай чысціні, абавязку, адказнасці за свае ўчынкі. У апавяданнях і аповесцях гэтага перыяду апяваюцца каханне і вернасць, чьфвонай стужкай праходзіць думка пра волю абставінаў, якія часам прадвызначаюць лес і дапамагаюць людзям спасцігаць жьщцёвыя таямніцы.

     Маеўская свядома адштурхоўваецца ад дакументальнай літаратуры, яе цікавіць не факт сам па сабе, а думкі і пачуцці паводле яго, тое, як гэты факт адбіваецца ў свядомасці самых розных людзей. Яе прыцягвае псіхалогія, дыялектыка перажывання. Аўтара ўражвае драматызм жыцця, у якім перасякаюцца столькі чалавечых імгненняў, намаганняў і якое, як моцная хваля, зносіць усё і ўсіх сваей сілай і рухам. Як утрымацца? Як пакінуць след пасля сябе? Гэтыя і іншыя пытанні і праблемы ўзнімае пісьменніца ў сваёй творчасці.

     Тым жа зместам напоўнены і паэтычныя зборнікі Маеўскай “Падаюць даспелыя ранеты” (2001) і “Мая ўлюбёная краіна (2004). Новае стагоддзе ўдыхнула свежыя думкі і настрой у душу паэткі. Кнігі лірыкі вызначаюцца шчырасцю пачуццяў і філасофскай глыбінёй разважанняў. У іх адлюстроўваецца цэлае чалавечае жыццё — складанае, нават сумнае, але поўнае любові. Паэзія Ніны Маеускай — гэта стан яе душы. У сваіх вершах яна як бы спавядаецца — перад самой сабой, перад Богам, перад людзьмі. Яна пакутуе і сумняваецца, радуецца і спадзяецца. Паэтка верыць у беларускі народ, у яго лепшую долю. У сваіх вершах Ніна Васільеўна заклікае шанаваць родную мову, культуру, сваю гісторыю. Многія лірычныя радкі прысвечаны ўспамінам пра вайну, якая нанесла лю¬дзям незагойныя раны. Шмат у паэзіі Маеўскай роздумаў пра маладосць. Пісьменніца быццам выказвае спачуванне, што сёння многае зрабіла б не так. А мінулага не вернеш… Ёсць у зборніках і вершы-прысвячэнні любімым унукам — Гаю і Алісе.

     Сваю любоў да Радзімы Ніна Маеўская вельмі дакладна выказала ў настунных радках:

Не, не ўсім яшчэ правіць даляр.
Дзякаваць Богу, ёсць яшчэ годнасць.
Хоць няпэўнасці цісне цяжар,
Ганарымся сваім яшчэ, родным.
Не, не ўсё прадаецца у нас,
Белорусы не тое пароды!
I я веру — надыдзе іх час,
Скінуць верад адчаю й нягоды
.

     Добра, што ў беларускай літаратуры ёсць такія сумленныя і адданыя пісьменнікі, як Ніна Маеўская. Яе творы дапамагаюць вызначыцца ў жыцці, адшукаць свой адзіны шлях, не страціць годнасць. Будзем спадзявацца, што новыя творчыя набыткі Ніны Васільеўны яшчэ парадуюць прыхільнікаў яе літаратурнага таленту.

Наталля ФЕНЧАНКА
Літаратура і мастацтва №9 6 сакавіка 2009 года



ГЕНДЭРНАЕ КАНСТРУЯВАННЕ ЖАНОЧАГА Ў ПАЭЗІІ НІНЫ МАЕЎСКАЙ
(на матэрыялах часопіса «Полымя»)

Літаратура – адбітак рэчаіснасці, а таму ў мастацкіх творах паўстае свая гісторыя ўзнікнення і афармлення жаночай ідэнтычнасці, якая рухаецца ад традыцыйнага стэрэатыпу аб «прыродным» прызначэнні жанчыны да выяўлення яе асобы ў нетрадыцыйных для сацыяльнай сферы ролях. Асіметрыя «прыроднага» жаночага і «публічнага» мужчынскага абумовіла каардынаты быцця асобы ў ХХ стагоддзі. Асабліва востра гэтая асіметрыя феміннага/маскуліннага выяўляецца ў творах беларускіх паэтэс, якія рэпрэзентуюць свае каноны «жаночага» ў соцыягенезе.

Праблема гендэрных адносін – праблема быційнага характару, якая асабліва востра ўзнімаецца на пераломах гістарычных эпох, гістарычных перыядаў. Гэта праблема не толькі атрыбутыўная, але і праблема модусу. І гэта праблема звязана з працэсам пазнавання свету, а не толькі яго сузірання, пранікнення ў духоўна–душэўныя глыбіні асобы.

Ад антычнасці і да сенняшняга дня «жаночае» ўкладвалася і ўкладваецца ў пэўныя стэрэатыпы, многія з якіх засталіся нязменнымі і непарушнымі, прадстаўленымі толькі ў адным прачытанні. У ствараемай нашымі сучасніцамі мадэлі «жаночага шчасця» перагледжаны акцэнты: новую семантычную нагрузку атрымаў прыметнік «жаночае», пазбавіўшыся дапасаванага назоўніка «шчасце», а з ім састарэлых сацыяльных канструктаў («я» у складзе «мы», працоўнага калектыву», «грамадскай арганізацыі»), самараскрыцця толькі ў сямейнай сферы. «Жаночае» стала набываць новую ідэалагічную змястоўнасць, абумоўленую росквітам эпохі «змешаных стыляў і напрамкаў» і яго новымі катэгорыямі. У беларускай паэзіі канца ХХ – пачатку ХХІ ст. адбываецца паступовае засвойванне гендэрыраваных катэгорый супярэчлівага, разарванага на шматкі часу, у якім пануе адмаўленне ўсіх і ўсякіх ідэй. Аднак традыцыя застаецца трывалым тылам, які сілкуе і напаўняе энергіяй наступы ў невядомую будучыню, што не прымае полавых адрозненняў, а толькі моц і глыбіню выказанага слова.

Пачатак ХХІ ст. адносна спакойны для Беларусі ў плане палітычных і сацыяльных катаклізмаў, а таму больш пэўна акрэсліліся прыярытэты ў спосабах самараскрыцця паэта. Навідавоку – «глабалізацыя» некаторых традыцыйных тэм, як тэма радзімы, інтымная тэматыка, філасофскае асэнсаванне быцця, прыродная тэма, якія, нягледзячы на шматлікія выбухі і крызісы ХХ ст., засталіся дамінантнымі ў творчых пошуках беларускіх паэтаў. І гэта тэндэнцыя прасочваецца ў вершах Ніны Маеўскай, апублікаваных у «Полымі». Жаночы голас у вялікім шэрагу паэтычных галасоў гучыць у своеасаблівым нотным рэгістры. Чым гэта абумоўлена? У першую чаргу тым, што прырода паэтычнага таленту жанчыны–паэтэсы, як і яе існасці, мае фемінны/фемінінны характар; па–другое, жанчыны–паэтэсы не супернічаюць з мужчынамі, а шукаюць свае эстэтычныя эквіваленты рэчаіснасці, свае спосабы самаідэнтыфікацыі ў мностве школ, накірункаў і плыняў.

Так, 70–80–ыя гады хаця і вызначаліся адназначнай ідэалагізаванай накіраванасцю мужчынскай улады, падпарадкаванай і падпарадкуемай ідэі камуністычнай будучыні, але ў галіне мастацтва з’явіліся пэўныя свабоды, звязаныя з індывідуалізацыяй творчага самавыяўлення. Да пакалення семідзесятнікаў можна аднесці і Ніну Маеўскую. У «Полымі» не аднойчы друкаваліся яе вершы, у якіх адлюстраваўся сінтэз розных ідэалагем жаночага. На думку Э. Шоуэлтер, одной з даследчыц гендэрнай праблематыкі, самавыяўленне жанчыны ў свеце патрыярхатных норм праходзіць тры стадыі: 1) імітацыі мужчынскіх стандартаў (фемінная стадыя); 2) фазу пратэсту (фемінісцкая); 3) фазу самавызначэння (фемальная). Але ў реальнасці гэты стадыі часта суіснуюць адначасова. У поўнай меры гэта назіранне тычыцца сучаснай жаночай беларускай паэзіі, у прыватнасці і Ніны Маеўскай. Яе творы, прадстаўленыя ў «Полымі» – сінтэз асалоды ад сузірання прыроды, шчымлівай роспачы ад разумення таго, што ўжо многае ў мінулым, радаснага ўспрыняцця магчымасці пазнаваць гэты свет у чароўнасці супярэчнасцей і г. д. Ідэалістычны бок самараскрыцця яе жаночай прыроды адлюстраваны ў радках:

…Як вокны завесіць бялюткая замець,

Абудзіцца на адзіноце заснулая памяць.

І прывідам стане ўся ў белым дзяўчына.

Нябеснымі звязаны з ей ты шляхамі,

Азяблай душою і нават – грахамі.

(***З якое прычыны, з якое нагоды…) [1, c. 89].

Руская, і менавіта руская класічная літаратура, стварыла цудоўныя ідэалізавана–містыфікаваныя ўзоры жаноцкасці, як, напрыклад тургенеўская дзяўчына, ідэальная маці Льва Талстога, Чароўная Дама Аляксандра Блока і г. д. Не будзем праводзіць прамых тыпалагічных паралелей, але «дзяўчына ўся ў белым» – гэта таксама ідэальная сутнасць жанчыны, адлюстраваная праз міфілагізаваны паэтычны вобраз. Гэта таксама свайго роду ідэальная фемінная мадэль, адпаведная мужчынскім жаданням і лесаваму наканаванню быць шчаслівай. Белы колер як колер чысціні, сумленнасці, узважанасці і безграхоўнасці. Гэтым эпітэтам суправаджаецца яшчэ адзін вобраз у вершах Маеўскай – белай птушкі: «Як белая птушка высока лунае! / Мне часам здаецца — / Сама дакрануся да зор!» (***Як люба мне ціхае поле…) [1, c. 91]. Лірычная гераіня Ніны Маеўскай ва ўспамінах, у марах і фантазіях вяртаецца да сябе ідэальнай, а ў рэальнасці трэба ўмець абжываць мноства іншых роляў, не заўседы прыемных і зусім не арганічных для яе жаночай існасці.

Толькі ведай – там не легка:

Трэба скрозь асцерагацца.

І пры тым – не ныць, не вохкаць,

А за шчасце – пазмагацца.

(***Азірніся! Свет прыгожы!) [2, c. 98].

Матыў змагання за свае шчасце – адзін з цэнтральных не толькі ў беларускай, але і ў славянскай літаратуры. У гэтым раскрываецца фаза пратэсту ў фарміраванні і адстойванні жаночага, хаця тут доля фемінісцкай актыўнасці ў многім умоўная. Нельга напрамую звязваць любое актыўнае дзеянне ў абарону сваіх правоў ці ў засваенні новых роляў дынамічнага парадку і г. д. з фемінісцкімі схільнасцямі асобы. Фемінізм зарадзіўся на стадыі канфлікта паміж старымі абавязкамі і новымі магчымасцямі ў рэалізацыі жаночага, а таму пасля глухога маўчання прагучаўшы на ўсю моц жаночы голас прымусіў чалавецтва пераглядзець іерархічную сістэму дачыненняў. Сення выступленне жанчыны ў адстойванні права на свабоду ў выбары ўласнай стратэгіі быцця не ўспрымаецца як злоснае незадавальненне феміністкі жыццем. Сацыяльная актыўнасць сучаснай жанчыны – не бестэрміновая праекцыя ў будучыню, а паступовае засваенне індэтэрмінаванай сутнасці паводзінскай мадэлі, за якой – разняволенасць, дэтэрмінаваная толькі агульнапрынятымі нормамі чалавечнага/ антычалавечнага ў дачыненнях. «Адпусці сябе на волю / Ў свет шырокі, часам жорсткі…» (***Азірніся! Свет прыгожы!) – просіць сябе гераіня, аднак за падобнымі рэфлексіямі стаіць боязь выхаду ў іншыя вымярэнні самапрэзентацыі.

Традыцыйныя мадэлі жаноцкасці падвяргаюцца ў сучаснай літаратуры не менш энергічнаму разбурэнню, чым устойлівыя прыхільнасці і нават кананізаваныя ў гісторыка–культурнай традыцыі ролевыя выкананні (маці, жонка, любімая жанчына і г. д.). У канцы ХХ ст. у славянскай літаратуры была ярка выражана тэндэнцыя на дэманстратыўнае вызваленне ад путаў феміннага як створанага і ўкараненага мужчынам. Сення галасы «прафеміністак» гучаць не так моцна і не так актуальна. «Жыць табе ўжо даволі / Залацістай краснаперкай» (***Азірніся! Свет прыгожы!) – праграміруе сябе лірычная гераіня Ніны Маеўскай, і ў вобразе «залацістай краснаперкі» зноў жа адлюстравалася стандартызавана–ідэалізаваная скіраванасць на агульнавядомае ў жаночым.

Самаіндэнтыфікацыя – вось мэта сучасных тлумачэнняў зместу «жаночага» і «мужчынскага», «жаночага» праз «мужчынскае». Паэткі не адчуваюць патрэбы ў апраўдваннях і не чакаюць пакаранняў, – яны ствараюць новую міфічную паэтычную рэальнасць, у якой ужо жанчыне надаецца імя і за яе ўчынкамі бачыцца адказная за ўсе выяўленні натуры асоба. А таму адбываецца працэс асобаснага вызначэння сутнасці «у – сабе», а праз гэта – выхад на выяўленне тапалогіі «жаночага»:

Не ведаю, хто я – такая дзівачка.

Спадарыня я ці кухарка… Мо прачка?

То шчодра я ўсім раздаю ўзнагароды,

То проста вымольваю кроплю свабоды.

Валодаю небам і птушкай лунаю,

То падаю нізка – ад смагі канаю.

І ледзьве іду я, апушчаны крылы,

І так мне гаркотна, і свет мне нямілы.

Здаецца, вось–вось мяне дух мой пакіне.

І хочацца быць мне тваею рабыняй.

То зноў паўстаю, путы ўсе разрываю.

Тады я сапраўднаю, мусіць, бываю.

Тады па плячу мне любая работа.

У радасць і сонца, і дождж, нават слота.

(***Не ведаю, хто я – такая дзівачка) [2, c. 100].

Знакам перамен, ломкі традыцыйных стэрэатыпаў з’яўляецца асэнсаванне сябе ў актыўнай ролі («зноў паўстаю, путы ўсе разрываю») сапраўднай жанчынай. У гэтым выяўляецца фаза пратэста, ужо набліжаная да фемінісцкай дэкларацыі аб свабодзе ад усіх свабод. Аднак за гучнымі словамі гераіні толькі парыў, а не пастаяннае дзеянне, усплеск эмоцый, а не абдуманая пазіцыя. Дух мкне ад нізін да вышынь і наадварот – і ў падобным полюсавым кругазвароце роляў раскрываецца асобасны патэнцыял лірычнай гераіні. Унікальнасць сучаснай жанчыны ў тым, што яна навучылася быць «мадэрновай» пры захаванні непарушным традыцыйнага «ядра» жаночай існасці. І гэта, безумоўна, адлюстравалася ў вобразах паэзіі. Спадарыня – кухарка – прачка – рабыня – сацыякультурныя ролі з псіхалагічнай дэтэрмінантай падпарадкавання. Але гераіня не цураецца залежнасці і занятасці, калі за гэтым знаходзіцца асэнсаваны выбар. І калі жанчына заяўляе: «Як і я, / Кошка любіць гуляць адна» (***Звечарэла…)[2, c.101], — то ў яе словах за падтэкстам не трэба шукаць капрызаў нелюбімай жанчыны ці выкліка пакінутай каханкі, гэта толькі асаблівасць натуры, пра якую не саромяцца гаварыць адкрыта.

Увогуле, у сучаснай паэзіі многія асабістыя тэмы сталі адкрытымі для творчага ўвасаблення, і ў гэтым бачыцца стаўшая ўстойлівай тэндэнцыя — свядомасць сучасніка, вызваліўшыся ад путаў розных ідэалагічных сістэм, стала здольнай не проста на рэфлексіі, а і на глыбокае філасофскае і псіхалагічнае самызначэнне. Асоба, яе ўнутраны свет апынуліся ў цэнтры паэтычных экзерсісаў.

Трэба мець смеласць,

Каб след пакідаць,

След, якім пойдуць

Упэўнена людзі!

(***Ветрана, ветрана…) [2, c. 102].

Гераіню турбуюць вечныя пытанні – і яна не прыкрываецца філасофіяй, як шчытом, ад невырашальных праблем ці любоўных пакут. Ей важна здзейсніцца ў самаідэнтыфікацыйнай катэгорыі людзей «свет несущих». Але пафасная філасофія сення не ў модзе. Усе часцей філасофскія развагі ў літаратурных творах адштурхоўваюцца ад прыземленых бытавых праблем ці ад расчараванняў ад пазнання другога, негатыўнага, боку наяўнага быцця. Як адзначыла І. Саўкіна, «важный момент – более современный и интересный – речь идет о кризисе культурной идентичности – о крахе, если хотите, логоцентризма – модели литературы больших философских идей – литературы метаповествований, которая отождествляется с культурой вообще и национальной культурной традицией. Она разрушается – это воспринимается как конец света и вина за гибель проецируется на женщину» [3, c. 44]. Наша сучасная беларуская літаратура ў мастацка–культурнай дынаміцы не перажывае такіх глабальных працэсаў і так відавочна, як руская літаратура, не губляе нацыянальных каранеў і нацыянальнага аблічча. Хаця праблема самаідэнтыфікацыі нацыі ўсе часцей гучыць у «жаночых тэкстах» паэзіі, як у Ніны Маеўскай:

Якое стагоддзе

Не можам пазбавіцца комы.

Крыху акрыяем, —

Трывожна пытаемся: хто мы?

…Як цяжка тарылі

У вольны свой край мы дарогу.

Чаму ж упадаем мы зноў

У знявер і знямогу?

(***Якое стагоддзе…) [2, c. 103].

Праблема самаідэнтыфікацыі нацыі напрамую звязана з працэсам асобаснай самаідэнтыфікацыі: чалавек выпадае з гісторыі, часу і прасторы без нацыянальнага самавызначэння, набывае рафінаваную, індэферэнтную сутнасць «без асаблівых прыкмет». У вершы «***Якое стагоддзе…» вырашэнне канфлікта паміж жанчынай і светам, асобай і нацыяй ў першую чаргу адбываецца не на ўзроўні сюжэта, а праз стыль, манеру самапрэзентацыі ў мастацкім тэксце: аўтарка з мацярынскай заклапочанасцю, з узрушанай інтанацыяй, з рытарычнымі пытаннямі падыходзіць да размовы пра значнае, вялікае, тое, што дазваляе ей сказаць шчыра, ўпэўнена «тут мая Радзіма», і не толькі «памерці за Айчыну», але і «навучыцца Айчынаю жыць».

Гераіня жыве ў згодне з патрыярхальнымі каштоўнасцямі (супраць якіх выступае фемінісцкая крытыка) у вызначэнні стратэгій уласнага жыцця, і такая адданасць традыцыі толькі падкрэслівае прыгажосць яе жаноцкасці, адухоўленай мудрасцю: «І так хочацца… хочацца быць / Памяркоўнай, вяселай і мудрай / І дабро не пазніцца рабіць» [2, c. 104]. Сентыментальныя метафары мацярынскага, цеплага, лагоднага і светлага прасякваюць вершы Ніны Маеўскай. Гэта тая сентыментальнасць, якой падчас не хапае маладому пакаленню паэтэс, што «ўскочылі» ў літаратуру, быццам у апошні цягнік электрычкі, і хутка, недзе вельмі паспешліва імкнуцца абжыць тыя абсягі быцця, якія яшчэ не прайшлі праз сэрца, розум і душу і не сталі ўласным вопытам. «Сентыментальшчына» старэйшых пакаленняў паэтаў нясе ў сабе думку, выпакутаваную доўгімі развагамі, эмоцыю, пройдзеную праз шматлікія ўзроўні душэўных пакут, і галоўнае – кантакт з чытачом, у якім моцнае сілавое поле прыцягнення паэтычнага радка, і жаданне вяртацца да прачытанага. Сентыменталізм у інтымных вершах, вершы–прысвячэнні сыну, у медытацыях–развагах і г. д. Ніны Маеўскай прымушае задумацца, узрушвае пачуцці – а ў гэтым і есць праўда мастацтва.

Літа­ра­ту­ра

1. Маеўская, Н. Светам правіць любасць: падборка вершаў / Н. Маеўская // Полымя. – 2007. – № 1.

2. Маеўская, Н. «Усміхаюся ранку як цуду…»: падборка вершаў / Н. Маеўская // Полымя. – 2008. – № 3.

3. Савкина, И. Женская проза и гендер в современной литературной критике (на примере журнала «Дружба народов» / И. Савкина // Огонек. – 2002. – № 9.

Калядка Святлана Уладзіміраўна
Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі

крыніца: http://www.gymnasiumluban.by/pages/zv_2.html

1

  Бібліяграфічны спіс твораў Да 65-годдзя з дня нараджэння

2

  Лірычная старонка (1)

3

  Лірычная старонка (2)

4

  Лірычная старонка (3)

Если вы нашли ошиб­ку, пожа­луй­ста, выде­ли­те фраг­мент тек­ста и нажми­те Ctrl+Enter.

4,426 про­смот­ров все­го, 2 про­смот­ров сего­дня

Метки: . Закладка Постоянная ссылка.

Добавить комментарий